Кіраўнік краіны вызваліў Мікалая Корбута з пасады памочніка прэзідэнта па агульных пытаннях, а таксама ўзгадніў яго на пасаду намесніка дзяржсактара «саюзнай дзяржавы». Раней гэтую пасаду ад Беларусі займаў Іван Бамбіза, які ад 2004 да 2010 быў віцэ-прэм’ерам. Апошнія гады Корбут быў тым чалавекам, які быў набліжаны да Лукашэнкі як ніхто іншы з чыноўнікаў.

Абслугоўваў дыпламатаў

Нарадзіўся Мікалай Корбут у 1963 годзе ў вёсцы Ужа Капыльскага раёна, гэта недалёка ад мястэчка Грозава, дзе праходзілі баявыя дзеянні падчас Слуцкага паўстання 1920 года.

Корбут вышэйшую адукацыю атрымаў у наргасе. Гэты чалавек правераны. 18 гадоў ён адпрацаваў у Кіраўніцтве справаў прэзідэнта. Спачатку ўзначальваў «Дыпсервіс» — арганізацыю, якая займаецца абслугоўваннем дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый. Акрамя таго, у абавязкі ўстановы таксама ўваходзіць матэрыяльна-тэхнічнае і сацыяльна-бытавое забеспячэнне дзейнасці вышэйшых службовых асобаў. У 2001 ён стаў першым намеснікам кіраўніка справамі. А ў 2009 сам узначаліў гэтае ведамства.

«Для вас важная сумленнасць і прыстойнасць у працы. Вас абавязвае да гэтага сама шыльда вашага ведамства — Кіраўніцтва справаў прэзідэнта. Калі ў вас нейкі пралік — адразу кідаецца цень на прэзідэнта», — казаў Лукашэнка, прызначаючы Корбута.

Загадчык вялізнай бізнэс-імперыі

Кіраўнікоў справаў прэзідэнта інакш называюць прэзідэнцкімі «заўгаспамі». На гэтай пасадзе за часы кіравання Лукашэнкі былі розныя людзі. Напрыклад, першым быў Іван Ціцянкоў. Той самы, які рваў бел-чырвона-белы сцяг пасля рэферэндуму аб змене сімволікі, а пасля ўцёк у Расію. Ад 2001 да 2004 упраўляючай была Галіна Жураўкова, якую арыштавалі за раскраданні, але кіраўнік дзяржавы яе памілаваў. Цяпер узначальвае ведамства Віктар Шэйман.

Кіраўніцтва справамі прэзідэнта — гэта вялізная бізнэс-імперыя, якая ўключае ў сябе латарэі, офісы, кавярні, нават нацыянальныя паркі, санаторыі (як у Беларусі, так і за мяжой), гатэлі. Таму і пасада ўпраўляючага вельмі адказная.

Публічную незадаволенасць працай Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Лукашэнка выказваў аднойчы. Калі сталі вядомыя факты існавання бардэля ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі», а таксама злоўжыванні падчас паляванняў там жа. Корбуту загадалі «жастачайша» з гэтым разабрацца.

Пагроза крымінальнай справы

Сыходзіў з пасады кіраўніка справамі прэзідэнта Мікалай Корбут са скандалам. Некаторыя СМІ паведамлялі, што чыноўнік змешчаны пад хатні арышт. Нібыта Корбута абвінавачвалі ў масавых парушэннях падчас будаўніцтва беларускіх аб’ектаў у Сочы. Праходзіла нават інфармацыя, што намеснік Корбута Анатоль Дазораў спрабаваў ускрыць сабе вены проста ў працоўным кабінеце.

«Наша Ніва» дазванілася да Корбута ў тыя дні, але ён рашуча адмовіўся каментаваць чуткі пра крымінальную справу супраць яго.

Пра тое, што дыму без агню не бывае, ускосна сведчыць той факт, што ў выніку за кратамі аказаліся толькі расійскія бізнэсоўцы, якія займаліся будаўніцтвам беларускіх аб’ектаў у Сочы, як Георгій Саракашыш. Сам Корбут пазбег крымінальнай адказнасці, а праз нейкі час быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Мінскай вобласці.

Асабліва набліжаны да Лукашэнкі

Пра тое, што Корбут апошнім часам стаў асабліва набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі, сведчыць факт, што гэта адзіны чыноўнік, які з’яўляецца ў кадрах падчас нефармальных мерапрыемстваў з удзелам кіраўніка краіны. Менавіта Корбут быў адным з тых, хто вучыў касіць сена знакамітага французскага акцёра Жэрара Дэпард’ё, разам з Лукашэнкам Корбут збіраў у Драздах бульбу і кавуны. Там былі бізнэсоўцы, спартоўцы, але болей ніводнага чыноўніка. Прысутнічаў ён і падчас вячэры Аляксандра Лукашэнкі з акцёрам Стывенам Сігалам.

Корбут мае свой дом у Драздах — самым прэстыжным раёне беларускай сталіцы.

Памочнік па агульных пытаннях

Апошні год з невялікім Корбут займаў пасаду памочніка прэзідэнта па агульных пытаннях. Фактычна ягоныя функцыі мала ў чым змяніліся. Напрыклад, Корбут суправаджаў Лукашэнку і ягоных сыноў Віктара і Мікалая падчас леташняга адпачынку ў ААЭ. Падчас суботніка ў красавіку 2017 года Лукашэнка звяртаўся да былой гімнасткі Ксеніі Санковіч, ці згодная яна, каб Цэнтр алімпійскай падрыхтоўскі адкрылі да 8 сакавіка наступнага года, тая згадзілася. «Корбут, Санковіч на кантроль», — адрэагаваў кіраўнік дзяржавы.

У апошнім рэйтынгу «НН» самых уплывовых людзей краіны Мікалай Корбут займаў 40-е месца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?