Сьвятлана Вяргейчык – жанчына сярэдняга веку, ахайна апранутая, з пэдантычным складам розуму. Яна раскладае на стале сьведчаньні таго, што, па яе словах, зьяўляецца відавочнай маніпуляцыяй галасамі выбарцаў на сталічных участках 484 і 485 Старавіленскай выбарчай акругі – той самай, дзе балятаваўся Анатоль Лябедзька. Гэта пратаколы з афіцыйнымі лічбамі галасаваньня. Па падліках назіральніцы, яны завышаныя амаль у два разы.

Спадарыня Вяргейчык назірала за выбарамі на 484-м участку ў Менску (там яна была афіцыйна зарэгістраваная), а таксама на ўчастку 485, галасаваньне на якім адбывалася ў тым самым пакоі. Сваё дзяжурства жанчына распачала ажно 23 верасьня, і практычна не сыходзіла з участку ўвесь час, калі былі адчыненыя ягоныя дзьверы – да вечару 28-га верасьня. Той, хто калісьці быў назіральнікам на выбарах, ведае гэтую сыстэму: прыходзіць чалавек галасаваць, бярэ бюлетэнь, апускае яго ў урну – і назіральнік ставіць сабе ў нататнік рысачку. 23-га верасьня спадарыня Вяргейчык «назьбірала» 12 рысачак, на наступны дзень крыху болей – 21 рысачак, 25-га верасьня прыйшло 28 чалавек, 26-га прагаласавала 35 чалавек, а ў суботу, 27-га, бюлетэні апускаліся ў урну 40 разоў. «Наколькі я магла чуць, такія самыя лічбы шэптам паведамляліся сябрамі камісіі яе старшыні, – сьцьвярджае назіральніца. – Я даю вам чэсныя, канкрэтныя лічбы, я не адыходзячы сядзела, у прысутнасьці міліцыі, і ўсе мяне маглі бачыць. Я хадзіла на назіраньне як на працу. Прапусьціць магла ну хіба што адзін-два чалавекі. Хаця вялікага наплыву ня было, і людзей лічыць было нескладана. У асноўным ішлі людзі, старэйшыя за шэсьцьдзясят. З моладзі прыйшло на абодва ўчасткі 10 чалавек за гэтыя пяць дзён».

У дзень галасаваньня назіральніца вялікай актыўнасьці выбарцаў таксама не заўважыла. «Такім чынам, калі падсумаваць лічбы тых, хто прагаласаваў датэрмінова, на даму, і непасрэдна ў дзень галасаваньня, па маіх падліках атрымліваецца 658 чалавек», – абагульняе спадарыня Вяргейчык.

Цікава, што старшыня камісіі Ўладзімір Цароў катэгарычна адмовіўся паведаміць назіральніцы, колькі выбарцаў зарэгістравана на ўчастку, і колькі было прывезена бюлетэняў: «Тэлефануйце ў Цэнтарвыбаркам». «Я за дзесяць год першы раз сутыкнулася з тым, каб мне не давалі такіх дадзеных, – абураецца назіральніца. – Па-мойму, яны не зьяўляюцца сакрэтнымі».

Пачаўся падлік галасоў. «Спадар Цароў нас адсунуў далёка-далёка, загадваючы, як вайсковец. Маўчаць! Не ўставаць! Не варушыцца! – распавядае жанчына. – Выбарчая камісія з двух бакоў акружыла стол. Я была ўпэўненая, што там толькі 136 бюлетэняў, ну, хіба што, на пару чалавек магла памыліцца. Але калі выварацілі тую урну датэрміновага галасаваньня, мне захацелася проста сысьці. Яна была заваленая ў поўным сэньсе слова. Заваленая бюлетэнямі! Падобна да таго, што іх было нават болей, чым у урне, прызначанай для тэрміновага галасаваньня 28 верасьня. Папера, напэўна, распачкавалася, размножылася… Гэта неверагодна! Для мяне гэта было шокам. Калі яны бачылі, што чалавек сядзіць, увесь час назірае… Я знайшла ў сабе мужнасьць устаць і не сысьці, хоць і было мне сорамна, што людзі так па-нахабнаму ілгуць». Лічба, агучаная камісіяй, уражвала – па афіцыйных зьвестках прагаласавала 1163 чалавекі. «Гэта ж амаль у два разы больш чым магло быць на самой справе!», – абураецца спадарыня Вяргейчык.

Падобная карціна назіралася і на ўчастку 485. Афіцыйныя зьвесткі: з 1928 выбарцаў, зарэгістраваных на ўчастку, прагаласавалі 1010 прыйшлі на галасаваньне. «А па нашых падліках было толькі 560 чалавек разам з датэрміновым і галасаваньнем на даму», – ня згодная спадарыня Вяргейчык.

«Вы ведаеце, для старшыняў выбарчых камісіяў мы, назіральнікі, гэта нішто. Штосьці, напэўна, трэба зьмяняць. Такога сораму, як на тых выбарах, мне ніхто дагэтуль не нарабіў», – з сумам кажа жанчына і цяжка ўздыхае.

Падобныя гісторыі распавядаюць і многія іншыя назіральнікі, таму зьдзіўленьне выклікаюць нават ня сьведчаньні спадарыні Вяргейчык, а той факт, што большасьцю выбарцаў авалодала безнадзейная апатыя. «Усё і так за нас вырашана», – кажуць яны, панура апусьціўшы рукі. Вельмі рэдка даводзіцца чуць абурэньне з гэтай прычыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?