23.01.2018 / 18:16

21-гадовая валанцёрка «Вясны» Анісія Казлюк трапіла ў топ-30 перспектыўных маладых людзей Еўропы. Хто гэта? 46

На днях стала вядома, што прадстаўніца Беларусі трапіла ў ганаровы спіс самых перспектыўных еўрапейцаў да 30 гадоў, па версіі выдання Forbes. Ёй стала валанцёрка праваабарончага цэнтра «Вясна» Анісія Казлюк.

Анісія Казлюк.

Што вядома пра Анісію? Займаецца валанцёрствам, збірае перадачы для затрыманых палітычных актывістаў, піша скаргі ў органы ўлады… Увосень 2017 года, калі адбываліся вобшукі ў кватэрах анархістаў, прыйшлі і да яе. Дзяўчыну таксама затрымлівалі на мяжы пасля вяртання з праваабарончага форуму ў Вільні. 

Самі складальнікі рэйтынгу адзначылі, што «дзяўчына змагаецца за лепшую будучыню Беларусі», менавіта таму яе ўключылі ў спіс намінантаў катэгорыі «Права і кіраванне», дзе яна была самай маладой.

«Наша Ніва» сабрала дадатковыя факты пра актывістку.

У праваабарончую сферу прывёў старэйшы брат

Анісія — не адзіная ў сям'і, хто цікавіцца правамі чалавека. Яе старэйшы брат Аляксей таксама мае непасрэднае дачыненне да гэтай тэмы: працаваў у Цэнтры прававой трансфармацыі «Lawtrend», з’яўляецца адным з заснавальнікаў арганізацыі «Human Constanta». Падчас падзей, звязаных з Плошчай-2010, 13-гадовая Анісія дапамагала яму расшыфроўваць запісы з судовых пасяджэнняў і, як сама прызнаецца, тады яшчэ не да канца ўсведамляла, чым і для чаго займаецца.

Менавіта Аляксей пазнаёміў Анісію са светам праваабарончых арганізацый, хаця іх бацькі, выкладчыца гісторыі і інжынер, да гэтага часу лічаць, што гэта «не жаночая справа і глупства».

Прыйшла ў «Вясну» ў 15 год

У 2012 годзе «вясноўцы» арганізоўвалі валанцёрскую службу. Дзяўчына адразу запоўніла анкету і трапіла ў новастворанае адгалінаванне арганізацыі. Ёй было ўсяго 15. Анісія расказвае, што ў сваім маладым узросце пастаянна сутыкаецца з дыскрымінацыяй і несур’ёзным стаўленнем.

У валанцёрскай службе яна курыруе правядзенне кінапраглядаў і адукацыйных мерапрыемстваў, прысвечаных правам чалавека. Падчас пратэстнай вясны-2017 Анісія апытвала людзей, якія пацярпелі ад сілавікоў. Каму канкрэтна тады дапамагала — прыгадаць не змагла, кажа, што людзей было вельмі шмат.

Кінула каледж, бо не знайшла дыялог з выкладчыкам

Анісія вучылася ў юрыдычным каледжы БДУ, які мелася скончыць у мінулым годзе, але, як сцвярджае дзяўчына, у яе здарыўся канфлікт з выкладчыкам, таму яна прынцыпова не пайшла на абарону дыплома. «На абароне курсавой мне паставілі 8 балаў, а пасля пачалі распытваць, чаму я перавялася на завочнае навучанне.

Я расказала, што разам з «Human Constanta» дапамагала апытваць чачэнскіх бежанцаў у Берасці, пасля чаго выслухала вельмі шмат негатыву і агрэсіі адносна гэтых людзей і мяне. Было агучана, што трэба было паставіць мне не «8», а максімум «5». Тады я зразумела, што аб’ектыўнасці не дачакаюся, і не пайшла на абарону дыплома.

Але хачу аднавіцца і закончыць навучанне — у першую чаргу для бацькоў», — расказала «НН» Анісія.

Дзяўчына не выключае, што будзе атрымліваць яшчэ якую-небудзь адукацыю, але пакуль не разумее, чаго б ёй хацелася.

Вядзе самастойнае жыццё

Анісія жыве асобна ад бацькоў: разам з сяброўкай яны здымаюць прыватны дом.

Фінансава дапамагаюць маці з татам.

Таксама яна атрымлівае ганарары за тэхнічную дапамогу ў арганізацыі розных форумаў і семінараў.

Была замужам, развялася

Анісія была замужам за актывістам Арсенем Гурскім: яны былі разам на працягу пяці гадоў (ажаніліся ў 2016-м), на столькі ж ён быў старэйшы за каханую. Цяпер дзяўчына не мае стасункаў, а свой шлюб успрымае як «добры вопыт, які дапамог зрабіць карысныя высновы».

Анісія кажа, што пакуль не разумее, што дасць ёй такое прызнанне часопісам Forbes, як яно паўплывае на яе жыццё. Яна ўспрымае гэта як не сваю ўзнагароду, а выдатную адзнаку дзейнасці ўсёй арганізацыі.

На цырымонію ўзгароджання ў Лондане Анісія не трапіла, бо не паспела аформіць візу.

Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў гераіні

18
Андрусь-зь-Менску / Адказаць
23.01.2018 / 15:19
Молодец, что тут скажешь.
21
Стоцік / Адказаць
23.01.2018 / 15:29
"Анісія была замужам за анархістам Арсенем Гурскім, актывістам ініцыятывы «Без'ядзерная Беларусь»: яны былі разам на працягу пяці гадоў"
Ёй жа 21 годзік!
У 16 пабрацца шлюбам... У нас жа не Туркменістан? 

https://nn.by/?c=ar&i=203635

18
Альфа / Адказаць
23.01.2018 / 15:35
молодец, поздравляем! 
Паказаць усе каментары/ 46 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру