Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня падпісаў Дэкрэт №1, якім прадугледжаны меры па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Дакумент накіраваны ў першую чаргу на актывізацыю работы органаў улады па максімальным садзейнічанні грамадзянам у працаўладкаванні, стымуляванні працоўнай занятасці і самазанятасці насельніцтва, паведамляе яго прэс-служба.

У гэтых мэтах Дэкрэтам на ўрад ускладаюцца задачы па вызначэнні прагнозных паказчыкаў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва і пераліку тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы, ажыццяўлення маніторынгу, ацэнкі якасці і даступнасці паслуг у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва.

У сваю чаргу мясцовыя органы ўлады будуць забяспечваць індывідуальную працу з грамадзянамі на месцах пры правядзенні работы па іх працаўладкаванні і рэсацыялізацыі асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Акрамя таго, абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў змогуць дадаткова накіроўваць сродкі мясцовых бюджэтаў на рэалізацыю мерапрыемстваў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы, адзначаецца ў дэкрэце.

У новы Дэкрэт не ўвайшлі нормы аб збіранні з працаздольных непрацуючых грамадзян збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў. Пры гэтым асобы, якія раней прызнаваліся плацельшчыкамi гэтага збору, вызваленыя ад яго выплаты.

Дэкрэтам прадугледжаны канцэптуальна іншы падыход, накіраваны на стымуляванне працаздольных непрацуючых грамадзян да легальнай занятасці. Прадугледжана, што з 1 студзеня 2019 года такія асобы будуць праводзіць аплату субсідаваных дзяржавай паслуг па іх поўнай цане. Канкрэтны пералік такіх паслуг даручана вызначыць ураду.

Ключавая роля ў арганізацыі выканання нормаў Дэкрэта адведзена мясцовым органам улады. Для гэтага прадугледжваецца стварэнне мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі пастаянна дзеючых камісій, асноўнымі задачамі якіх з'яўляюцца садзейнічанне грамадзянам знаходзіць працу.

У склад камісій будуць уключацца дэпутаты ўсіх узроўняў, спецыялісты мясцовых органаў улады, а таксама прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў. Узначальваць камісіі, якія ствараюцца на раённым узроўні, будуць, як правіла, старшыні саветаў дэпутатаў.

Дэкрэт прадастаўляе камісіям шырокія паўнамоцтвы, у тым ліку па прыняцці рашэнняў аб вызваленні на пэўны час працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, ад абавязку аплачваць паслугі па поўным кошце пры наяўнасцi ў iх цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Для рэалізацыі Дэкрэта ўрадам будзе прыняты шэраг пастаноў, якімі будуць у тым ліку вызначаны парадак аднясення працаздольных грамадзян да незанятых у эканоміцы, пералік паслуг, што аказваюцца дадзеным грамадзянам па поўным кошце, парадак разліку аплаты за гэтыя паслугі і іншыя пытанні.

Акрамя таго, прадугледжваецца прыняцце ўрадам мер, накіраваных на актывізацыю прафілактычнай працы з працаздольнымі непрацуючымі грамадзянамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця; дзейнасці падатковых органаў па выяўленні і падаткаабкладанні ўтоеных прыбыткаў фізічных асоб.

Дэкрэт уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0