19.01.2018 / 10:18

«Советская Белоруссія»: Беларускамоўны ўніверсітэт нельга ствараць ні ў якім разе, бо гэта будзе цэнтр нацыяналізму 250

Афіцыйная прэзідэнцкая газета выступіла супраць стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта, дзе б навучанне адбывалася на беларускай мове.

«Свядомыя», надзейна ўмацоўваючыся ў нашай адукацыi i культуры, там, дзе выхоўваецца маладое пакаленне, спяць i бачаць, як ствараюць нацыянальную (толькi з беларускай мовай) ВНУ, — піша ў сябе на сайце «Советская Белоруссія». — Так iх кадры раздробленыя па навучальных установах. А тут, у нацыяналiстычнай ВНУ, у iх будуць аб’яднаныя сiлы».

Для артыкула супраць Нацыянальнага ўніверсітэта выбралі форму «ліста чытача», прычым напісанага па-беларуску, каб гэта выглядала нібы «самі беларускамоўныя беларусы выступаюць супраць Нацыянальнага ўніверсітэта».

«Свядомыя» — гэта мянушка, якую ў афіцыйным дыскурсе выкарыстоўваюць для апазіцыі, беларускамоўных ці беларусаў па свядомасці ўвогуле.

Аўтарка ліста ў рэдакцыю, Рэгіна Норбертаўна Ластоўская, піша пра сябе так: «Я працуючы пенсiянер СШ № 2 г. Паставы. Да пенсii працавала настаўнiцай гiсторыi, намеснiкам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Мой бацька i я — члены КПСС, чым даражу i сёння». Яна рэальна існуючы чалавек.

«Я ўсiмi рукамi супраць адкрыцця ў Беларусi нацыянальнага ўнiверсiтэта, — пішацца ў матэрыяле прэзідэнцкага выдання. — Паверце, ён будзе не нацыянальны, а нацыяналiстычны, з дыскрымiнацыяй значнай часткi насельнiцтва Беларусi. Такое назiраецца ў блiзкiх да майго раёна прыбалтыйскiх суседзяў. У такую ВНУ пойдуць на вучобу ў асноўным дзецi «свядомых» або iм спачуваючых».

Для ўзмацнення рытарычнага эфекту ліста аўтарка расказвае, нібы на ўстаноўчым з'ездзе Таварыства беларускай мовы ўдзельнікі ўсе як адзін ускідвалі руку ў нацысцкім вітанні. «Праз кожныя 20—25 хвiлiн работы зала дружна ўскоквала, выкiдваючы ўперад па-гiтлераўску руку i крычучы: «Жыве Беларусь!».

Сведкі той падзеі на пытанне «Нашай Нівы» катэгарычна абверглі, каб такое было. Гэтая фантазія гучыць тым больш абсурдна, што сярод заснавальнікаў ТБМ былі сапраўдныя ветэраны вайны супраць нацызму, у тым ліку параненыя ў баях і ўзнагароджаныя баявымі ордэнамі і медалямі Васіль Быкаў, Аляксей Саламонаў — ён узначальваў Мінскую гарадскую арганізацыю ТБМ, Мікалай Крукоўскі ды іншыя.

Аўтарка таксама сцвярджае, што пастаўскія актывісты нацыянальнага руху рыхтавалі яе забойства «жаканам» з паляўнічага ружжа.

Для большай красамоўнасці матэрыял ілюструецца малюнкам ружжа, якое цэліцца ў надпіс «Люди» на грузавіку вайсковых колераў.

Аўтарка таксама абураецца новымі словамі ў беларускай мове — «народ гэтых слоў не разумее» — да якіх яна адносіць словы «спадар», «гулец», «унёсак», «квiток» i г.д. 

«ТБМ — фiлiял БНФ, — сцвярджаецца ў выданні, рэдагаваным Паўлам Якубовічам. — I ВНУ будзе не нацыянальная, а нацыяналiстычная. …Не трэба ў Беларусi ствараць цэнтр нацыяналiзму», — гаворыць матэрыял.

Цікава, што ўсе каментары пад матэрыялам ацэньваюць яго выключна негатыўна.

Падчас кіравання Аляксандра Лукашэнкі праводзілася паслядоўная палітыка русіфікацыі. У выніку колькасць жыхароў Беларусі, якія гавораць дома па-беларуску, ужо ў 2009 годзе скарацілася да 24% (звесткі перапісу). Колькасць школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску, пры Лукашэнку скарачалі штогод, і па стане на 2016 год яна ўпала ўжо да 13%. Беларускамоўных патокаў у ВНУ не засталося зусім, акрамя групы на гістфаку і некалькіх груп беларускай філалогіі. У выніку нават тыя беларусы, што вучыліся па-беларуску ў сярэдніх школах, не маюць магчымасці атрымаць па-беларуску вышэйшую адукацыю.

Беларусы — адзіная нацыя ва Усходняй Еўропе, якая не мае ўніверсітэтаў на нацыянальных мовах. Ва ўсіх астатніх краінах — ад Славеніі да Эстоніі з Фінляндыяй — вышэйшая адукацыя вядзецца на мовах карэннага насельніцтва.

Таварыства беларускай мовы вяло кампанію за стварэнне хоць аднаго беларускамоўнага ўніверсітэта. ТБМ разлічвала, што ўлады пойдуць яму насустрач. Аднак матэрыял у «Советской Белоруссіі» паказвае, што ўлады па-ранейшаму баяцца «свядомых».

Мікола Бугай

3
ягер / Адказаць
18.01.2018 / 23:09
Да ужжжжж, тетка ента, которая письмецо состряпала, явно и в настоящем член, может и кпсс, а может и влксм. Понятия стерты. Вот что не могу понять, то это настроения нашего общества. Как русские в стране, то получите грязь с уст в адресс русских, как родной язык частично воскресить, то получите потоки грязи свядомыя, как базы нато у границы-получите америкосы с еврокосами, как китайский трвар повсюду-иддите сюда китайские сябры...Получается не страна, а кладбище тихое, без будущего и где птички поют.
5
фцф / Адказаць
18.01.2018 / 23:10
А калі на беларускую мову перавесьці СБ, то белнацыяналізм проста памрэ сам - ад такой канцэнтрацыі   ідыятызму і цемрашальства. 
5
Жаконя / Адказаць
18.01.2018 / 23:11
Решили душить на корню. 
За такие статьи светят статьи, 
как автору так и редактору
Паказаць усе каментары/ 250 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру