Аварыя адбылася 18 студзеня ў 10.30 у Аршанскім раёне, каля вёскі Купелка (147-ы км аўтадарогі Віцебск — Гомель — мяжа Украіны). Сутыкнуліся мікрааўтобус «Фальксваген» і легкавы аўтамабіль «Міцубісі», паведамілі ў ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама.

За рулём мікрааўтобуса «Фальксваген» быў 55-гадовы жыхар Магілёва. Мужчына не справіўся з кіраваннем пры завяршэнні абгону.

«Адбыўся занос задняй восі аўтамабіля, і ён выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з «Міцубісі», якой кіраваў жыхар Чашнікаў. На момант аварыі ў мікрааўтобусе было пяць чалавек, у легкавіку — чатыры. Траўмы, у асноўным пераломы, атрымалі сем з іх. Сам кіроўца мікрааўтобуса не пацярпеў», распавялі ў ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама.

Высветлілася, што кіроўца буса за мінулы год не раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за перавышэнне хуткасці. Мужчына вёз у Віцебск сваю сям'ю, каб зняць сурокі. У машыне таксама знаходзіліся двое выпадковых спадарожнікаў, якіх кіроўца знайшоў у інтэрнэце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0