59.ru
У школе №127 у расійскай Пермі раніцай 15 студзеня адбылося надзвычайнае здарэнне. Двое мужчын у масках напалі на навучэнцаў школы.
Па дадзеных мясцовага выдання 59.ru, нападнікі былі ўзброеныя нажамі, яны ўвайшлі не праз галоўны ўваход, дзе знаходзіцца ахоўнік, а нехта ім адамкнуў дзверы іншага ўваходу.
— У нас быў урок геаграфіі на трэцім паверсе школы, дзе гэта ўсё і адбылося, — паведаміў 59.ru 10-класнік Павел. — Мы пачулі пажарную трывогу, пасля чаго настаўнікі нас пачалі выводзіць з класаў. Калі мы выходзілі, праз кожныя пяць метраў бачылі кроплі крыві. Калі мы выйшлі, на трэцім паверсе з акна ішоў дым. Першапачаткова нам казалі, што нібыта лямпа там выбухнула і аскепкамі патрапіла на дзяцей.
Са слоў аднакласніка я даведаўся, што ў школу зайшоў старонні чалавек — адзін ці нават двое - парэзалі нажом нашага настаўніка хіміі і яшчэ некалькі дзяцей.
— Маёй жонцы ў школе паведамілі, што двое з нажамі напалі на настаўніка хіміі і вучняў у 39 кабінеце, прычым ўдары наносілі максімальна ў вобласць шыі, — распавёў бацька аднаго з вучняў Павел.
Паведамляецца, што дзяцей забралі пяць машын хуткай дапамогі. Паводле 59.ru са спасылкай на ўлады Пермі, параненыя восем дзяцей і настаўнік.
«У школе дзевяць пацярпелых, з іх жанчына (настаўнік) і дзіця 16 гадоў з раненнямі шыі ў цяжкім стане, абодва накіраваныя ў гарадскую клінічную бальніцу №4. На дадзены момант пацярпелым ужо праводзяцца аперацыі. Частка дзяцей уцякла ў гандлёвы цэнтр, хуткая правяла агляд на месцы. Астатнія пацярпелыя ўжо агледжаны дактарамі, выяўленыя нязначныя павярхоўныя траўмы, яны накіраваны на агляд у Дзіцячую краявую клінічную бальніцу», - растлумачылі 59.ru ў Пермскім міністэрстве аховы здароўя.
59.ru
У сваю чаргу прадаўцы ГЦ «Кіт» распавялі, што да іх прыбеглі спалоханыя дзеці, чалавек 12-13. Трое былі з парэзамі. Дзеці расказалі, што напалі падлеткі гадоў 16. Спачатку паранілі настаўніка і дзяцей, потым адзін з нападнікаў стаў рэзаць сябе.
Паведамляецца, што нападнікі затрыманыя
Як паведамілі ў мясцовым Следчым камітэце, паміж двума школьнікамі адбылася бойка з прымяненнем халоднай зброі (нажоў), якую спрабавалі прадухіліць педагогі і школьнік, — паведамілі следчыя. — У выніку навучэнцам і педагогу прычыненыя нажавыя раненні. Распачата справа па артыкуле «Замах на забойства двух і больш асоб».