Грамадства175175

«Гэты ліст я напісала год таму прыватна Якубовічу, ён быў не для публікацыі!» — Рэгіна Ластоўская, аўтарка ліста ў «Советскую Белоруссію»

На сайце дзяржаўнай газеты «Советская Белоруссія» ў рубрыцы «Пошта галоўнага рэдактара» з’явіўся ліст ад пенсіянеркі з Паставаў, у якім жанчына расказвала, чаму Беларусі не патрэбны нацыянальны ўніверсітэт. «Наша Ніва» звязалася з Рэгінай Нарбертаўнай Ластоўскай, той самай пенсіянеркай, і пацікавілася, што ж натхніла жанчыну на публікацыю ў «СБ».

Праўда, высветлілася, што агалоскі Ластоўская якраз і не хацела. А сам ліст быў надрукаваны спачатку ў «Народнай газеце».

«Гэты ліст я напісала яшчэ ў лютым 2017 года, і ён быў адрасаваны прыватна Якубовічу, я пазначыла гэта на канверце. Не ведаю, чаму яны трымалі яго год, а пасля апублікавалі, яшчэ і ў «Народнай газеце», якую я ніколі не чытаю, да якой і не дакранаюся! — расказала Рэгіна Ластоўская. — Я напісала ў Міністэрства інфармацыі і папрасіла разабрацца, чаму мой ліст надрукавалі.

Такія матэрыялы ў газеце не павінны быць, гэта прыватны ліст. І мяне выставілі на ўсю рэспубліку на разарванне бээнэфаўцам, свядомым!»

А хто ж такія «свядомыя»?

«Свядомыя — гэта нацыяналістычныя партыі, я лічу. Гэтае слова я з языка прэзідэнта здымаю. Ён называе «свядомымі», і я дадаюся, кажу, што гэта «свядомыя». Тыя, якія з Захаду атрымліваюць грошы, а тут прапагандуюць беларусізацыю. Каб вы былі сапраўднымі беларусамі, то не сілкаваліся б грашыма з Захаду!» — тлумачыць Ластоўская.

Сама сябе яна называе шчырым камуністам: «Я адналюб, калі я была членам КПСС, то буду вернай [Камуністычнай партыі] да канца. У сучасныя партыі я не ўступала».

Рэгіна Нарбертаўна расказала трохі падрабязней пра ўступленне ў партыю:

«Я была старшай піянерважатай. А па гараскопе я Авен, я як дарослае дзіця. Не тое, каб я веру ў астралогію, але маю кніжку пра знакі, і настолькі праўдзівая яна! Авен як з мяне спісаны!

Дык вось, у маладосці для мяне камуністы былі гэта калі не багі, то штосьці недалёкае ад іх. І мне здавалася, што я маладая, не заслужыла быць членам партыі. Арыентавацца на камуністаў я магла, а сама пра сябе лічыла, што быць камуністам яшчэ не заслугоўваю. І доўга мяне дырэктарка школы ўгаворвала ўступіць у партыю, я адмаўлялася. І мяне ледзь не сілай прымусілі ўступіць у партыю. Але я была рада, канечне, што я член КПСС. Мне было гадоў 20 з чымсьці, дакладна не памятаю. Не шкадавала ніколі, што ўступіла».

Цікава яшчэ, што любоў да камуністаў ёй прывіў не бацька — хутчэй наадварот.

«Бацька ўступіў у партыю пасля мяне. Ён ваяваў, прычым ажно два разы. Дайшоў да Германіі. Бацьку, калі пачалася Другая сусветная ў 1939, забралі на фронт — нашыя ж землі былі пад палякамі. І ён трапіў у палон, сядзеў у Брэсцкай крэпасці, яшчэ да таго, як Германія напала на Саветы. Пасля яго перавезлі ў савецкі лагер у Асташкаве. Там радавых адпусцілі, а афіцэраў-палякаў растралялі, як у Катыні. Бацька змог дабрацца дадому, пасля тут мабілізацыі не было, бо былі пад немцамі. І ён быў дома да 1944 года, - узгадвае Рэгіна Нарбертаўна. - Тады нас вызвалілі савецкія войскі, і ўсе нашы мужчыны пайшлі на фронт».

Але сённяшнія беларускія камуністы ёй не падабаюцца. Ластоўская больш сімпатызуе расійскай КПРФ.

«Зюганаў — разумны чалавек, мне падабаецца, як ён гаворыць, я б слухала і слухала. Разумныя думкі ў яго».

Але Зюганаў не разумнейшы за Пуціна.

«Што вы, Пуцін жа былы кагэбіст. У яго вытрымка! Ён сябе паводзіць так, што хочацца на яго глядзець. Можа, унутры ў яго ўсё кіпіць, а ён знешне спакойны. Не дае сябе падставіць. І палітыка ягоная мне падабаецца. Мы ж равеснікі, наша пакаленне такое, што ў кусты не хаваецца. Што ёсць, мы ўсё панясём. І працуем задарма!» — тлумачыць Рэгіна Нарбертаўна.

Лукашэнка таксама добры.

«Вельмі добры. Я ж не апазіцыянер. Лукашэнка мой прэзідэнт. Апазіцыя — гэта свядомыя, а я за яго галасую і галасаваць буду».

Нягледзячы на любоў да КПСС, Рэгіна Нарбертаўна яшчэ і шчыры каталіцкі вернік.

«Сям’я ў мяне веруючая. А я працавала першым сакратаром райкама камсамола, і калі пачалі чапляцца, што камсамольцы не могуць быць веруючымі, я сябе прымусіла сесці і прачытаць статут і праграму партыі, — узгадвае Ластоўская. — Калі я ўступала ў партыю, шчыра скажу, не ўчытвалася ў партыйны статут. А тут села ўдумліва… Нецікава было чытаць, бо не мастацкая ж літаратура, але я разабралася. І аніводнага слова супраць рэлігіі не знайшла. І зразумела, што гэта кіраўнікі напрыдумвалі барацьбу з рэлігіяй».

Акрамя каталіцтва, з сям’і Ластоўская ўзяла і беларускую мову:

«У нас заўсёды ў сям’і размаўлялі па-беларуску. Усе ведаюць, што я гавару на беларускай, нават калі астатнія на рускай».

Але ж, нягледзячы на гэта, Нацыянальны ўніверсітэт з навучаннем на беларускай мове існаваць не павінен, лічыць наша суразмоўца.

«Сёння звычайныя дзеці не разумеюць беларускую. А нацыяналісты раскіданыя па розных ВНУ. А калі яны — дзеці свядомых — збяруцца ў адным Нацыянальным універсітэце, там будзе гняздо, яны там будуць палітычнасцю займацца. Я не хачу, мне палітыка — гэта такая брудная справа… Мне не хочацца, каб былі такія крыніцы, адкуль злосць ішла б. А калі яны збяруцца ў адно месца, ім будзе найлепш абы-чым займацца!» — тлумачыць Рэгіна Нарбертаўна.

У яе і на мову свой погляд: галоўнае не колькасць, а якасць.

«Я б у беларускую мову дапускала толькі тых, у каго вымаўленне беларускае. Калі не ўмееш гаварыць — гавары на рускай, нямецкай, англійскай! — тлумачыць Рэгіна Нарбертаўна. — Я люблю беларускіх артыстаў, асабліва Дарафееву. Але канцэрты, дзе толькі беларускія артысты, не гляджу і не слухаю. Бо не вымаўляюць словы правільна!»

Таксама Ластоўская працягвае сцвярджаць: пры стварэнні ТБМ удзельнікі крычалі «Жыве Беларусь» і выкідвалі «зігі».

«Васіль Быкаў там быў? Не бачыла, я за ім не сачыла. А Ніл Гілевіч у гітлераўскіх вітаннях не ўдзельнічаў», — падкрэслівае Ластоўская.

У красавіку 2017 года Рэгіна Нарбертаўна брала ўдзел у семінары, які праходзіў у Паставах. На ім была і «тая самая» Алена Анісім з ТБМ. А сама Ластоўская атрымала нават ганаровы дыплом за творчую работу ў межах конкурсу «Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля бацькоў святая».

«Ой, я паглядзела, як нашы «свядомыя» там кружылі, зразумела, куды я трапіла. Дасядзела да абеду, а пасля і духу майго там не было, — кажа Ластоўская. — А конкурсы я люблю, і там улезла, не паглядзеўшы, хто стаіць за той раённай газетай. Аказалася, там панамі ходзяць нашы свядомыя! Такія яны там кіраўнікі! Я не магла там сядзець, у мяне ціск быў! Я з сялян, але культуры трошкі набралася, і не стала сыходзіць датэрмінова, але на першым перапынку адразу след прастыў. І цяпер у конкурсы я ніколі не палезу, зразумела, што нашы мясцовыя свядомыя будуць гэтым кіраваць».

Каментары175

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы33

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы

Усе навіны →
Усе навіны

«Быццам на іншай планеце». Як беларусы з'язджаюць у эміграцыю ў непапулярныя краіны1

Краіны НАТА анансавалі дапамогу Украіне на 21 мільярд еўра3

У мінскім гандлёвым цэнтры людзі выстраіліся ў чэргі па віцебскія дываны1

У беларускім чэмпіянаце па футболе забілі незвычайны гол ВІДЭА1

Кампанія, якая катала Тыля Швайгера па Мінску, знайшла грошы. Але каманду ўжо расхапалі1

Праўладны Саюз пісьменнікаў пашырае свае шэрагі за кошт расійскіх літаратараў3

ГУБАЗіК паказаў фота за кратамі Мацвея Бяляя, раней асуджанага ў Літве за напад на беларускае пасольства3

«Думаеце, я гэты пашпарт дома не шукала?» Вольга Сямашка пракаментавала сітуацыю з дакументам прыкрыцця свайго мужа25

Працуе ў калгасе, піша кнігі i піярыць роднае Палессе. Гэта ўсё пра 27-гадовага Дзеда Янкеля3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы33

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць