19.01.2018 / 14:43

2016 і 2017 гады сталі самымі спякотнымі на Зямлі ад часоў нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа 1

Нацыянальнае ўпраўленне па аэранаўтыцы і даследаванню касмічнай прасторы (NASA) і Нацыянальнае ўпраўленне акіянічных і атмасферных даследаванняў (NOAA) апублікавалі паведамленні аб тым, што 2017 год быў адным з самых гарачых гадоў з моманту пачатку назіранняў за надвор’ем у 1880-ыя. Гэта працягвае доўгатэрміновую тэндэнцыю хуткага пацяплення, якая не абяцае нічога добрага ў будучыні.

Штогадовы аналіз надвор’я NASA выкарыстоўвае базавую лінію — сярэднюю тэмпературу ўсіх гадоў ад 1951 да 1980 — і параўноўвае з ёй тэмпературы наступных гадоў. Так, сярэдняя тэмпература на планеце ў 2017 апынулася на 0,9°C вышэйшая за базавую лінію, што робіць гэты год другім па гарачыні пасля папярэдняга, 2016 года.

З іншага даследавання, праведзенага NOAA, вынікае, што сярэдняя тэмпература 2017 года стала на 0,84°C вышэйшай за сярэднюю тэмпературу ўсяго ХХ стагоддзя. Гэта робіць мінулы год трэцім па гарачыні пасля 2015 і 2016.

Нягледзячы на тое, што вынікі гэтых і некаторых іншых даследаванняў крыху не супадаюць праз розныя методыкі разлікаў, усе яны прыводзяць да аднаго: пяць найбольш цёплых гадоў прыйшліся на прамежак з 2010 года да цяперашняга часу.

На наступным відэа NASA паказала, як мянялася тэмпература планеты з 1880 года да нашых дзён. Добра відаць, што, пачынаючы прыкладна з 1980 года, пачалося рэзкае павышэнне сярэдняе тэмпературы ў свеце. Асабліва добра гэта заўважна ў Азіі ды Еўропе, у тым ліку ў Беларусі. Тут варта ўзгадаць словы бацькоў і дзядоў, ад якіх нярэдка можна пачуць, што раней зімы ў нашых краях былі зусім іншымі.

Ілья Параскевіч

0
Гряцыян Таурычэскi / Адказаць
22.01.2018 / 14:49
Не трэба нагнятаць панику. Змена климату гэта натуральны працэс. А што кали узяць базавую линию 1987-2017?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру