Гады тры таму заехаў да нас на выезд «Ваяра» хлапак год трыццаці, які прыцягнуў да сябе ўвагу тым, што ў ягонай машыне ці не на паўлабавіка вісеў чырвона-зялёны сьцяжок. Мы трошку пажартавалі з гэтага, але тэму не разьвівалі — галоўнае ня сьцяг, а тое, у якім накірунку ты рухаешся. У гэтага накірунак быў правільны — з чырвона-зялёным ён прыйшоў да бел-чырвона-белых.

Увечары за кацялком кашы з хлапаком, назавем яго Артурам, мы разгаварыліся — апынулася, што ён дзейсны АМАПавец. Усе, зразумела, зьдзівіліся: «Як так, ці ня будзе праблемаў?! — Ды якія праблемы, — адказаў той, — у вас адны погляды, у мяне іншыя, але мы будзем разам, калі на Беларусь нехта сунецца з Захаду ці Ўсходу». «Вельмі годна», — разважылі мы і тэму закрылі.

Выездаў некалькі з намі Артур патусаваўся і потым зьнік, а знайсьці яго не было як — тэлефон, каб не нашкодзіць, не занатоўвалі. Цераз месяцаў колькі праз трэціх асобаў мы даведаліся, што ў Артура праблемы на працы. На нашы прапановы неяк дапамагчы і агучыць сітуацыю Артур адказваў радыкальна адмоўна. Спачатку яго пачалі цкаваць за ўдзел у спартовых выездах пад бчб, потым навешалі спагнаньняў і выгналі са службы, а пад канец цапнулі пасярод горада, адпрацаванымі на апазыцыі рухамі намялі бакі, закінулі ў бус і павезьлі на Акрэсьціна. Артура мы больш ня чулі і ня бачылі.

І літаральна сёньня жонка спынілася на скрыжаваньні. З правага боку пасажыра радасна сігналіць машына, я апускаю вакно і бачу старога сябра — экс-амапаўца Артура, у салоне машыны якога вісіць бел-чырвона-белы сьцяжок. Я ажно падскочыў: «О! Круты сьцяг! — Так, — ківае той». Мы пасьпелі перакінуцца параю фразаў — і разьехаліся. Але я дагэтуль знаходжуся пад уражаньнем эпічнасьці карціны, шчэ за год дванаццаць перад тым прадказанай Лявонам Вольскім.

І вось хто б і што б не выдумляў пра еднасьць чырвона-зялёнага і бел-чырвона-белага — усё гэта дурасьць у лепшым выпадку. А ў горшым, — калі чалавек адкладае бел-чырвона-белы сьцяг, каб узяць чырвона-зялёны і стварыць ілюзію еднасьці, — хлусьня.

Цікавую рэч неяк я заўважыў у Бібліі. Ведаеце, хто першымі пазнавалі і абвяшчалі Хрыста? Можа гэта вас зьдзівіць, але гэта бесы. Пакуль народ лыпаў вачыма, бесы падалі перад ім і крычалі: «Што Табе да нас, Сын Божы?!» Гэта дзіўна, аднак у нашым жыцьці часта адбываецца тое самае: бесы першыя пазнаюць праўду. Пакуль народ лыпаў вачыма, вусаты бес першы зразумеў, што сьцяг мае значньне. Менавіта таму канстытуцыйны пераворот пачаўся не з перапісваньня канстытуцыяў і разгону парламантаў, але з мовы і сьцяга.

Падабаецца гэта камусьці ці не, але мае значэньне, што напісана на тваёй машыне: Мэрсэдэс ці Лада, бо ўнутраная сутнасьць кожнай зьявы выяўлена вонкава. Чаму людаеды КНДР/ДНР/ЛНР і іншых так цягне на камуністычную зорку? Чаму нацысты так прыляпіліся да свастыкі? Чаму амапаўцы пад чырвона-зялёным зьбіваюць дзяцей і жанчын, а калі амапавец хоць зірнуў у бок бел-чырвона-белага, то ён ужо ня можа быць амапаўцам?

І хоць у сьвеце багата швондзераў, што хочуць ісьці пад двума сьцягамі, але прыклад Артура даказвае нам: ня можа быць некалькі праўдаў і ня можа быць некалькі сьцягоў. Бо як адзначыў шчэ Эўрыпід, скажы мне, пад якім ты сьцягам — і я скажу табе, хто ты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?