30.01.2018 / 13:55

«Стихосложение — это интимное дело». Разговор с поэтессой Ольгой Гапеевой 6

Найлепшай паэтычнай кнігай 2017 года паводле версіі радыё «Свабода» стаў зборнік вершаў «Граматыка снегу» Вольгі Гапеевай.

Вольга — паэтка і перакладчыца. Яе творы перакладзены больш, чым на 10 моваў свету. Мінулы 2017 год быў досыць плённым для Вольгі: акрамя «Граматыкі снегу», свет убачылі яшчэ дзве кнігі аўтаркі. Гэта дзіцячая кніга вершаў «Дзве Авечкі» і кніга прозы «(в)ядомыя гісторыі». Мы сустрэліся з Вольгай, каб паразмаўляць пра творчасць, пераклады і натхненне.

Вольга Гапеева. Фота Жанны Гладко.

— Вольга, вы ўдзельніца шматлікіх паэтычных фестываляў. Толькі ў 2017 годзе ўзялі ўдзел у прэстыжных міжнародных фестывалях у Тбілісі, Македоніі і ў мастацка-навуковай праграме «Героі нашага часу». Распавядзіце, што вы там рабілі і што стала вынікам вашага ўдзелу?

— Фестываль у Македоніі быў вельмі насычаным, ва ўсіх паэтаў былі выступы кожны дзень, прычым у розных гарадах. Але больш за ўсё запомніліся адкрыццё і закрыццё фестывалю, гэта было сапраўды грандыёзна, арганізатары пастараліся. Яны маюць вялікі досвед, бо фестываль праводзіцца ўжо 56 год, і гэта падзея, безумоўна, значная для культурнага жыцця краіны. Там я пазнаёмілася з цудоўнымі паэткамі з Нарвегіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Турцыі, Польшчы, Аўстрыі, атрымала запрашэнне на міжнародны літаратурны фестываль у Калумбіі на наступны год.

У Тбілісі я прадстаўляла свае вершы, мой перакладчык Шота Іаташвілі, які таксама паэт, чытаў пераклады. Публіка была вельмі добрая і ўдзячная.

Напэўна самым цяжкім у эмацыйным плане стаўся праект, які арганізоўвалі немцы і ўкраінцы, бо тычыўся ён няпростай тэмы «Героі нашага часу». Я правяла міні-даследаванне, вывучала лісты, якія пісалі людзі з фронту і на фронт падчас розных войнаў. Вынікам стаўся верш, які я прэзентавала ў Нямеччыне ў снежні.

Вольга на фестывалі ў Македоніі.

— Вашы вершы часта перакладаюцца і друкуюцца ў замежных часопісах. Ці ёсць у вас думка зрабіць пераклад цэлага зборніка? Каб гэта было самастойнае выданне.

— Так, ёсць не толькі думка пра асобную кнігу, але мае перакладчыцы і я робім пэўныя крокі ў гэтым кірунку. Таму, спадзяюся, рана ці позна гэта адбудзецца.

— Вольга, ці правяраеце вы пераклады вашых вершаў на сэнсавыя перакручванні? І калі так, то якім чынам вы правяраеце пераклад на мову, якую не ведаеце?

— Калі пераклад робіцца на мову, якую я ведаю або магу больш-менш зразумець (мне як лінгвістцы часам гэта ўдаецца:)), то я абавязкова чытаю і так бы мовіць правяраю пераклад. Або яшчэ на падрыхтоўчым узроўні раблю падрадкоўнік ці прашу беларусаў, знаўцаў мовы, зрабіць яго, каб потым паэты маглі з імі працаваць. Калі ж мовы я не ведаю, то магу ўдакладніць тыя месцы, якія з’яўляюцца праблематычнымі, спытаць як перакладчыца/к з імі абышліся. Часам пытаюся ў носьбітаў той мовы, на якую пераклалі, пра іх уражанні.

— А самі свае вершы перакладаеце?

— Так, часам я магу рабіць падрадкоўнік або амаль гатовы варыянт, які потым рэдагуе носьбіт мовы — паэт ці паэтка, з якімі я супрацоўнічаю.

— На якую самую нетрывіяльную мову былі перакладзены вашыя творы?

— Для мяне ўсе мовы нетрывіяльныя J Калі казаць пра самыя апошнія пераклады, то гэта былі пераклады на хіндзі. Але як бы сумна гэта не гучала, лепш, калі вашыя творы будуць перакладзеныя на самую «трывіяльную» англійскую мову, што адкрые для вас шмат магчымасцяў.

— Што трэба зрабіць паэту-пачаткоўцу, каб яго вершы таксама заўважылі за мяжой?

— Трэба шукаць добрага перакладчыка/цу, ездзіць выступаць на міжнародныя фестывалі, знаёміцца з сучаснымі замежнымі паэткамі і паэтамі, бо ў літаратурным свеце часта сяброўства робіцца першым крокам да сумесных праектаў і ўзаемных перакладаў.

— Ці рабілі вы нешта сумеснае з іншымі паэтамі? І ўвогуле вы ўяўляеце магчымым працаваць над адным творам з кімсьці яшчэ?

— Я аддаю перавагу міждысцыплінарным праектам, таму больш супрацоўнічаю з мастачкамі, скульптаркамі, фатографкамі. Што тычыцца паэзіі ці прозы, то мне лепш працуецца самой. Усё ж напісанне верша — гэта даволі інтымная справа, прынамсі, для мяне.

Вольга са скульптаркай Мільянай Ісціянавіч ля іх сумеснай інсталяцыі (выстава «Фемінісцкая Арт-крытыка»).

— Некаторыя вашы творы былі пакладзены на музыку. Можа, хутка мы зноў зможам пачуць новы верш Вольгі Гапеевай у цікавым выкананні?

— У асноўным я супрацоўнічаю з электроннымі музыкамі. Зараз рыхтуецца новы альбом, які робіць Aortha, і рэліз якога запланаваны на вясну.

— Пытанне па кнізе «Граматыка снегу», але не па змесце, а па вокладцы :) Ці праўда, што белая скульптура, што на вокладцы — гэта вы? І калі так, то як яна стваралася?

Так, скульптура на вокладцы — злепак з майго цела. Гэта частка інсталяцыі, якую мы рабілі з чарнагорскай скульптаркай і мастачкай Мільянай Ісціянавіч для выставы «Фемінісцкая Арт-крытыка» (2014). Працэс «лепкі» быў доўгім, гіпс на маіх нагах сушылі спецыяльнай цеплавой пушкай, усё адбывалася зімой у неацяпляльным памяшканні, тады я літаральна адчула на сабе сэнс выказвання «мастацтва патрабуе ахвяраў»:) Потым рабілі злепкі з твару, што таксама было досыць пакутліва, але вынік быў таго варты. Мы з Мільнай вельмі любім гэту інсталяцыю і ганарымся ёю, на выставе яна была адной з самых эстэтычных і прыгожых.

Вокладка кнігі «Граматыка снегу».

Працэс стварэння інсталяцыі для выставы «Фемінісцкая Арт-крытыка».

— Існуе думка, што падчас стварэння трэба слухаць толькі сябе. Інакш, распыляючыся на «а што скажуць людзі», можна не стварыць нічога каштоўнага…

— Так, слухаць трэба ў першую чаргу сябе, бо дагадзіць усім не атрымаецца фізічна. Усе людзі розныя, нават сярод маіх сябровак і сяброў існуе разыходжанне адносна таго, каму што падабаецца з маёй творчасці. Але часам, калі я не ўпэўненая ў нечым, я магу звярнуцца да чалавека, якой ці якому давяраю, каб папытацца на ейную/ягоную думку. Часам, выслухаўшы разважанні другой асобы, я магу лепш сфармуляваць сваё стаўленне або зірнуць на сваю праблему з іншага ракурсу. Так што раіцца я магу, але рашэнне заўсёды застаецца за мной.

— Хто ці што вас натхняе?

Гледзячы на што:) Калі гаворка пра паэзію, то я не магу сказаць, што паэзія або пісьмо як такое — гэта пра натхненне. Каб напісаць добры верш, аднаго натхнення мала, больш за тое, натхненне можа быць, а верша можа і не атрымацца. Імпульсам жа для мяне выступае абсалютна ўсё, што мяне атачае, або тое, пра што я думаю.

У пісьменніцкай рэзідэнцыі, Аўстрыя.

Гутарыла Яўгенія Барысевіч

2
aviator / Ответить
30.01.2018 / 11:54
Дзякуй!
4
Кнехт / Ответить
30.01.2018 / 19:20
Прыемна ўсведамляць, што ў Беларусі ёсць таленавітыя людзі, якія беларускім словам так перадаюць свае думкі і пачуцці, што гэта цікава шмат каму ў свеце.
Поспехаў Вам, Вольга!
3
Чытач / Ответить
30.01.2018 / 21:41
Лепшая дзіцячая пісьменніца! 
Показать все комментарии/ 6 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера