Вось тэкст майго адказу, накіраваны разам з лістом на імя галоўнага рэдактара «СБ» 8 студзеня. На той момант не ведала ні імя, ні імя па бацьку сп. Ластоўскай, таму звярталася так, як было пазначана ў матэрыяле.

Адказ на ліст спадарыні Р.Н.Ластоўскай з г. Паставы

Паважаная Р.Н. Ластоўская з г. Паставы!

Я не знаёмая з Вамі асабіста, таму са здзіўленнем прачытала Ваш данос (прабачце, але на мове прыстойных людзей такія лісты называюцца менавіта так) у рэдакцыю газеты «СБ».

У сваім лісце на імя галоўнага рэдактара Вы публічна ганьбіце афіцыйна зарэгістраваныя арганізацыі, якія дзейнічаюць законнымі метадамі ў межах, вызначаных іх Статутамі. Надзвычай паказальна, што Вы чамусьці згадваеце падзеі канца 1980-х гадоў. Мне было б зразумела, калі б Вы, маючы адрозныя погляды ці нейкія прэтэнзіі да мяне як кіраўніка арганізацыі, сустрэліся са мной асабіста і выказалі іх. Я чалавек публічны і адкрыты, усе, хто жадае, звяртаюцца да мяне пісьмова ці па тэлефоне. Пры неабходнасці я вызджаю і для асабістых сустрэч непасрэдна на месца.

Наколькі я разумею, Вас надзвычай узрушыла і абурыла навіна пра тое, што наша арганізацыя займаецца стварэннем універсітэта з беларускай мовай навучання. Дзіўна такое чуць ад беларускага педагога, які дэкларуе на словах клопат пра патрыятычнае выхаванне моладзі. Які ж гэта патрыятызм у дачыненні да памяці нашых продкаў, якія стварылі адметную культуру, да нашых бацькоў і дзядоў, якія размаўлялі па-беларуску, стварылі краіну, шмат ахвяр і фізічных сіл паклалі на тое, каб адстаяць свабоду і незалежнасць Беларусі, калі Вы адмаўляеце маладому пакаленню ў праве атрымаць адукацыю на мове свайго народа, на мове сваёй нацыі? Дзіўная ў Вас логіка. Калі ў Польшчы, Францыі, Чэхіі, Англіі, Фінляндыі, Расіі ўніверсітэты працуюць на польскай, французскай, чэшскай, англійскай, фінскай, рускай мове адпаведна, то гэта нармальна. Калі ў Беларусі пачне працаваць універсітэт з беларускай мовай навучання, то гэта, па-вашаму, дрэнна. Дазволю задаць Вам пытанне, а можа шматлікія праблемы, якія ёсць у нашым грамадстве, якраз такі заканамерны вынік таго, як мы ставімся да ўсім зразумелых аксіяматычных рэчаў: да нашай культуры, да агульначалавечых каштоўнасцей. Бо калі мы падмяняем паважлівае стаўленне да ўласнай культуры і яе дзеячоў прагінаннем перад чужой, часам не вельмі якаснай (асабліва ў галіне музычнай культуры), то на каго мы працуем? Хіба на свой народ, на сваю краіну? Адкажыце самі для сябе на гэтае пытанне без падману, з такой жа праматой, з якой Вы абрынуліся на ўсіх сяброў Грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».

Не ведаю, паважаная Р.Н. Ластоўская, самі Вы надумаліся напісаць такі ліст, ці хтосьці Вам падказаў ці папрасіў. Але хачу зазначыць, што ад сваіх бацькоў я цвёрда засвоіла наступнае перакананне: педагог — гэта чалавек, які выхоўвае ў сваіх вучнях дабро, справядлівасць, сумленнасць, праўдзівасць, дэманструючы гэта найперш сваімі ўчынкамі. Бо сказана, як Вы хочаце, каб адносіліся да Вас, так самі стаўцеся да людзей. І калі Вы сееце нянавісць і агрэсію, чакайце адпаведнай рэакцыі. Я ж хачу Вам сказаць цвёрда: як бы хто ні перашкаджаў беларусам стаць гаспадарамі ва ўласным доме, яму не ўдасца чарговы раз запалохаць ці паслабіць нашы намаганні па ўмацаванні дзяржаўнасці і незалежнасці нашай краіны. А калі Вы супраць гэтага, то які ж Вы патрыёт Беларусі?

Напрыканцы нагадаю словы першага старшыні Грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча Гілевіча:

І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі!

Старшыня ТБМ,

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу

Рэспублікі Беларусь Алена Анісім

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0