У гэтай гісторыі сплялося ўсё: мудрасць, хцівасць, крымінал, ФБР…

 

Найвышэйшыя на кантыненце

На пачатку ХІХ ст. асейджы лічыліся наймацнейшым індзейскім племенем у ЗША. Нават сама іх назва паходзіць з французскай мовы і значыць «ваяўнічы». Мужчыны-асейджы лічыліся найвышэйшымі на кантыненце — іх сярэдні рост складаў 1,9—2,1 м, гэта і цяпер нямала, не кажучы пра 200-гадовую даўніну.

У 1803 годзе прэзідэнт ЗША Томас Джэферсан купіў у Францыі тэрыторыю сённяшняга штату Луізіяна, на абшарах якога знаходзіліся землі асейджаў. Улады ЗША хацелі змусіць індзейцаў аддаць тэрыторыю белым каланістам. Урэшце ў 1870 здзелка адбылася. Асейджы пагадзіліся сысці са сваіх земляў, а ўрад плаціў ім 1,25 даляра за кожны акр (0,4 га). Гэтых грошай было дастаткова, каб набыць зямлю ў любым іншым месцы ЗША. Нямногім індзейскім плямёнам так шанцавала.

Увагу асейджаў прыцягнулі 1,5 млн акраў у штаце Канзас. Тэрыторыя была незаселеная і складалася галоўным чынам з камяністых пустак, непрыдатных для земляробства. Правадыр асейджаў Ва-Ці-Ан-Ка сказаў тады: «Мой народ будзе шчаслівы тут. Белы чалавек не зможа ўкласці жалеза ў гэтую зямлю. Тут многа ўзгоркаў, а белы чалавек не любіць узгоркаў і не прыйдзе сюды».

Правадыр асейджаў Ва-Ці-Ан-Ка.

Правадыр асейджаў Ва-Ці-Ан-Ка.

Асейджы купілі зямлю па 70 цэнтаў за акр і пераехалі. На той момант іх было каля трох тысяч — утрая меней, чым 70 гадоў назад. Столькі людзей было страчана з-за перасяленняў і хвароб, прынесеных белымі людзьмі.

Вялікая мудрасць Вялікага Сэрца

Тым часам амерыканскі ўрад хацеў сілай ператварыць індзейцаў у фермераў, каб іх стыль жыцця быў такі самы, як у белых каланістаў. У 1906 асейджы змушаныя былі падпісаць дамову, згодна з якой іх тэрыторыя, якая раней належала цэламу племені, была падзеленая на 2229 участкаў, па колькасці асейджаў.

Урад хацеў стварыць і заканадаўчую магчымасць для выкупу зямлі ў індзейцаў белымі каланістамі. Дамову падпісваў правадыр, якога белыя каланісты называлі Джэймсам Бігхартам (Big Heart — вялікае сэрца).

Бігхарт ведаў сем моваў, між іншым англійскую, французскую, мову сіу і лаціну, а на сустрэчу з белымі адзяваў касцюм.

Яму ўдалося ўставіць у дамову непрыкметны пункт, на які ніхто да пары не зважаў.

А менавіта: радовішчы газу, нафты, іншых карысных выкапняў, якія могуць знайсціся на землях асейджаў, будуць належаць цэламу племені.

Правадыр ведаў, што рабіў, бо яго супляменнікі ўжо знаходзілі невялікія крынічкі нафты на сваёй зямлі.

Калі правы на зямлю можна было прадаваць, дык правы на карысныя выкапні, дзякуючы Бігхарту, не прадаваліся. Іх можна было толькі перадаць у спадчыну. Але ўрадоўцы не адчулі тут падвоху.

Сітуацыя змянілася ў 1917, калі зямля асейджаў пачала выстрэльваць фантанамі нафты.

Гаспадары ўчасткаў зараблялі тысячы даляраў за дзень. Толькі ў 1925 годзе асейджы атрымалі 30 млн даляраў (на сучасныя грошы — каля 400 млн).

Прыбыткі дзялілі на ўсіх членаў племені, і на кожную сям’ю прыходзілася каля 600 тыс. штогод. Менавіта тады асейджаў абвясцілі найбагацейшым народам свету, а памерлага ў 1908 г. Бігхарта называлі «індзейскім Майсеем».

Белыя злодзеі

Асейджы пачалі карыстацца багаццем: куплялі дамы, лімузіны, выпраўлялі дзяцей вучыцца ў Еўропу. Наймалі прыслугу — часта белых.

Газеты пісалі пра рэальныя і выдуманыя экстравагантныя выдаткі індзейскіх мільянераў. Яны мелі, напрыклад, звычку выкідаць новыя машыны, прабіўшы кола.

«Яны робяцца такімі багатымі, што з гэтым трэба нешта рабіць», — пісалі газеты.

І ў 1921 г. Кангрэс ухваліў пастанову, згодна з якой кожная асоба, што мела прынамсі палову індзейскай крыві, мусіла мець белага фінансавага прадстаўніка.

Афіцыйна гэта мусіла абараніць індзейцаў ад іх саміх, каб яны не марнавалі багацце бяздумна. На практыцы куратары проста абкрадалі індзейцаў — напрыклад, куплялі ім тавары па завышаных цэнах, пакідаючы розніцу сабе. Так, адзін куратар купіў аўто за 250 даляраў, а індзейцу аддаў за 1250. Часам «прадстаўнікі» куплялі за індзейскія грошы цэлыя дамы, нібыта для індзейцаў, але жылі ў іх самі. Здараліся і звычайныя крадзяжы. Толькі за 1925 год у асейджаў скралі 8 млн даляраў.

Але белыя па-ранейшаму не маглі атрымаць права на здабычу нафты, бо такое права можна было толькі ўспадкаваць. Адзіны спосаб — увайсці ў індзейскую сям’ю. І жанчыны з племені асейджаў цешыліся надзвычайнай увагай з боку мясцовых белых. Бывалі і трагедыі, як у сям’і заможнай індыянкі Молі, жанатай з белым Эрнстам Буркхартам.

Эрнст і Молі Буркхарты.

Эрнст і Молі Буркхарты.

У кароткі час дзве яе родныя сястры і два стрыечныя браты былі знойдзеныя з смяротнымі агнястрэльнымі ранамі, маці памерла ад раптоўнай хваробы, а апошняя з жывых сёстраў Молі загінула ад выбуху бомбы. Забойцаў не знайшлі.

Молі з сёстрамі.

Молі з сёстрамі.

Усяго ад 1921 да 1925 г. пры нявысветленых абставінах загінулі каля 60 індзейцаў-асейджаў і белых, якія спрабавалі іх бараніць.

Стаў ахвярай невысветленых забойцаў нават адвакат Вільям Воган, юрыст Джорджа Бігхарта, пляменніка славутага правадыра. Адвакат ехаў да шэрыфа з дакументамі аб прыцясненнях індзейцаў, папярэдне сказаўшы таму па тэлефоне, што ведае імёны забойцаў. Яго цела знайшлі назаўтра з паламаным каркам каля чыгуначнага насыпу. Дакументы зніклі.

За справу бярэцца ФБР 

Злачынствы супраць асейджаў зацікавілі Эдгара Гувера, тады малавядомага кіраўніка Следчага бюро, з якога пазней вырасце ФБР. Але на той час агенты яшчэ нават не мелі права насіць зброі і праводзіць арышты. Гувер даручыў следства Тому Уайту, былому тэхаскаму рэйнджару.

Эдгар Гувер (справа) і Том Уайт.

Два гады следчая група збірала інфармацыю. Напрыклад, Уайт высветліў, што ў выніку серыі забойстваў сваякоў Молі Буркхарт яна стала спадкаемцай вялікіх радовішчаў нафты. Але, як індыянка, не магла сама распараджацца маёмасцю, а яе куратарам быў муж, Эрнэст Буркхарт.

На першы погляд ён падаваўся ўзорным клапатлівым мужам. Калі пачалі загадкава паміраць сваякі жонкі, многа зрабіў для таго, каб знайсці забойцаў.

Аднак калі следчыя прыціснулі яго, ён прызнаўся, што забойствы арганізоўваў яго дзядзька, уплывовы трымальнік ранча Біл Хэйл.

Біл Хэйл.

Біл Хэйл.

Эрнст прызнаўся таксама, што памалу падтручваў жонку, даючы атруту замест лекаў. Пасля яе смерці ён успадкаваў бы радовішчы і перадаў бы іх дзядзьку. Эрнста не стрымлівала нават тое, што ў іх з Молі былі дзеці. Хоць мозгам і арганізатарам злачынства быў усё ж дзядзька, віна Эрнста ў тым, што бязвольна выконваў усе яго загады.

Суд цягнуўся ад 1926 да 1929. Рэгулярна паведамлялася пра спробы подкупу прысяжных, запалохвання сведкаў. Буркхарта і яго дзядзьку асудзілі на пажыццёвае зняволенне. Але яны выйшлі датэрмінова.

Нафта скончылася, але ёсць казіно 

Іх удалося асудзіць толькі таму, што справа была распачатая ў федэральным судзе. Мясцовыя суды не захацелі б звязвацца з уплывовым абшарнікам Хэйлам, якога яшчэ называлі «каралём асейджскіх раўнінаў».

Молі Буркхарт развялася з Эрнстам, як толькі стала зразумелая яго роля ў той гісторыі. Яна выйшла замуж яшчэ раз, а памерла ў веку 50 год ад прычын, не звязаных з ранейшым падтручваннем.

У апошнія гады жыцця яна магла цешыцца сваёй удачай. У 1931 годзе Кангрэс ЗША скасаваў інстытут белых куратараў для індзейцаў. Праўда, і нафтавы струмень пачаў слабець… Нафта дагэтуль здабываецца на землях асейджаў, але ў сімвалічных аб’ёмах.

Унучка Молі Буркхарт атрымлівае за сваю нафту пару тысяч даляраў штогод — прыемны дадатак да сямейнага бюджэту, але лімузінаў не накупляеш.

Але асейджы нармальна пачуваюцца: у якасці кампенсацыі за прыцясненні з боку белых і амерыканскага ўраду улада ЗША дазволіла індзейцам трымаць у рэзервацыях казіно. А гэта бізнэс, яшчэ лепшы за нафтаздабычу, бо радовішча тут невычэрпнае.

Эмблема асейджаў.

Эмблема асейджаў.

Але асейджы не былі б самі сабой, каб не прыцягнулі ўладу да суду за шматгадовыя прыцясненні. У 2011 годзе, пасля 11-гадовага працэсу, індзейцы спагналі 380 тысяч даляраў кампенсацыі. Гэта была найбольшая ў гісторыі выплата ўраду ЗША індзейскаму племені.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?