У Мінску затрыманыя 25-гадовы і 24-гадовы жыхары сталіцы, якія працавалі ў інтэрнэт-краме і распаўсюджвалі асабліва небяспечны псіхатроп шляхам закладак. У момант затрымання ў маладых людзей пры сабе знаходзіліся 12 скруткаў з асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам і мабільныя тэлефоны, у якіх была інфармацыя аб закладках на тэрыторыі сталіцы, паведамляе ГУУС Мінскага гарвыканкама.

У кватэры аднаго з затрыманых былі канфіскаваныя яшчэ 29 скруткаў з парашкападобным рэчывам, электронныя шалі, пальчаткі, ізастужка, ўпаковачныя матэрыялы. Таксама цягам агляду абсталяваных маладымі людзьмі схованак, размешчаных у розных частках сталіцы, было канфіскавана больш за 127 грамаў рэчыва.

Згодна з заключэннем экспертаў, прадстаўленае на даследаванне парашкападобнае рэчыва, якое знаходзіцца ў палімерным пакеце, змяшчае ў сваім складзе асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва, якое не выкарыстоўваецца ў медыцынскіх мэтах — альфа-PVP.

Псіхатроп маладыя людзі забіралі з тайніка на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, затым прывозілі і рэалізоўвалі яго на тэрыторыі Мінска. Як патлумачыў адзін з затрыманых, прыбытковым бізнэсам ён вырашыў заняцца, каб разлічыцца з крэдытам, які ён браў на вяселле.

Зараз у дачыненні да затрыманых заведзеная крымінальная справа паводле ч.3 арт.328 ( «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў») КК Рэспублікі Беларусь. Ім пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 15 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0