Пятро Брыгадзін з 2001 да 2003 быў міністрам адукацыі. З таго часу працуе дырэктарам Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ.

Пятро Брыгадзін — прафесійны гісторык, які займаецца пачаткам ХХ стагоддзя. Ён аўтар кніг «На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920)» і «Паміж Усходам і Захадам: станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939)», сумесна з Уладзімірам Ладысевым.

100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі — цудоўная нагода паразмаўляць пра тыя падзеі, як яны бачацца сёння.

«НН»: Пятро Іванавіч, 25 сакавіка будзе 100 гадоў ад моманту абвяшчэння незалежнасці БНР. Што значыла тая падзея для нашай гісторыі?

Пятро Брыгадзін: Гэта быў працэс дзяржаўнага самавызначэння, які пачаўся ў 1917 годзе, яшчэ да рэвалюцыі. Нічога не здараецца ў адзін момант. Гэты працэс ішоў на працягу ўсяго 1917 года, 1918 года і больш-менш ён акрэсліўся толькі ў 1920 годзе, пасля другога абвяшчэння БССР. Адна падзея неразрыўна звязаная з іншай.

Была і спроба паразумецца з Часовым урадам. Беларуская дэлегацыя, напрыклад, ездзіла ў Петраград, каб дамовіцца аб аўтаноміі краю. І нават такая вельмі абмежаваная ідэя аўтаноміі мела шмат праціўнікаў. Многія не разумелі, што адбываецца, а такія ж працэсы ішлі ў краінах Балтыі, ва Украіне, у Аўстра-Венгерскай імперыі.

Галоўная складанасць была ў тым, што нас не прызнавалі за асобны этнас. І праз гэта рух не быў такі аформлены, як на іншых тэрыторыях. На беларускіх землях гэты працэс меў мноства праціўнікаў. Існавалі шматлікія расійскія партыі, а нацыянальныя партыі, як Беларуская сацыялістычная грамада, былі слабыя. Бежанства скінула велізарную колькасць беларусаў у Расіі. На невялічкай тэрыторыі, якая была акупаваная нямецкімі войскамі, нацыянальныя рухі мелі шмат абмежаванняў.

І тое, што пасля разгону Усебеларускага з’езду 1917 года прэзідыум працягнуў ягоную справу па падрыхтоўцы Устаноўчага сходу, мела значнасць. На такім раздарожжы, калі немцы адышлі, а бальшавікі яшчэ не прыйшлі, з’явілася магчымасць для нацыянальнага самавызначэння.

«НН»: Як увогуле ў беларусаў у тыя часы саспела ідэя аб уласнай аўтаномнасці ці нават незалежнасці?

ПБ: Нацыянальная ідэя ў часы крызісаў вымалёўваецца найбольш выразна. На памежжы этнас пачынае востра адчуваць сябе этнасам.

Калі бежанцы раскінуліся на ўсёй тэрыторыі Расіі, то зразумелі, што яны не зусім рускія. Ім казалі, што яны «рускія», але іх проста не разумела сталае насельніцтва тэрыторыі, дзе яны апынуліся.

Таму бежанскія арганізацыі вельмі актыўна ўключыліся ў нацыянальнае адраджэнне. Беларускія арганізацыі ствараліся ў Петраградзе, Маскве, Варонежы, Арле, Адэсе…

Тыя, хто ўдзельнічаў на франтах, стваралі нацыянальныя адзінкі: украінскія, літоўскія. І беларусы таксама. Гэтыя працэсы падштурхнулі да арганізацыйнага афармлення. Калі сябры вайсковай рады выйшлі з турмы, куды іх пасадзілі бальшавікі, яны адразу заявілі, што ствараюць свой сакратарыят. Вось гэтыя члены прэзідыума Усебеларускага з’езда, дэлегаты палітычных партый і абвесцілі аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны скарысталіся тым невялікім часавым прамежкам, які мелі.

Абвесцілі аб стварэнні БНР, але немцы праз чатыры дні разагналі сакратарыят, сказаўшы, што беларусы занадта многа на сябе ўзялі. Потым былі другая, трэцяя ўстаўныя граматы.

Але галоўнае, што было зроблена, — заяўлена, што беларусы маюць намер стварыць сваю дзяржаўнасць.

І гэта вельмі важны фактар. Чаму? Мы не кажам, што ў нас сёння ёсць нейкія канфлікты з суседзямі, не, іх няма, але пра гэта трэба казаць. Бо на гэтую зямлю заявілі свае прэтэнзіі і палякі, і літоўцы, і ўкраінцы. УНР стварыла свае цэнтры кіравання ў Брэсце, Гомелі ды Мазыры і лічыла, што Палессе — іхняе.

Так здарылася, што мы знаходзімся на памежжы. Малому народу складана выжываць на памежжы без падтрымкі, а падтрымкі не было. Калі не будзе міжнароднага прызнання, то нічога не будзе.

«НН»: А хто на той момант мог даць тую падтрымку?

ПБ: Балтыйскія краіны і ўкраінцы звярталіся да немцаў: «Пад нямецкай уладай мы здабудзем сваю волю». І Літва, Эстонія, Латвія пад патранажам Вільгельма стваралі сваю дзяржаўнасць. А беларусаў ніхто не падтрымаў, ніхто! Таму і кідаліся ў розныя бакі. Хацелі звярнуцца да палякаў, але Скірмунт сказаў: «Не, толькі да немцаў». Ён там вучыўся, добра мову ведаў, ездзіў да іх як прэм’ер-міністр. Была і вядомая тэлеграма кайзеру.

«НН»: А вы лічыце памылкай тую тэлеграму?

ПБ: Ды якая памылка?! Не! Тыя падзеі варта разглядаць не з гледзішча нашага разумення. А трэба паставіць сябе на месца чалавека таго часу, які шукаў выйсця. Людзі бачылі, што суседзі зрабілі вось так, яны ўжо накіравалі тэлеграмы кайзеру, маўляў, мы пад вашай уладай. А чаму нам не зрабіць так?

А ў той жа час польскі корпус генерала Доўбар-Мусніцкага ўжо захапіў палову Мінска. І што тут рабіць? Трэба шукаць нейкае выйсце і паратунак. Гэта была суперскладаная задача. А яшчэ і Пілсудскі абвесціў пра стварэнне ІІ Рэчы Паспалітай. А Пілсудскі родам з гэтых мясцінаў, называў сябе беларусам. Я сам знаходзіў у архіве ў Маскве, што Пілсудскі пры арышце ў анкеце запісаўся беларусам.

Сёння трэба разглядаць тую тэлеграму як спробу знайсці выхад. Але гэта раскалола Раду. Бо была прарасійская група, прапольская. Шмат хто лічыў, што падтрымку трэба шукаць на ўсходзе, бо там рэвалюцыя, сацыяльная справядлівасць. На Расію спадзявалася цэлая група. Тая ж Бадунова, якая была родам з Гомеля, была рускамоўнай. Дэлегацыя ездзіла ў Маскву на перамовы. Шмат хто не разумеў, як увогуле можна жыць без Расіі.

«НН»: 25 Сакавіка 1918 — гэта быў адчайны крок групы рамантыкаў займець уласную дзяржаву ці нешта большае?

ПБ: Прыйшлі да разумення, што абвяшчэнне незалежнасці неабходнае. Першы крок жа быў ужо зроблены, другі зроблены. Застаецца толькі арганізацыйна абвесціць, што мы ствараем незалежную дзяржаву. Гэта ўсё было лагічна, а ніякі не крык адчаю.

Немцы ставіліся да ўсяго гэтага неяк абыякава. Ну займайцеся культурна-асветніцкімі справамі, нечым яшчэ. Ва ўрада БНР былі абмежаваныя паўнамоцтвы. Але яны накіроўвалі прадстаўнікоў на перамовы за мяжу, адкрывалі консульствы. Яны спрабавалі зачапіцца любымі шляхамі. Калі чытаеш дакументы, то разумееш усю складанасць. Разумелі яе і тыя людзі, якія гэта рабілі.

Яны больш за ўсё баяліся, што краіна будзе падзеленая. Гэта быў самы вялікі страх.

Была складанасць па Віленшчыне, бо беларускія дзеячы лічылі яе толькі сваёй тэрыторыяй. Тым больш беларусаў па перапісе ў Вільні было значна болей, чым літоўцаў. Польшча таксама заявіла свае інтарэсы на Віленшчыну. І літоўцы, Тарыба, больш прыязна ставіліся да беларусаў, як хаўруснікаў у супрацьстаянні палякам.

«НН»: А што стала галоўнай прычынай, што пераўтварыцца ў паўнавартасную дзяржаву БНР так і не змагла?

ПБ: Адсутнасць падтрымкі. Толькі гэта! Таму нашы прадстаўнікі і ездзілі на міжнародныя канферэнцыі ў Парыж, Берлін, спрабавалі дагрукацца, каб нас пачулі. Балты ўтрымаліся да Другой сусветнай, бо дапамаглі немцы. Немцы лічылі гэта Прусіяй, землямі Курляндыі, таму і сталі дапамагаць. Краіны Балтыі заўсёды былі бліжэйшымі да Захаду. А тыя працэсы, што адбываліся ў нас у ХІХ стагоддзі, вельмі паўплывалі на гісторыю. Мы страцілі тады занадта шмат сваёй інтэлігенцыі.

«НН»: Якія пазітыўныя моманты прынесла абвяшчэнне незалежнасці БНР?

ПБ: Гэта крышачку пазней падштурхнула савецкія ўлады да стварэння БССР. Гэта быў значны козыр у перамовах! Што такія працэсы самавызначэння адбываліся і на тэрыторыі Беларусі. І Ленін, калі абмяркоўваў стварэнне БССР, то пісаў у лістах, што яна патрэбная найперш як буферная тэрыторыя. Калі б не было Усебеларускага з’езду, усіх гэтых рухаў, то нічога б не было.

Трэба разумець, што БНР утваралася як часовая ўлада. Далей мусіў быць Устаноўчы сход, які павінен вызначыць уладу. І БНР была часовым інструментам перад Устаноўчым сходам, дзе і павінны былі абмяркоўвацца пытанні дзяржаўнага будаўніцтва.

Магчымасці былі вельмі абмежаваныя. Не было грошай, шукалі, дзе іх можна знайсці, а багатыя людзі ўжо часткова з’ехалі, нехта згубіў фінансы. Не ўсе тыя мецэнаты, хто фінансаваў рух у 1917 годзе, маглі рабіць так далей. Быў і крэдыт ад УНР. І шукалі магчымасць атрымаць крэдыт ад расійскай улады. Грошай не было, а як без грошай? Гэта цэлая тэма. Магчыма, з’явяцца гісторыкі, якія будуць вывучаць фінансаванне нацыянальнага руху ў 1917—1918 гадах. Бо вельмі цікава! А гэтая тэма амаль зусім нераспрацаваная. Некаторыя грошы згубіліся, некаторыя не дайшлі.

«НН»: А каго персанальна з стваральнікаў БНР вы маглі б вылучыць?

ПБ: Усю каманду, якая пасля разгону Усебеларускага з’езду не пабаялася. Многія ж адразу адышлі. А гэтыя людзі, каля 15 чалавек, гэты арганізацыйны камітэт, вартыя ўвагі: Язэп Варонка, Палута Бадунова, Макар Касцевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Тамаш Грыб, Алесь Прушынскі (Гарун), Леанард Заяц, Іван Серада, Язэп Дыла, Іосіф Лагун. Потым далучыўся мецэнат Раман Скірмунт. Яны засталіся ў ліку тых першых, хто ствараў уладу БНР. Гэта як Часовы ўрад, які быў створаны з дэпутатаў Думы, але дэпутатаў шмат, а часовы ўрад невялічкі. Гэта тыя, хто сказалі, што мы пойдзем далей.

«НН»: Гэта вельмі смелыя людзі?

ПБ: Канечне ж! І тыя, што ўваходзілі ў Вайсковую раду, спрабавалі стварыць беларускую армію, як Сымон Рак-Міхайлоўскі, і Кастусь Езавітаў, і Ігнат Дварчанін.

Рак-Міхайлоўскі меў больш магчымасцяў, ён служыў, быў дэлегатам на Усебеларускім з’ездзе ад арміі. Разумелі, што без арміі нельга абараніцца і весці размовы аб самавызначэнні.

«НН»: А сярод названых асобаў галоўнага рухавіка вызначыць можна?

ПБ: Не. Можа быць, Варонка, які і ўзначаліў Раду. Тамаш Грыб — вельмі разумны чалавек, адукаваны, сімпатычны. У яго была закаханая Бадунова, усё жыццё да яго цягнулася, але была значна старэйшая. Тамаш памёр хоць сваёй смерцю, а Палута… [расстраляная ў 1938. — Рэд.]

«НН»: Вы яшчэ станоўча ацэньваеце персону Рамана Скірмунта.

ПБ: Я проста ведаю, што ён рабіў. Сваім жыццём даказаў, што застаўся патрыётам.

Я родам з яго мясцінаў. Бацька Скірмунта пахаваны ў маёй вёсцы. І мой бацька, мой дзед, мама расказвалі пра Марыю, пра Генрыка, пра Рамана Скірмунтаў. Яны сустракаліся! Ён быў такі паляшук, гаварыў на паляшуцкай мове. Каля Скірмунта круціліся ўсе, цягнулі яго да сябе. Ён не правы быў, ён быў «краёўцам», уваходзіў у краёвую апазіцыю ў Дзяржаўнай Думе. Уся ягоная радня ўдзельнічала ў паўстанні 1863 года, пайшлі па этапе ў Сібір. Бацька Рамана быў найбагацейшым чалавекам на тэрыторыі Беларусі таго часу. Скірмунт разумеў, што ён з гэтай зямлі, быў патрыётам да апошняга. Тыя людзі, якія арганізоўвалі тут нешта, заслугоўваюць толькі павагі і нашай добрай памяці.

«НН»: Іх памяць трэба ўшаноўваць?

ПБ: Варта вельмі станоўча ацэньваць гэтыя імёны. Лёс у іх быў розны, але гэта будзе потым. Мы ж абмяркоўваем, што яны рабілі ў 1917—1918 гадах для беларускай дзяржаўнасці, і за гэта ім трэба сказаць дзякуй. Нашым дзядам і прадзедам, што яны тут нешта рабілі, каб мы стварылі незалежную дзяржаву. Гэтыя падзеі 1918 года ўжо вярнуліся ў нашую памяць, і гэта выдатна.

* * *

Пятро Брыгадзін

Нарадзіўся ў 1949 годзе ў вёсцы Моладава Іванаўскага раёна. Скончыў гістфак БДУ (1971). Выкладаў у БДУ. Рэктар Акадэміі кіравання пры прэзідэнце (2000—2001). Міністр адукацыі (2001—2003). Ад 2003 — дырэктар Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?