Самы дасканалы рускі раман мінулага года, які напэўна збярэ сноп літаратурных прэміяў у 2018-м, пабудаваны вакол постаці дзяўчыны-інтэлектуалкі. Яе кахаюць і ненавідзяць, яна разлучае радавітыя маскоўскія заручыны і вылузвае герояў з нібыта шчаслівых стасункаў. Яна ўладарная, рыхтык каралева Бона ў Караткевічавай «Ладдзі Роспачы». І, як тая ж каралева Бона, самотная. Гераіня (а завуць яе Ніна) — нешта сярэдняе паміж Настассяй Філіпаўнай з «Ідыёта» Дастаеўскага і Пячорыным з «Героя нашага часу». Яна — «ганарлівая, высакародная, разумная, але пры гэтым скончаная вар’ятка», як тлумачыў нам вобраз Настассі Філіпаўны школьны падручнік.

Чаму я пішу вам пра гэтую «чужую» нам Ніну? Усё проста: Ніна тая — беларуска. І гэты вобраз — нешта прынцыпова новае ў тым, як нас, мінчукоў, пачалі ўспрымаць некалі грэблівыя да «панаехалых» масквічы.

Кніга, пра якую я кажу, называецца «Тэкст». І калі ў вас ёсць трое сутак вольнага часу — тэрмінова пампуйце яе і рыхтуйцеся сутыкнуцца з нечым такім жа моцным, як «дэтэктывы» Дастаеўскага, і напісаным не горш за ранняга Сарокіна.

Стварыў «Тэкст» той самы Зміцер Глухоўскі, які да ўчарашняга дня быў вядомы выключна як аўтар фантастычна-прыгодніцкай серыі «Метро 2033». Уласна, гучны поспех постапакаліптычнага казання зрабіў Змітра нябачным для аматараў сур’ёзнай прозы. Ужо зборнік апавяданняў «Расказы пра Радзіму» быў вартай увагі спробай адмовіцца ад фантастычных сюжэтаў і прысвяціць сябе жорсткай сучаснай паўсядзённасці. Але мільён асобнікаў «Метро», якія прадаліся па ўсім свеце пасля таго, як Глухоўскага рызыкнулі выдаць на паперы (спачатку ён атрымаў адмовы ад усіх маскоўскіх выдаўцоў), а таксама тры камп’ютарныя гульні, зробленыя па матывах «Метро», надзейна замацавалі Глухоўскага ў «жанравай» нішы. Быў шанец, што «Тэкст» трапіць роўна ў тую ж рэпутацыйную пастку: у Беларусі дык дакладна так і адбылося б. Бо папулярнасці тут не прабачаюць. Але пад канец года «Тэкст» заўважылі і пачалі раіць не толькі на «Медузе», але і на спецыялізаваных літаратурных сайтах.

Пачынаецца раман з таго, што галоўны герой Ілля вяртаецца дадому з турмы, у якой правёў сем гадоў па сфальшаваным абвінавачанні. Ніякай палітыкі: падчас рэйду ў клубе Ілля зачапіўся з аператыўнікам Пецем, які проста для навукі падкінуў яму пакецік з «какосам». Той пакецік і скалечыў маладосць Іллі. Вярнуўшыся ў Маскву, Ілля бачыць, што ўсё колішняе жыццё сышло: у яго болей няма ні сям’і, ні каханай, ні будучыні. А таму выпівае пляшку гарэлкі, вылічвае аператыўніка Пецю праз ягоны Інстаграм і акуратна пратыкае яму шыю нажом. Пасля скідвае Пецю ў каналізацыю, забірае ягоны тэлефон і выпраўляецца дадому дапіваць.

Напісанае вышэй дакладна не заспойліць вам сюжэт, бо ёсць толькі ўверцюрай. Далей Ілля, усвядоміўшы, што Пецю не знайшлі, залазіць у Пецеў тэлефон і пачынае жыць за нябожчыка ягонае жыццё. Імкнучыся адцягнуць пачатак росшуку, ён запэўнівае родных Пеці, што той «на заданні»; супрацоўнікаў — што той захварэў. Ён вучыцца пісаць як Пеця, лаяцца як Пеця, адбрэхвацца ад начальства як Пеця. Ён робіцца Пецем і нават змудраецца ўлезці ў складаную схему з каўказцамі, вынікам якой можа быць паспяховая эміграцыя ў Калумбію з чвэрцю мільёна еўра ў кішэні.

Але тут уступае беларусачка. «Наша» Ніна. Дзяўчына, у якую быў безнадзейна закаханы Пеця і ў якую — гэтаксама безнадзейна — утрэскваецца ўладальнік экстракту Пецевай душы, адлітага ў форму айфона. Ніна відавочна не падабалася Пецевым родзічам. Уласна, праз Ніну Пецеў бацька, генерал МУС, страчвае сваю пасаду і заўчасна ідзе на пенсію. Бо Пеця быў заручаны з Ксеняй — разбэшчанай дачкой намесніка міністра, што жыла «ў харомах», упрыгожаных сталінскай ляпнінай з «касцяной мукі». У гэтым вобразе, які вымалёўваецца з Пецевых з Ксеняй смс, мы бачым партрэт маладзяватай барыні, нечым падобнай да аднайменнай кандыдаткі ў прэзідэнты: «Яна халёная была, але не прыгажуня. Русавалосая, шэравокая. Твар паўнаваты і праставаты, хаця падпраўлены, здаецца, майстрам. А скрыўленая ўвесь час была так, як у папялушак і ў шмар не бывае, як бы ні намагаліся. Усе гэтыя машыны, выспы-пальмы — яна не турысткай выглядала на іх фоне, але мясцовай. Памешчыцкі гонар у ёй быў, прыроджаны».

І вось такую выгадную партыю нябожчык Пеця мяняе на «нашу» Ніну. Характар і знешнасць Ніны збіраецца Глухоўскім з россыпу дэталек. Падчас знаёмства Пеця і Ніна дамаўляюцца пра паход у кіно: Пеця па-барыжніцку прапануе «Рабаванне па-амерыканску», Ніна яго папраўляе: «Нізашто! Падказка шэптам: згодная на «Бёрдмана». І далей, калі Пеця запрашае яе ў «мэйнстрымны» кінатэатр «Акцябр», яна карэктуе: «Ідзем у «Піянер» глядзець на англійскай, але квіткі і папкорн з мяне». І калі Пеця дае зразумець, што не ведае англійскай, дзяўчына абяцае «перакладаць на вуха».

Каб не даць фальшаку ў смс Ніне ад імя Пеці, Ілля змушана вывучае гісторыю зносін Пеці і Ніны, праглядае іх сумесныя відосы, бачыць сцэнку, дзе Ніна, незадаволеная прымітыўнасцю Пецевых густаў, ставіць каханаму неверагодна прыгожую Take a Fall Джэймса Блэйка. Ілля бачыць, як Пеця і НІна сварацца, як мірацца, як кахаюцца і сумуюць. Пра тое, што Пеця здраджвае Ніне, Ілля ведае з другіх смс-трэдаў у тэлефоне. Ілля спрабуе зразумець Ніну: «Колькі ёй гадоў? Дваццаць і яшчэ. Ці верыць яна ў тое, што казала? У дваццаць і яшчэ, можа, і верыць. Пакуль людзі не пакусаюць, на свет любую прыгожую тэорыю прымяніць можна. Любую саплівую. А потым ужо верыцца толькі ў тое, што з табой самім адбылося».

У Іллі пачынаецца асабістае з Нінай — ён піша ёй пяшчотна з Пецевага тэлефона і забываецца, што ён не каханак, а забойца каханага. Ён карэктуе Нінін лёс, даючы ад імя Пеці парады і прымаючы за гэтых дваіх — нябожчыка і каханую — выратавальныя рашэнні.

У Ніну, якую прыдумаў Глухоўскі, вельмі проста паверыць. І закахацца. У нечым гэта вобраз ідэальнай дзяўчыны — яе ідэальнасць падкрэсліваецца яшчэ і тым, што Ілля не можа дацягнуцца да яе. Усе рэгістры цялеснасці — абдымкі, пацалункі, пах, дыханне — для яго недасяжныя. А таму змешчаныя ва ўяўленне, якое старанна дадае чараў.

І вельмі прыемна, што гэткі прывабны, значны персанаж у сучаснай рускай прозе атрымаў беларускую прапіску. Як гэта часцяком здараецца з ідэальнымі каханымі, Ніна пакідае ўражанне істоты, якая прыйшла крышачку з іншага свету. Яна не тутэйшая для Масквы, у гэтым горадзе ўсё канфліктуе з Нінінай еўрапейскасцю, адукацыяй і густам. Калі б я быў рускім чытачом рамана Глухоўскага, падчас наступнай вандроўкі у Мінск на травеньскія выходныя я б паставіўся да літаратуры, музеяў і музыкальнага жыцця гэтага горада значна больш пільна, чым да рэстарацый і бараў, як гэта адбываецца сёння.

І за кшталтаванне такога вобразу Беларусі і яе сталіцы я хацеў бы сказаць Змітру шчыры дзякуй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?