29.01.2018 / 16:22

Што адбылося са школьнікам, які не спаў 11 сутак запар 4

У снежні 1963 года два амерыканскія старшакласнікі вырашылі даследаваць, колькі часу без сну здольны вытрымаць чалавек. Іх эксперымент дапамог навукоўцам зразумець, што адбываецца ўнутры нашага стомленага мозгу. Эксперымент скончыўся 8 студзеня 1964 года: у 17-гадовага Рэндзі Гарднера атрымалася правесці без сну 11 сутак і 25 хвілін.

Рэндзі Гарднер (злева) і навукоўца Уільям Дэмент (справа)

Брус Макалістар і Рэндзі Гарднер вырашылі, што паб'юць сусветны рэкорд, які ў той час належаў дыджэю з Ганалулу (той правёў без сну 260 гадзін, гэта значыць трохі менш за 11 сутак).

«Спачатку мы планавалі вывучыць, як жыццё без сну ўплывае на паранармальныя здольнасці арганізма, — тлумачыць Макалістар. — Калі мы зразумелі, што нам такое не па сілах, мы вырашылі высветліць, якое дзеянне аказвае пазбаўленне сну на здольнасці мазгоў і на гульню на баскетбольнай пляцоўцы. Гэта ўсё, што нам удалося прыдумаць».

Каб вырашыць, хто будзе паддоследным, яны падкінулі манетку, і гэткі гонар дастаўся ягонаму сябру. Але наіўнасць двух сяброў не абмежавалася гэтым.

«Мы былі ідыётамі, двума юнымі ідыётамі, — кажа ён. — Я таксама паспрабаваў быў не спаць, каб сачыць за ходам эксперыменту. Але пасля трох бяссонных начэй я раптам прачнуўся каля сцяны, на якой спрабаваў пісаць свае нататкі — наўпрост на сцяне».

Брус і Рэндзі зразумелі, што ім патрэбны трэці, і запрасілі яшчэ аднаго свайго сябра, Джо Марчыяна.

А неўзабаве да справы падключыўся і прафесіянал — даследчык праблем сну Уільям Дэмент са Стэнфардскага ўніверсітэта, які зараз ёсць адным з вядучых сусветных спецыялістаў, але ў 1964 годзе рабіў толькі першыя крокі ў новай для чалавецтва навуковай сферы — даследаваннях сну.

«У той час я быў, магчыма, адзіным чалавекам на нашай планеце, які праводзіў даследаванні ў гэтай сферы», — кажа Дэмент. —Бацькі Рэндзі вельмі турбаваліся, што эксперымент прычыніць яму шкоду, бо тады не ведалі, да чаго прывядзе доўгае пазбаўленне сну — магчыма, да смерці».

Такім чынам, да таго часу, як Уільям Дэмент прыбыў у Сан-Дыега, эксперымент працягваўся ўжо некалькі дзён, і Рэндзі пачуваўся даволі бадзёра — ніякіх асаблівых адхіленняў у яго не было заўважана. Але чым больш бяссонных дзён і начэй праводзіў юнак, тым больш нечаканых вынікаў выяўлялася.

Рэндзі рэгулярна правяралі на здольнасць адчуваць смак і пах, адрозніваць гукі, і праз некаторы час адхіленні ад нормы сталі прыкметныя.

Макалістар узгадвае, як Рэндзі казаў: «Не прымушайце мяне гэта нюхаць, я не ў сілах трываць гэты пах».

Рэндзі Гарднер нюхае розныя рэчывы

Да здзіўлення эксперыментатараў, ягоныя баскетбольныя навыкі ніяк не пацярпелі, але нават палепшыліся — зрэшты, гэта можна спісаць на тое, што ён быў вымушаны праводзіць шмат часу на спартыўнай пляцоўцы, каб перамагчы сон.

«Ён быў фізічна вельмі моцны, — успамінае Дэмент. — Мы прымушалі яго гуляць у баскетбол ці адводзілі ў боўлінг, нам трэба было яго чымсьці заняць, таму што калі б ён заплюшчыў вочы, ён услед заснуў бы. Цяжэй за ўсё было ноччу, калі асабліва няма чаго рабіць і нікуды не пойдзеш».

У рэшце рэшт, пасля 264 гадзін, праведзеных Рэндзі без сну, сусветны рэкорд быў пабіты. Эксперымент завяршыўся.

Але замест таго, каб нарэшце дазволіць Рэндзі легчы ў ложак і выспацца, яго змясцілі ў ваенна-марскі шпіталь, дзе ягоны мозг дасканальна даследавалі. 

Макалістар так апісвае тое, што здарылася далей: «Ён праспаў 14 гадзін — што не дзіўна — і прачнуўся толькі ад таго, што захацеў у туалет. Падчас яго першай ночы доля фазы хуткага сну была вельмі вялікай. Затым яна стала змяншацца і неўзабаве стала звычайнай».

«А потым ён зноў пайшоў у школу… Гэта было неймаверна», — дадае Дэмент.

Вынікі даследаванняў мозгу Рэндзі былі адпраўленыя ў навуковы цэнтр у Арызоне. Па словах Макалістара, было зроблена заключэнне, што «ягоны мозг нейкім чынам пастаянна ўваходзіў у дрымоту і выходзіў з яе: адныя яго ўчасткі засыналі, іншыя не спалі».

«Ён быў далёка не першым, каму давялося доўга, больш за адну ноч, не спаць, і чалавечы мозг у ходзе эвалюцыі, напэўна, навучыўся спраўляцца з гэтым, па чарзе даючы адпачываць розным сваім участкам. Гэтым можна растлумачыць, чаму не здарылася нічога дрэннага», — кажа Макалістар.

Многія спрабавалі потым пабіць гэты рэкорд, але Кніга рэкордаў Гінэса адмовілася рэгістраваць гэтыя спробы, палічыўшы, што яны могуць быць небяспечныя для здароўя.

11 сутак без сну ніяк не адбіліся на самаадчуванні Рэндзі (зрэшты, пазней паведамлялася аб тым, што на працягу некалькіх гадоў ён пакутаваў на бессань).

Адразу пасля эксперыменту двое старшакласнікаў зладзілі прэс-канферэнцыю на ганку хаты бацькоў Рэндзі. Сабраўся натоўп, пасыпаліся пытанні, і юнак, які не спаў 11 сутак, адазваўся аб сваім незвычайным досведзе па-філасофску.

«Гэта перамога духу над целам», — заявіў ён.

Рэндзі Гарднер

16
Maks / Адказаць
29.01.2018 / 16:47
Знакомый с университета не спал. Девять суток не спал. А потом вскрылся и с 7го этажа сбросился. Труп.
1
хамса / Адказаць
30.01.2018 / 13:35
у юнацтве (о, дарэчы, таксама дзесьці ў 17)) дзве ночы не спала запар.. дык адчуванне потым было, што не рэальнасць бачу, а гляджу кіно.. вакол сябе.. не ўяўляю, як можна 11 начэй не спаць.. у хлопцаў пэўна іншыя мазгі)
4
маленькая архітэктарка цемры / Адказаць
03.02.2018 / 16:06
>у хлопцаў пэўна іншыя мазгі)
а! забылася дадаць.. палічыла неістотным.. а гэта наадварот можа быць і істотна як раз такі) я ж у тыя дзве ночы і тры дні не мячык ганяла, як паддоследны.. а рабіла курсач) то бок займалася не столькі фізічнай, колькі (не пабаюся гэтага слова)) інтэлектуальнай працай)
ну проста.. хто ведае, той зразумее) у студэнтаў (і не толькі.. я і зараз так раблю)) нашай спецыяльнасці асаблівасць такая - адкладаць да апошняга моманту, каб потым працаваць па начах)
а люблю проста рабіць не як усе) рабіць тады, калі не робяць усе) і сцісласць часу)
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру