27.01.2018 / 11:52

Гісторыя Лідчыны на старонках старых газет — выйшла даследаванне Лявона Лаўрэша 6

Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900—1939 гг. — Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2017. — 432 с.

Кніга Лявона Лаўрэша ў пэўным сэнсе ўнікальная. Гэта свайго роду хроніка мінулага Ліды, складзеная карэспандэнтамі шматлікіх газет і часопісаў, у якой адлюстравалася жыццё горада і наваколляў у першае саракагоддзе ХХ ст.

Перыядычны друк — даволі спецыфічная гістарычная крыніца, з якой не вельмі любяць працаваць гісторыкі. Як правіла, яны імкнуцца да аб’ектыўнага асвятлення мінулага, але часта не ўсвядамляюць таго, што кожны гістарычны дакумент непазбежна ўтрымлівае «пячатку» ягонага стваральніка. Апошні, звычайна, не імкнуўся да аб’ектыўнасці, а спрабаваў давесці ўласную правату ці правату той супольнасці, да якой належыў. На самай справе аб’ектыўнасць для гісторыка — недасягальная мэта. Фактычна, ён займаецца рэканструкцыяй мінулага на падставе тых слядоў, якія яно пакінула ў пісьмовых дакументах, у памяці, у рэштках матэрыяльнай культуры ды інш. Аднак гістарычны дакумент, знойдзены ў архіве, як правіла, лічыцца «аб’ектыўным» ужо толькі дзякуючы месцу ягонага знаходжання. Іншая справа — перыядычны друк. Тут адсутнасць аб’ектыўнасці навідоку. Рэдакцыя кожнага выдання імкнулася данесці да чытачоў уласнае бачанне сітуацыі, асабліва калі гэта датычыла сацыяльна-палітычных ці нацыянальных і канфесійных падзеяў. Але менавіта гэтая відавочная суб’ектыўнасць і стварае тую шматколерную карціну мінулага, якая ў найбольшай ступені перадае дух і атмасферу мінулай эпохі і максімальна набліжае нас да яе разумення.

Горад Ліда — слаўны сваёй гісторыяй, якая мае таленавітых даследчыкаў. І Лявон Лаўрэш — адзін з іх. Ягонымі намаганнямі ўжо адноўленыя многія важныя старонкі мінулага Ліды і лідскага краю. Постаць даследчыка прысутная і ў гэтай кнізе. Праўда, яна знаходзіцца на другім плане, і чытач мае магчымасць самастойна ацэньваць тыя падзеі і здарэнні гісторыі Лідчыны, якія адлюстраваліся на старонках шматлікіх газет і часопісаў. Але іх адборам і ўкладаннем займаўся якраз даследчык, і іх прысутнасць у кнізе, безумоўна, з’яўляецца пэўным адлюстраваннем аўтарскіх прыярытэтаў як у разуменні ролі гісторыка, так і ў выбары найбольш актуальных гістарычных сюжэтаў. Дык вось, сярод гэтых прыярытэтаў відавочнае імкненне да самастойнасці ў даследаваннях. Яно спалучаецца з жаданнем распавесці пра тое, што можа вызваліць чытача з палону ідэалагічных шаблонаў, сфармаваных яшчэ ў савецкія часы, пераадолець беспамяцтва, якое на нашай зямлі навязвалася амаль усімі ўладамі ХХ стагоддзя. Даследчык з дапамогай перыядычнага друку раскрывае перад чытачом новыя далягляды мінулага і дапамагае яму ўбачыць прыгажосць і веліч айчыннай беларускай гісторыі, адчуць яе боль, часта схаваны пад накінутымі ідэалогіямі, якія ігнаруюць агульначалавечыя каштоўнасці і самую вялікую з іх — каштоўнасць чалавечага жыцця.

Прапанаваная хроніка Ліды дазваляе зазірнуць у малавядомыя старонкі гісторыі горада і наваколляў у апошнія гады існавання Расейскай Імперыі, у часы ваенных выпрабаванняў, якія працягваліся для Лідчыны доўгія 7 гадоў — з 1914 па 1921. Шмат месца ў кнізе займае хроніка горада міжваеннага перыяду, калі Ліда знаходзілася ў складзе Польскай Рэспублікі. Гэтыя старонкі прыцягваюць асаблівую ўвагу ў сувязі з тым, што ў ранейшыя часы гэты перыяд гісторыі звычайна адпраўлялі ў забыццё. Кніга заканчваецца падзеямі, у якіх адчувальны подых Другой сусветнай вайны… Маю надзею, што аўтар працягне сваё даследаванне, і мы атрымаем працяг «Лідскай хронікі».

Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук

0
Sergei. / Адказаць
27.01.2018 / 12:59
 Так. Газэты, як машына часу.
0
Сергей / Адказаць
27.01.2018 / 13:08
а где купить?
5
Юрась / Адказаць
27.01.2018 / 14:19
Давыдзька, гэта ты - замежнiк, прыперся i гадзiш на наш дыван.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру