Упершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі распачатая крымінальная справа па артыкуле «Выкарыстанне рабскай працы» ў дачыненні да цыганскай сямейнай пары. З 2015 года гэтая пара выкарыстоўвала дзяўчыну ў якасці нявольніцы, паведамляюць «Жодзінскія навіны».

Ілюстрацыйны здымак.

Ілюстрацыйны здымак.

- Жыхарка Барысава апынулася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — паведаміў начальнік Жодзінскага ГАУС Віталь Пручкоўскі. — У свой час яна пасварылася з сям'ёй і сыйшла з дому. У дзяўчыны не было бацькі, а маці злоўжывала алкаголем. У доме пражывалі айчым, а таксама сястра разам з сужыцелем, які раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.

Жыць ёй не было дзе. Абставіны склаліся такім чынам, што ў хуткім часе яна апынулася ў чужой сям'і. За дах над галавой і ежу яна расплочвалася тым, што даглядала дзецей, прыбіралася ў хаце, гатавала ежу. Затым пад псіхалагічным ціскам, выкарыстоўваючы фізічны гвалт, яе прымусілі жабраваць.

Як распавёў начальнік наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі Жодзінскага ГАУС Міхаіл Рогаў, для яе надрукавалі тэксты з просьбай аб матэрыяльнай дапамозе нібыта хворым сваякам. Дзяўчыну прывозілі да крамы альбо гарадскога рынку, ставілі ў пэўнае месца, а самі кантралявалі: што яна робіць, колькі грошай ёй даюць. Калі набягала пэўная сума, яе забіралі. За некалькі гадзін у дзень яна «зарабляла» ад 50 да 200 рублёў.

Па выніках аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў гэтыя факты былі задакументаваныя. Сямейная пара і 25-гадовая дзяўчына затрыманыя. Па іх месцы жыхарства канфіскаваныя розныя аб'явы з просьбай аказання матэрыяльнай дапамогі.

Падчас далейшай праверкі было ўстаноўлена, што інфармацыя ў тэкстах аб хворых людзях не адпавядае рэчаіснасці. Міліцыя просіць усіх, хто ахвяраваў дзяўчыне больш за 50 рублёў, звярнуцца ў Жодзінскі ГАУС. Тады сямейную пару прыцягнуць да адказнасці яшчэ і за махлярства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0