17.01.2018 / 09:09

У Гомелі судзяць мужчыну, што парэзаў пры затрыманні трох міліцыянтаў. Ён запэўнівае: самаабарона 18

У Гомелі пачаўся суд над 31-гадовым мазырчуком Андрэем Рабешкам, што параніў падчас уласнага затрымання трох супрацоўнікаў міліцыі. Ён абвінавачваецца адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — «Крадзеж групай асоб» і «Замах на забойства дзвюх і больш асоб у сувязі з ажыццяўленнем iмi службовай дзейнасці». Паводле версіі следства, спачатку ён з саўдзельнікамі здзейсніў крадзеж, а калі міліцыянты прыйшлі яго затрымліваць — аказаў ім адчайны супраціў. Абвінавачаны кажа, што «прыняў міліцыянтаў за бандытаў і бараніў ад іх сям'ю».

Інцыдэнт адбыўся на досвітку 30 красавіка мінулага года. Мужчыну затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗ і АМАПа Гомельскага УУС, проста ў двары яго дома. У выніку абвінавачаны параніў трох.

Аперупаўнаважаны абласнога ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджанні, а вось двух супрацоўнікаў АМАПа давялося тэрмінова везці ў рэанімацыю: адзін з іх атрымаў шматлікія раненні — у тым ліку ў грудную клетку, — другі быў паранены ў жывот. Усе трое прызнаныя пацярпелымі.

Яшчэ адзін пацярпелы па справе — мужчына, у якога незадоўга да гэтага, паводле матэрыялаў справы, абвінавачваны з саўдзельнікамі скраў тэхніку і асабістыя рэчы на 1300 рублёў. Але гэты пацярпелы ў суд не з'явіўся, матываваўшы сваю адмову «адсутнасцю грошай для паездкі з Мазыра ў Гомель». У справе, дарэчы, ёсць і яшчэ адзін абвінавачаны — галоўны інжынер адной з мазырскіх кампаній: ён разам з Рабешкам і ўчыніў той самы крадзеж. Цяпер мужчына знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Тое, што працэс не будзе хуткім і простым, стала зразумела адразу.

У абвінавачанага пры сабе спісаны дробным почыркам паўагульны сшытак, яго ён не выпускае з рук. У самым пачатку судовага пасяджэння перш за ўсё агучвае хадайніцтва аб адводзе суддзі. Тлумачыць недаверам да суда: Рабешка ўпэўнены, што суддзя ўжо прадвызначыў вынік справы.

— Тут напісана: «Узяты пад варту ў сувязі з цяжарам здзяйснення злачынства». Але я сябе наогул не прызнаю вінаватым, я дзейнічаў у межах артыкула 34 КК (самаабарона), — кажа Рабешка.

Пазіцыю абвінавачанага, зразумела, падтрымаў і яго адвакат.

Аднак, параіўшыся, суд вырашыў у задавальненні хадайніцтва аб адводзе суддзі адмовіць — «з прычыны яго неабгрунтаванасці».

Пазней абвінавачаны папрасіў змяніць парадак судовага следства: першым дапытваць не яго, а пацярпелых і сведак. Гэтую просьбу Рабешкі суд задаволіў.

Допыт пачалі з міліцыянта, у той час працаваў старэйшым аперупаўнаважаным 8-га ўпраўлення УБАЗіК. З яго аповеда карціна выглядала так: паводле наяўнай у міліцыянтаў інфармацыі, да кватэрнага крадзяжу, учыненага ў Мазыры раней, быў датычны Рабешка і яшчэ два чалавекі. Міліцыянты па даручэнні следчага прыбылі ў Мазыр для аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Адну падазраваную знайшлі адразу, другога мужчыну дома не засталі. Рабешку вырашылі «браць» раніцай 30 красавіка. Два міліцыянты і двое супрацоўнікаў АМАПа прабраліся на двор і пад легендай, маўляў, закранулі аўтамабіль гаспадара дома, выманілі яго на вуліцу.

Сталі затрымліваць, у працэсе крычалі «Стаяць, міліцыя!» — але нечакана ў руках абвінавачанага з'явіўся нож.

Першыя ўдары атрымалі амапаўцы. Затым пад раздачу патрапіў супрацоўнік УБАЗіК, што прыбег на дапамогу калегам. Нападніка ўдалося затрымаць, ужыўшы газавы балончык.

Пасля допыту першага пацярпелага ў яго адрас пасыпаліся удакладненні ад абароны абвінавачаных. Але больш актыўна ўсіх быў сам Рабешка, які літаральна заваліў пацярпелага сваімі пытаннямі: «Чаму былі без формы?» «Чаму не паказалі пасведчанне?», «Якая была неабходнасць затрымліваць мяне на досвітку?».

Нехта ў зале пажартаваў: з такімі талентамі ён мог стаць нядрэнным адвакатам. Але абвінавачаны абраў іншы шлях.

Адразу пасля школы скончыў вучылішча алімпійскага рэзерву па спецыяльнасці «трэнер па грэка-рымскай барацьбе». У 2004 годзе быў судзімы за разбой і рабаванне, выйшаў на волю праз 6,5 года. Таксама, па дадзеных аператыўнікаў, паспеў адбыць тэрмін у нямецкай турме за ўдзел у міжнароднай АЗГ, якая дзейнічала на тэрыторыі Германіі. Цікавая дэталь - бацька абвінавачанага, з яго слоў, нейкі час працаваў у праваахоўных органах.

Наступнае судовае паседжанне прызначана на сёння, 17 студзеня.

4
Dzmitry / Адказаць
17.01.2018 / 09:39
My HERO !
4
Алекс / Адказаць
17.01.2018 / 10:10
за разбой - надо отвечать, а вот, что ментов без формы порезал - я на стороне этого парня, в форме надо быть, в том числе и в физической... это вам не культурных и беззащитных людей на площади дубасить...
4
ss / Адказаць
17.01.2018 / 10:24
Это вам не деда на пл. Я.Коласа ловить
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру