Трапіць у Паўночную Карэю аказалася даволі лёгка. Усё было вельмі найграна. Відавочна, што было загадзя вырашана, якіх людзей і якія месцы мы маглі ўбачыць, прычым усе яны заўзята казалі аб багацці і росквіце краіны.

Вось толькі схаваць жахлівую галечу ім усё-ткі не ўдалося. Яны не змаглі схаваць перабоі электраэнергіі, недахоп вады, вазы з быкамі, на якіх сяляне вазілі засохлае зерне, і бабулю, якая збірала рэшткі ўраджаю на рысавым полі.

Кожны этап нашай паездкі, здавалася, праходзіў па правілах, без якое-кольвек імправізацыі: на сняданак, абед і вячэру заўсёды падавалі кімчы (карэйская страва з марынаванае ў вострым соусе гародніны — рэд.), у кожным нумары абавязкова была лядоўня, а ў кожным месцы прыпынку — сувенірная крама. Нам пастаянна прапаноўвалі купіць розныя тавары: ад святочных марак у гонар запуску міжкантынентальнай балістычнай ракеты да велізарных дываноў на сцяну з выявамі львоў і іншых жывёл, якія не насяляюць гэты рэгіён. Аднак маім любімым сувенірам стала тое, што нельга было купіць у звычайнай краме, — смартфон, выраблены нібыта на тэрыторыі Паўночнай Карэі.

Смартфон Arirang 151 з'явіўся на свет у 2016 годзе. Вонкава ён падобны да стандартнага тэлефона на Android. У яго ёсць камера, Bluetooth, 3G, унутранае сховішча на 4 Гб і слоты пад MicroSD і micro-SIM.

Адзінае, чаго ў яго няма, — гэта магчымасці падлучыцца да Wi-Fi, што цалкам нармальна, бо за час сваёй паездкі па Карэі я ні разу не бачыў адкрытых пунктаў доступу.

Аперацыйная сістэма ўяўляе сабой значна змененую версію Android 4.4.2. Тэлефон прадаецца не толькі з тэматычным афармленнем, але і з 500-мегабайтным рэкламным ролікам (цікавае рашэнне, улічваючы малы аб'ём памяці), а таксама ўсталяванымі дадаткамі. У асноўным гэта гульні, такія як Super Mario, Plants vs. Zombies і пяць розных версій Angry Birds, Cut the Rope і іншых. Паколькі мне дастаўся тэлефон, якім ужо карысталіся, то ў ім я знайшоў яшчэ і дадатак для фітнес-трэкера ад Huawei. Я бачыў, як некаторыя мясцовыя жыхары насілі такія трэкеры. Не ведаю, ці хацелі яны гэтым паказаць, што займаюцца спортам або што ў іх ёсць грошы, але я лічу даволі незвычайным тое, што грамадзянам Паўночнай Карэі дазваляюць выкарыстоўваць кітайскую электроніку, улічваючы палітыку краіны, накіраваную на імпартазамяшчэнне.

Акрамя гульняў, у смартфоне таксама быў усталяваны App Locker, які нібыта павінен дазваляць блакаваць доступ да дадаткаў і «шыфраваць» дадзеныя тэкставых паведамленняў і кантактаў.

Праўда, малаімаверна, што гэтая праграма чым-небудзь адрозніваецца ад простага экрана блакавання. Шыфраванне паведамленняў там, хутчэй за ўсё, скразное, а доступ да дадаткаў блакуецца звычайным чатырохзначным лічбавым паролем. Напэўна, гэты дадатак усталявалі ў смартфон, каб даць карыстальніку падманлівае пачуццё прыватнасці і прымусіць яго больш вольна выказваць свае думкі ў перапісцы.

Але галоўнай асаблівасцю карэйскага смартфона было тое, што я не змог падключыць яго да іншых прылад. Можна было ўсталяваць злучэнне з камп'ютарам праз Bluetooth, але нельга было абменьвацца інфармацыяй, а калі я ўставіў у тэлефон SIM-карту, той проста выключыўся. Мне ўдалося падключыць смартфон да камп'ютара праз USB і выгрузіць з яго дадзеныя, але вось, наадварот, перакінуць што-небудзь з ПК на тэлефон у мяне не атрымалася — файлы проста знікалі пры адкрыцці.

Мяне ўразіла, колькі высілкаў прыйшлося прыкласці распрацоўшчыкам, каб карыстальнік не мог абменьвацца дадзенымі з замежнымі прыладамі.

Нядзіўна, што смартфон выйшаў з аперацыйнай сістэмай пяцігадовай даўніны. Я не веру, што сама прылада была зроблена ў Паўночнай Карэі, але лічу, што ўсе гэтыя змены ўнеслі мясцовыя праграмісты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?