23.01.2018 / 09:48

Калі можна лячыцца самастойна і чаму кашаль — наш сябар: гутарка з тэрапеўтам пра самыя частыя праблемы 2

Усе мы знаёмыя з доўгімі чэргамі, якія даводзіцца адстойваць у паліклініках дзеля візіту да доктара. Між тым не заўсёды існуе неабходнасць наведваць спецыяліста. У якіх выпадках можна лячыцца самастойна і як гэта рабіць, чаму кашаль бывае карысным і калі варта прымаць антыбіётыкі — пра гэта нам распавяла доктар-тэрапеўт Людміла Гулевіч.

Гулевіч Людміла Андрэеўна — доктар-тэрапеўт першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Доўгі час працавала загадчыкам аддзялення ў дзяржаўнай паліклініцы, цяпер працуе ў прыватным медыцынскім цэнтры «ЛОДЭ».

— Як цяперашняй зімой складваецца сітуацыя з такімі захворваннямі, як ВРВІ, грып?

— Цяпер эпідэміі грыпу няма, ды і з прастуднымі захворваннямі сітуацыя звычайная для гэтага сезона. Дарэчы, апошнія 2—3 гады маштабных эпідэмій грыпу ў нас у краіне не назіраецца, магчыма, дзякуючы досыць шырокай вакцынацыі насельніцтва. Цяпер прышчапляецца ўжо больш за 40% беларусаў, і, вядома, гэта дазваляе стрымліваць распаўсюджанне віруса грыпу. Радуе, што людзі павярнуліся тварам да вакцынацыі, бо гэта адзіны надзейны спосаб абараніць сябе ад заражэння. І хоць меркаванні людзей на гэты конт розныя, для медыкаў відавочна, што калі прышчэплены чалавек і захварэе на грып, то перанясе хваробу значна лягчэй, а таксама пазбегне разнастайных ускладненняў.

— Часта дактары прымаюць рашэнне аб афармленні бальнічнага толькі ў тым выпадку, калі непасрэдна падчас прыёму ў хворага павышаная тэмпература. Ці правільна гэта?

— Павышаная тэмпература не з'яўляецца адзіным крытэрам ацэнкі захворвання. Бо тэмпература — гэта ахоўная рэакцыя арганізма, адсутнасць яе ў хворага чалавека кажа аб пагаршэнні імунітэту ў цэлым. Акрамя таго, пацыент перад прыёмам мог прыняць гарачкапаніжальны сродак, таму на тэрмометры будзе 36,6. Для вырашэння пытання аб выдачы бальнічнага ліста доктар арыентуецца і на іншыя сімптомы: кашаль, насмарк, пачырванелае горла, пачашчанае сэрцабіцце, багатае потавыдзяленне.

— Ці варта пры першых прыкметах прастуды звяртацца да доктара, ці пачынаць лячэнне можна самастойна?

— Амерыканскія лекары, напрыклад, не прызначаюць сур'ёзнае лячэнне ў першыя пяць дзён павышэння тэмпературы, рэкамендуючы толькі багатае пітво і сімптаматычнае лячэнне, што дазваляе арганізму самому даць адпор той ці іншай інфекцыі. Гарачкапаніжальныя сродкі прызначаюцца пры павышэнні тэмпературы да адзнакі больш за 38 градусаў ці пры індывідуальнай непераноснасці высокай тэмпературы чалавекам. Наведванне доктара становіцца неабходным у тым выпадку, калі павышаная тэмпература назіраецца больш за пяць дзён, узмацняецца галаўны боль, з'явіўся кашаль з афарбаванай харкоцінай. Але ўсе гэтыя правілы, вядома ж, не пасуюць для пажылых людзей. У іх выпадку наведванне доктара з'яўляецца неабходным на пачатковых стадыях захворвання, бо імавернасць развіцця запалення лёгкіх, бранхіту і іншых ускладненняў ў пажылых людзей нашмат вышэйшая.

Ні ў якім разе нельга самастойна прымаць антыбіётыкі. Часта пацыенты тлумачаць самалячэнне антыбіётыкамі неабходнасцю як мага хутчэй паправіцца. Аднак пры самай звычайнай прастудзе прыём антыбіётыку спрыяе распаўсюджванню віруса па ўсім арганізме, і ў такім выпадку лячэнне не толькі не паскараецца, але і, наадварот, зацягваецца. Рашэнне аб прызначэнні антыбіётыку павінен прымаць толькі лекар.

— Адной з прычын, па якой варта звярнуцца да доктара, вы назвалі кашаль. Пра якія хваробы ён можа сведчыць і якія яго віды павінны выклікаць асцярогу?

— Кашаль — гэта наш сябар. Калі б яго не існавала, мы ўсе хадзілі б з запаленнем лёгкіх. Бо кашаль дапамагае вывесці лішкі харкоціны, якая ўтвараецца незалежна ад стану здароўя, а таксама часціцы пылу. Прычынамі працяглага кашлю з'яўляюцца, як правіла, вірусныя і бактэрыяльныя захворванні: ВРВІ, грып, бранхіт, сухоты. Кашаль можа мець і алергічнае паходжанне, а таксама быць адным з сімптомаў анкалагічнага захворвання або хваробы страўніка, калі мае месца закід кіслага змесціва страўніка ў стрававод, а затым — у дыхальныя шляхі. Найбольшую асцярогу мусіць выклікаць кашаль, які зацягнуўся на тыдні і месяцы, а таксама кашаль з харкоцінай, афарбаванай у ненатуральны колер.

— Якія сродкі неабходна ўжываць пры кашлю?

— Калі мы гаворым пра якія-небудзь «лекі ад кашлю», мы маем на ўвазе сродкі, якія падаўляюць кашаль, уздзейнічаючы на цэнтр у кары галаўнога мозгу. Такія прэпараты прымяняюцца ў тым выпадку, калі прысутнічае сухі, непрадуктыўны кашаль. Але іх ні ў якім разе нельга ўжываць, калі з'явілася харкоціна, паколькі ў такім выпадку яна будзе затрымлівацца ў лёгкіх, што можа прывесці да запалення. Яшчэ дзве групы прэпаратаў ад кашлю — адхарквальныя, якія спрыяюць вывядзенню харкоціны з бронхаў, і мукалітычныя, якія разрэджваюць харкоціну, калі яна мае занадта шчыльную кансістэнцыю.

Прэпараты розных груп нельга блытаць. Напрыклад, мукалітыкі нельга прымаць пры сухім кашлі, а сродкі, што падаўляюць кашаль, нельга прымаць, калі харкоціна ўжо адкашліваецца. Цяпер у аптэках прадстаўлены вельмі шырокі выбар лекаў, і пацыенту цяжка арыентавацца самастойна — ў такім выпадку, безумоўна, неабходна звярнуцца да спецыяліста.

— Як Вы ставіцеся да народнае медыцыны?

— Народныя сродкі ніхто не адмяняў: алтэй, корань лакрычніку, падбел, чабор — травы для вашага здароўя. Але ўсё гэта я бачу ў якасці дадатку да асноўных лекавых прэпаратаў. І важна памятаць, што травы прымаюцца ў вызначаных дозах. Купляючы травяны збор, трэба абавязкова прачытаць інструкцыю. Да таго ж, трэба ведаць, якія народныя сродкі пры якім стане здароўя можна ўжываць. Напрыклад, прыкладаць гарчычнікі і парыць ногі катэгарычна нельга пры павышанай тэмпературы, каб не дапусціць залішняе нагрузкі на сэрца.

І памятайце, што лепшай абаронай ад прастудных захворванняў з'яўляецца добры імунітэт. Займайцеся яго ўмацаваннем на працягу года, і тады сезон прастуд абміне вас.

УПП 200433278

Гутарыў Ілья Параскевіч

0
Патриот / Адказаць
23.01.2018 / 15:14
Очень симпатичная внешне женщина..
0
Фея / Адказаць
24.01.2018 / 23:15
Патриот, а Вы ей письмо напишИте!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру