Мінскі абласны суд, разгледзеўшы крымінальную справу па п. 6 ч. 2 арт. 139 КК «Забойства з асаблівай жорсткасцю», вынес абвінаваўчы прысуд 29-гадоваму хлопцу. Злачынства адбылося ў ноч на 22 мая ў Барысаве. Малады чалавек прыйшоў у госці да знаёмага, паміж імі завязалася сварка.

— Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, жыхар Барысаўскага раёна на глебе асабістых непрыязных адносін з пацярпелым нанёс яму 3 ўдары рукамі і нагамі і 13 удараў нажом у жыццёва важныя органы. У выніку чаго 28-гадовы пацярпелы пасля пакутаў памёр на месцы здарэння ад множных ран шыі, грудной клеткі, правай кісці, ад страты крыві і шоку, — каментуе Юлія Ланеўская, старшы пракурор аддзела па наглядзе за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па крымінальных справах пракуратуры Мінскай вобласці.

Падчас судовага працэсу Юлія Ланеўская была дзяржаўным абвінаваўцам. Падчас спрэчак яна запатрабавала для абвінавачанага пакаранне ў выглядзе 17 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Санкцыя па дадзеным артыкуле (ч. 2 арт. 139 КК) прадугледжвае пакаранне аж да пажыццёвага зняволення або расстрэлу. Выслухаўшы ўсе бакі, Мінскі абласны суд прызнаў маладога чалавека вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю і прысудзіў да 16 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд не ўступіў у законную сілу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?