Саудаўская Аравія правяла першы за амаль 40 гадоў публічны кінапаказ. Фестываль анімацыйных фільмаў для ўсёй сям'і праходзіць у горадзе Джыда на ўзбярэжжы Чырвонага мора за некалькі месяцаў да вяртання вялікага кіно на экраны каралеўства, паведамляе ТАСС.

На працягу тыдня дзеці і іх бацькі змогуць паглядзець у пераабсталяваных залах Цэнтра культур і мастацтваў Джыды амерыканскія мультфільмы Captain Underpants: The First Epic Movie («Капітан споднікі: Першы эпічны фільм) і The Emoji Movie («Эмоджы фільм»). Паказ арганізаваў першы саудаўскі кінапракатчык — Cinema 70.

Публічная дэманстрацыя фільмаў у кінатэатрах была забароненая ў Саудаўскай Аравіі яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя пад ціскам святароў, якія лічылі публічныя сходы і забаўляльныя мерапрыемствы «рассаднікам распутства». У сувязі з гэтым шмат якія падданыя спецыяльна ездзілі «у кіно» ў суседнія Бахрэйн і ААЭ.

Аднак у снежні 2017 года саудаўскія ўлады анансавалі адкрыццё першых за многія дзесяцігоддзі публічных кінатэатраў ўжо ў сакавіку 2018 года. Профільнае ведамства пачало выдаваць ліцэнзіі і на працягу 90 дзён у саудаўскіх гарадах запрацуюць паўнавартасныя кіназалы.

Агулам, згодна з праграмай «Бачанне-2030», запланаванае адкрыццё 300 кінатэатраў на 2 тыс. залаў. Паступленні ў казну ад вяртання кіно чакаюцца ў памеры каля $24 млрд у год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0