Я праглынула гэтую кнігу за адзін дзень — з тым разлікам, што цяпер я буду хаця б прыблізна ведаць, па якіх пытаннях да яе зноў і зноў вяртацца. «Беларускі гістарычны анекдот» — кніга з тых, якая не стаіць на паліцы, бо ляжыць ля падушкі, чакае вольнай хвілінкі ў заплечніку ці абяцае прыемны адпачынак на падваконніку кухні. Яна павінна быць пад рукой.
Гэта той нібыта «нізкі» літаратурны жанр, у слабасці да якога прызнаваліся бясконца і літаратары, і гісторыкі, і звычайныя чытачы: у Пушкіна, які таксама збіраў падобныя мініяцюры, яны называюцца table talk (застольная гутарка) і друкуюцца ў кожным зборы твораў у томе з аўтабіяграфічнай і гістарычнай прозай. Памылкова чакаць ад гэтага жанру адпаведнасці звычайнаму масаваму анекдоту, які павінен быць кароткім, смешным і пажадана не надта прыстойным ці ў фізіялагічным, ці ў палітычным сэнсе. Хаця сапраўдны гістарычны анекдот можа быць (і бывае!) і такім — кароткім, смешным і непрыстойным, — але сэнс ягоны значна шырэйшы.
Я б параўнала сапраўдны гістарычны, літаратурны анекдот з мемам, як яго разумеў шчэ Рычард Докінз, з той адзінкай культурнай інфармацыі, у якой, як у гене, запісана генетычна важная культурная інфармацыя.
У беларускіх літаратурных анекдотах, сабраных і пераказаных Сяргеем Шапранам, сапраўды месціцца наш нацыянальны культурны генатып.
Адну з мініяцюр я хачу змясціць тут цалкам.
Любімы гістарычны персанаж
Дыялог Петруся Броўкі і Рыгора Барадуліна:
— З усіх цароў люблю Пётру. І не толькі таму, што цёзка. Гэта ж ён пасылаў Меньшыкаву запіску: «Прышлі Кацьку. Страшна есці хочацца».
— Пятрусь Усцінавіч, а нам здавалася, што ваша пакаленне толькі «Кароткі курс ВКП(б)» ведала!
Чаго толькі не зведала пакаленне Петруся Броўкі! Нават у параўнанні з тым, што выпала на долю пакалення Рыгора Барадуліна — безбацькоўскае ваеннае дзяцінства, галоднае паваеннае юнацтва, заціснутая ў цэнзурныя шчамлёткі творчая маладосць, пільная ўвага спецслужбаў і крушэнне грамадзянскіх надзей — нават у параўнанні з гэтымі ведамі пакаленне Броўкі ведала стакроць. Шэкспіраўскія бездані і ўзвышша і лёсаў, і характараў, і учынкаў, тры вайны, рэвалюцыю, рэпрэсіі трыццатых, з якіх ніхто не выйшаў пераможцам, ні тыя, каго стралялі, ні тыя, хто спрыяў расстрэлам, ні тыя, хто страляў. Але кожнае наступнае пакаленне беларускіх культурнікаў чамусьці ў большасці сваёй думае пра папярэднікаў, што яны калі што і ведаюць, дык гэта толькі кароткі курс ВКП(б). Чорная прорва паміж творчымі пакаленнямі, хуткае забыццё, фантастычная нечаканасць адкрыццяў замест спакойнай пераймальнасці і спадчыннасці — ці не ёсць гэты анекдот мемам, разгорнутай метафарай, якая адлюстроўвае асаблівасці нацыянальнага літаратурнага працэсу? Зразумела, што гэты прытчавы, метафарычны сэнс дыялогу быў зададзены найперш ягонымі героямі, народнымі, між іншым, паэтамі, якія і ў звычайным жарце фармулююць беларускі культурны генатып.
Анекдоты, сабраныя Сяргеем Шапранам, сапраўды ўтрымліваюць нацыянальны культурны код. І ўнутраную «партызанскую» ўпартасць, з якой імкнецца «не запляміцца» Алесь Адамовіч, і нашу славутую памяркоўнасць, з якой спрабуе лавіраваць паміж цэнзурнай Сцылай і партыйнай Харыбдай Сяргей Законнікаў, і салёны, адчайны гумар у стаўленні да несалодкага жыцця, які б’е жыватворнай крыніцай у эпіграмах Рыгора Барадуліна, і нашу непахісную годнасць, з якой Генадзь Бураўкін двойчы адмаўляецца прадаць у абмен на матэрыяльныя даброты сяброўства з Васілём Быкавым і Уладзімірам Някляевым.
Калі дэшыфроўваць нашу гісторыю праз гэтыя нібыта «анекдатычныя» метафары, можна выратавацца і ад нашага агульнанацыянальнага комплексу непаўнавартасці, і ад нашага комплексу хранічнай правінцыйнасці, бо нашыя паэты насамрэч плоць ад плоці нашай, і яны жывуць не толькі «смачна», але й годна.
Мне падаецца вельмі важным, што беларускі гістарычны анекдот, апрача іншага, спрачаецца і са знакамітым стэрэатыпам «яны там адзін аднаго здавалі». Невядома з чыёй «лёгкай» рукі пра нашых літаратараў ходзіць значна болей непрыгожых баек, чымся прыгожых — і кніга Сяргея Шапрана грунтоўнай вагой кладзецца на шалі нашага нацыянальнага гонару за сваю нацыянальную літаратуру. Хаця, здавалася б, гэта ўсяго толькі анекдоты.
Але шчэ прыемней бачыць, нарэшце, нашых пісьменнікаў без грыму. Без гэтага жудаснага мярцвяцкага грыму, які накладае на іх школьная беллітаўская традыцыя. Дзіва што Глеб Лабадзенка, як быў школьнікам, дык быў цалкам упэўнены, што ўсе беларускія паэты даўно памёрлі (і аб гэтым у кнізе ёсць анекдот). Падыміце рукі тыя, хто гэтаксама думаў у школе пра беларускіх паэтаў? Лес рук. Нашы школьныя падручнікі пабудаваны так, каб мы думалі пра нашых літаратараў: божа мой, ды яны ж ведалі толькі кароткі курс ВКП(б). І якая палёгка — пабачыць, нарэшце, на друкаванай паперы, што гэта зусім не так.
Літаратура, выкладзеная праз анекдот, раптам набывае зусім іншае гучанне. Яна становіцца сапраўды роднай — складзенай з крыві і мяса, слёз і рогату, а часам — і з розных вадкасцяў, маркіраваных градусам. Клянуся, калі-небудзь і я пайду гэтым шляхам, які працерабіў у суворым беларускім літаратуразнаўстве Сяргей Шапран, і складу кнігу анекдотаў пра міжваенную літаратуру, пра тое самае пакаленне «Кароткага курсу ВКП(б)». І не будзе ў свеце найлепшага падручніка па гэтым перыядзе — як зараз няма падручніка па беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя больш цікавага, чым «Беларускі гістарычны анекдот».
Але каб скласці такую кнігу, каб вылушчыць са штодзённасці і векапомнасці літпрацэсу вось гэтыя самыя мемы, метафары, гісторыі і гісторыйкі, каб расказаць літаратуру праз уратавальны анекдот — трэба быць адпаведным чалавекам. Кожнаму выбітнаму паэту павінна пашчасціць на выбітнога суразмоўцу. Такога, якім быў Экерман пры Гётэ. Такога, якім быў і ёсць Сяргей Шапран пры нашых класіках Быкаве, Барадуліне, Бураўкіне, Някляеве. Такога, якім хацелася б стаць і мне. Бо, здаецца, няма больш пачэснага шляху для літаратуразнаўцы, як быць уважлівым чытачом і слухачом, які не інтэрпрэтуе, не рэтранслюе, не пераасэнсоўвае — а ратуе літаратуру ад грыму.
Няхай пры гэтым з яе і атрымліваецца гістарычны анекдот.
Чытайце таксама: