Беларусь мае вялікія амбіцыі стаць сапраўднай IT-краінай. Дзяржава і IT-супольнасць разам удасканальваюць заканадаўства, і Беларусь нацэлена на тое, каб ужо ў найбліжэйшай перспектыве прыцягваць IT-спецыялістаў з суседніх краін. Але нечакана ў Беларусі можа ўзнікнуць канкурэнт на поўдні — Украіна. Менавіта гэтая краіна, а не Беларусь, тэарэтычна можа стаць IT-цэнтрам Усходняй Еўропы, нягледзячы на ўсе свае палітычныя праблемы і канфлікт з Расіяй. 

Маштабы Украіны і наяўнасць вялікіх гарадоў

У параўнанні з Беларуссю, Украіна — вялікая краіна. Яна мае больш буйных гарадоў і тэхнічных універсітэтаў, якія рыхтуюць IT-спецыялістаў. Калі ў Беларусі амаль уся распрацоўка канцэнтруецца ў сталіцы, ва Украіне сітуацыя якасна іншая. У Кіеве жыве менш за палову ўсіх праграмістаў краіны — акрамя сталіцы, буйнымі IT-цэнтрамі з’яўляюцца Харкаў, Львоў, Адэса і Дняпро. У адным толькі Львове працуе каля 20 тысяч праграмістаў, якія за 2016 год прыцягнулі ў краіну 518 мільёнаў даляраў. Вось такое размеркаванне IT-спецыялістаў па гарадах было ва Украіне ў 2015 і 2016 годзе.

Размеркаванне IT-спецыялістаў па гарадах Украіны за 2015 і 2016 год, дадзеныя dou.ua

Размеркаванне IT-спецыялістаў па гарадах Украіны за 2015 і 2016 год, дадзеныя dou.ua

У Беларусі ж сітуацыя горшая. Мінск валадарыць і дамінуе, а ў рэгіёнах IT-сфера мала развітая. Згодна са справаздачай EY, у Мінску цяпер працуе каля 89% беларускіх айцішнікаў. 

І гэта не дзіўна, бо большасць кадраў для IT-сферы рыхтуецца менавіта ў Мінску. Пераважная большасць беларускіх праграмістаў скончыла БДУІР альбо БДУ.

Моцныя рэгіянальныя тэхнічныя ўніверсітэты

Ва Украіне сітуацыя якасна іншая. Праграмістаў рыхтуюць не толькі ў Кіеве — моцныя рэгіянальныя тэхнічныя ўніверсітэты ёсць у Харкаве, Львове, Дняпры.

Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт радыёэлектронікі.

Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт радыёэлектронікі.

Апошнія гады адбываецца сапраўдны бум і ў нефармальнай адукацыі. IT расце такімі вялікімі тэмпамі, што класічная адукацыя проста не паспявае рыхтаваць спецыялістаў для ўкраінскай IT-сферы, таму з’явілася вялікая колькасць самых разнастайных IT-курсаў для пачаткоўцаў. Але нават яны не здольныя ліквідаваць той дэфіцыт, які ўтварыўся на ўкраінскім IT-рынку.

Імклівы рост

Толькі за 2017 год украінскі рынак IT узрос на 27%. Ужо цяпер ва Украіне налічваецца каля 127 тысяч тых, хто працуе ў сферы IT. А да 2020 года іх колькасць дасягне 200 тысяч. 

Дадзеныя па колькасці IT-спецыялістаў ва Украіне.

Дадзеныя па колькасці IT-спецыялістаў ва Украіне.

За 2017 год украінскі экспарт IT-паслуг узрос на 20% і дасягнуў адзнакі 3,6 мільярда даляраў. Беларускі ПВТ пакуль не публікаваў афіцыйныя вынікі дзейнасці за мінулы год, але прагназуецца, што экспарт IT-паслуг дасягнуў адзнакі 1 мільярд даляраў.

Заробкі і якасць жыцця

Заробкі ў IT-сферы ў Беларусі і Украіне амаль аднолькавыя. Больш за тое, яны ўжо не так істотна адрозніваюцца ад заробкаў калег у развітых краінах Заходняй Еўропы і ЗША. Але калі ўлічыць, што Украіна з’яўляецца вельмі таннай краінай для пражывання (у параўнанні з Беларуссю, Заходняй Еўропай і ЗША), пакупніцкая здольнасць ва ўкраінскага праграміста адна з самых высокіх у свеце.

Мы вырашылі спытаць у спецыялістаў з Беларусі і Украіны, каго яны бачаць у будучыні IT-лідарам Усходняй Еўропы і ці будуць Беларусь і Украіна канкурэнтамі ў гэтай сферы.

Юрый Зісер, заснавальнік TUT.BY

Лідарства можна разумець па-рознаму. Лідарства ў чым? Калі ў экспарце ІТ-паслуг на душу насельніцтва, то ў нас цудоўныя пазіцыі ў рэгіёне, якія з часам павінны толькі ўмацавацца. У агульным аб'ёме экспарту ІТ-паслуг мы саступаем многім дзяржавам, у тым ліку найбліжэйшым суседзям, у тым ліку ўтрая прайграем Украіне. Калі ўлічваць, што насельніцтва Беларусі ў чатыры разы меншае за насельніцтва Украіны, нічога дзіўнага ў гэтым няма.

Аднак лідарства ў рэгіёне другараднае, таму што краіна — толькі адзін з фактараў пры выбары партнёра, прычым далёка не галоўны. Заказчыкі выбіраюць не краіны, а партнёраў. Ды і само паняцце краіны нівеліравалася, паколькі ў большасці буйных рэгіянальных ІТ-кампаній ёсць сетка прадстаўніцтваў за мяжой. Для заказчыкаў з ЗША EPAM Systems — цалкам сабе амерыканская кампанія, а дзе тэрытарыяльна размяшчаюцца шматлікія офісы распрацоўкі, заказчыкаў мала цікавіць, паколькі ўсю адказнасць па дамове нясе амерыканская кампанія.

Справа не ў «рэгіянальным лідарстве», а ў іншым: ІТ-дэкрэт стварыў умовы, пры якіх беларускія ІТ-кампаніі атрымалі цэлы шэраг канкурэнтных пераваг перад кампаніямі суседніх дзяржаў. Гэта дае надзею, што наша ІТ-галіна будзе развівацца хутчэй, чым у суседніх краінах. Пры гэтым не важна, якое месца ў рэгіёне мы зоймем: хай падлікамі займаюцца спецыялісты па статыстыцы. Важна тое, якую ролю ІТ-галіна займае ў нашым ВУП, што дае нашай краіне, у якіх умовах працуюць нашы ІТ-кампаніі і як нашы кампаніі будуць выйграваць тэндары. А з гэтым у нас усё ў парадку.

Усевалад Шашарын, Front End Developer з Беларусі, які працуе ў Luxoft Ukraine (Кіеў)

Заробкі праграмістаў за гадзіну працы ў Кіеве ў сярэднім адсоткаў на 20—25% вышэйшыя, чым у Мінску. Я зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік і зарплата мне прыходзіць у далярах наўпрост з Амерыканскіх Віргінскіх Выспаў. Я плачу з яе 5% падатку і 30 даляраў сацыяльнага страхавання. Наколькі я памятаю, у Беларусі нават супрацоўнікі кампаній-рэзідэнтаў ПВТ (а туды яшчэ трэба патрапіць) плацяць 9% падаходнага, і выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва таксама вышэйшыя. Буйныя аўтсорсеры не заводзяць грошы ва Украіну, і карпаратыўныя падаткі таксама максімальна аптымізуюць. Такім чынам праграміст ва Украіне атрымлівае ў сярэднім на рукі больш, чым атрымліваў бы ў Беларусі. Дзяржава і бізнэс знаходзяцца ў згодзе з гэтай схемай — ніхто не спрабуе яе ўрэгуляваць.

Украінскі рынак адназначна больш дынамічны. Кожны дзень я атрымліваю тры-пяць паведамленняў у LinkedIn у стылі «калі ласка, разгледзьце нашу крутую вакансію». Гіганцкае кам’юніці — кожны дзень адбываюцца нейкія івэнты, тэматычныя канферэнцыі. Ёсць шмат людзей, якія будуюць бізнэс-канцэпцыю вакол айцішнікаў — жылыя комплексы для айцішнікаў, спартзалы для айцішнікаў, сайты з вакансіямі толькі для айцішнікаў, і гэтак далей. Кампаній больш, і самі яны таксама большыя — я наўскідку магу ўзгадаць з больш-менш буйных беларускіх аўтсорсераў хіба што Epam і iTransition. Тут у адной толькі кіеўскай лакацыі маёй кампаніі Luxoft працуе тры тысячы чалавек (а ёсць яшчэ офіс у Адэсе). Ёсць сур'ёзныя R&D дэпартаменты, напрыклад Samsung. Аўтсорсераў — неверагодная колькасць. EPAM, Luxoft, DataArt, GlobalLogic, SoftServe, Miratech, Infopuls — гэта толькі тое, што змог узгадаць з катэгорыі 1000+ супрацоўнікаў і толькі ў Кіеве. Буйныя IT-хабы акрамя Кіева: Львоў, Адэса, Харкаў. Там заробкі крыху ніжэйшыя, чым у Кіеве, але і жыць там таксама танней. Украінскія праграмісты працуюць на Боінг, Дойчэ Банк, UBS. Не ведаю, што ў Беларусі цяпер з праектамі, але ва Украіне сур'ёзных заказчыкаў больш.

Рынак расце на 20% у год. Украіна дазваляе іншаземцам знаходзіцца без візы 90 дзён (а потым можна выехаць і зноў заехаць), гэта зручна.

Офіс Samsung у Кіеве.

Офіс Samsung у Кіеве.

Ёсць сур'ёзныя тэхнічныя ВНУ ў Харкаве, Львове, Дняпры (у Беларусі адзін БДУІР). Тым не менш, галіна расце хутчэй і кадраў бракуе. У мяне ў камандзе працуе хлопец з Ерэвана, ёсць шмат беларусаў, рускіх — Украіна без праблем робіць ім пастаянныя дазволы на жыхарства. Існуе шмат усялякіх курсаў а-ля «хуткі ўваход у IT». Канкурэнцыя за кадры сур'ёзная — аўтсорсеры рэальна б'юцца за праграмістаў.

Інтэрнэт танны і вельмі хуткі — у мяне дома гігабітная безлімітная паласа за 6 даляраў у месяц. У Беларусі пра такое можна толькі марыць.

З мінусаў, калі пачалася вайна, закруцілі гайкі ў плане валютнага рэгулявання — 50% валютнай выручкі (маёй зарплаты) трэба прадаваць на міжбанку. Але ходзяць чуткі, што гэта вось-вось адменяць.

Ва Украіне больш спецыялістаў, больш ВНУ, якія рыхтуюць спецыялістаў, вышэйшыя заробкі за гадзіну працы. Дзяржава не лезе ў галіну, а ў Беларусі дзяржава спрабуе яе актыўна падтрымліваць і рэгуляваць. Што лепш — пытанне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?