Санітара з Нямеччыны Нільса Хёгеля абвінавачваюць у забойстве 97 пацыентаў. Ён наўмысна выклікаў у хворых спыненне сэрца, каб затым паспрабаваць іх рэанімаваць. Медбрат ўжо асуджаны на пажыццёвае зняволенне, суд адбываецца таму, што знойдзеныя новыя ахвяры былога медыка, паведамляе Nordwest Zeitung.

Фота — Nordwest Zeitung.

Нямецкаму санітару Нільсу Хёгелю, які прысуджаны да пажыццёвага зняволення, прад'явілі абвінавачанні ў забойстве 97 чалавек за той час, што ён працаваў у двух шпіталях на паўночным захадзе Нямеччыны.

У новых раскрытых выпадках ідзе гаворка пра 62 загінулых пацыентаў у шпіталі ў Дэльменхорсце і 35 загінулых у Альденбургу. Паводле словаў пракурора, яшчэ тры выпадкі былі досыць падазронымі, але праведзеныя тэсты не пацвердзілі дадзеных следства.

Хёгель наўмысна ўводзіў пацыентаў у крытычны стан, а затым выкарыстоўваў розныя медыкаменты для іх рэанімацыі. У лістападзе мінулага года пракуратура заявіла, што Хёгель можа быць датычны да забойства больш за 100 чалавек, з тых часоў чакалася афіцыйнае прад'яўленне абвінавачанняў.

Медбрат з 1999 па 2002 год працаваў у клініцы ў Альденбургу і з 2003 па 2005 год — у медустанове ў суседнім горадзе Дэльменхорст. У 2015 годзе Хёгеля прысудзілі да пажыццёвага зняволення за два забойствы і два замаха на забойства ў Дэльменхорсце. Аднак на судзе санітар сам распавёў, што больш за 90 пацыентаў пацярпелі ад яго дзеянняў: ён наўмысна выклікаў у іх спыненне сэрца, таму што яму падабалася іх рэанімаваць.

Пасля гэтых прызнанняў Хёгеля было праведзенае расследаванне і таксікалагічная экспертыза дзясяткаў целаў загінулых у шпіталях ў Альденбургу. Паводле дадзеных пракуратуры, следчыя вывучылі больш за 500 медыцынскіх карт пацыентаў і сотні іншых дакументаў у шпіталях. Былі эксгумаваныя парэшткі 137 чалавек з 67 могілак у розных частках краіны.

Дата новага працэсу над Хёгелем пакуль не прызначаная. У Нямеччыне няма смяротнага пакарання, таму новы прысуд можа толькі пазбавіць Хёгеля магчымасці атрымаць датэрміновае вызваленне. У Нямеччыне першая такая просьба асуджанага на пажыццёвае зняволенне можа быць пададзеная праз 15 гадоў пасля ўступлення прысуду ў законную сілу.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?