Летась астраномы NASA выявілі планетарную сістэму з сямю землепадобнымі планетамі і назвалі яе TRAPPIST-1. Сістэма ўтрымлівае найбольшую колькасць планет, якія знаходзяцца ў так званай «зоне магчымага жыцця» зоркі — рэгіёне, дзе не занадта горача ці холадна, а на паверхні планет можа існаваць вада і іншыя неабходныя ўмовы для існавання жыцця.
Сістэма TRAPPIST-1 ва ўяўленні мастака
Правёўшы даследаванне трох патэнцыйна заселеных планет сістэмы TRAPPIST-1 метадам матэматычнага мадэлявання, навукоўцы выявілі новыя сведчанні на карысць таго, што як мінімум дзве з іх сапраўды могуць падтрымліваць жыццё. Аб сваёй працы навукоўцы Планеталагічнага інстытута ЗША падзяліліся ў часопісе Astronomy & Astrophysics, перадае The Guardian.
Выявілася, што планеты маюць вельмі незвычайныя яйкападобныя арбіты, што прымушае іх то крыху расцягвацца, то трохі сціскацца, тым самым атрымліваючы пэўны нагрэў паверхні ды ўнутранае часткі.
Гэты феномен носіць назву «прыліўнога нагрэву» і выклікае павышэнне знешняе тэмпературы на планеце, а таксама спрыяе запуску розных хімічных працэсаў і руху мантыйных пластоў, што стварае ўмовы, спрыяльныя для жыцця, як тое адбываецца і на Зямлі.
Планеты d і e (гл. малюнак) адчуваюць уздзеянне прыліўнога нагрэву значна менш за астатніх, і менавіта яны могуць з'яўляцца найбольш прыдатнымі для жыцця.
Сярэдні паказчык тэмпературы на паверхні планеты d можа складаць каля 15 градусаў Цэльсія. Планета e, паводле кіраўніка даследаванння Амі Бара, крыху халаднейшая, і тэмпература на яе паверхні можа быць аналагічная сярэднім паказчыкам нашай Арктыкі.
У наш час матэматычнае мадэляванне ёсць найбольш эфектыўным метадам вывучэння асаблівасцяў планет, аднак яно пакідае некаторыя істотныя прабелы. Напрыклад, такія мадэлі не могуць адказаць на пытанне аб тым, ці мае якая-небудзь з гэтых планет атмасферу.