Французскі суд не змог узгадніць рашэння па скарзе чатырох былых ахоўнікаў парыжскага аэрапорта Арлі, звольненых за адмову скараціць занадта доўгія бароды, паведамляе Associated Press.

Звальненне адбылося пасля актаў масавага тэрору ў Парыжы ў 2015 годзе. Усе чацвёра пазоўнікаў — мусульмане, і яны сцвярджаюць, што сталі ахвярамі дыскрымінацыі на глебе рэлігіі і знешняга выгляду ў сувязі з панікай, якая пачалася пасля актаў тэрору.

Яны патрабуюць, каб фірма Securitas выплаціла кожнаму з іх па 53 тысячы еўра кампенсацыі маральнай шкоды. Фірма ж у сваю чаргу адмаўляе ў гэтым. Прадстаўнікі Securitas тлумачаць, што гэта абсалютна законна патрабаваць, каб мужчынскі персанал з'яўляўся на працу з «кароткай, пастрыжанай і акуратнай барадою», не адмаўляючы ў праве яе насіць.

Адвакат пазоўнікаў звярнуў увагу суда на тое, што кожны з гэтых мужчын быў прыняты на працу менавіта з такою доўгаю барадою — і да здзяйснення тэрактаў у Парыжы 13 лістапада 2015 года працадаўцы гэта абсалютна не перашкаджала.

Паколькі склад з чатырох суддзяў не быў у стане ў чацвер узгадніць рашэння па гэтай прэцэдэнтнай справе, яна перададзеная на разгляд аднаасобнаму суду, які вынясе рашэнне ў найбліжэйшы час, паведаміў адвакат пазоўнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?