04.02.2018 / 15:06

HODL: камп'ютарны код як новая рэлігія, біткойн як сімвал веры 15

Вера здзіўляе мяне інтэлектуальнай лянотай, але я з ёй не спрачаюся… Негатыўны доказ заўжды немагчымы.

Роберт Хайнлайн.
Stranger in a Strange Land

Папярэджанне. Дадзены тэкст не з’яўляецца парадаю ці прапановаю інвестыцый у крыптавалюты ці іншыя інструменты, якія звязаны з тэхналогіяй «блокчэйн». Любыя супадзенні ў імёнах і падзеях выпадковыя. Аўтар можа змешваць агульнавядомыя факты, што ёсць у свабодным доступе, з уласным досведам ды мастацкай выдумкай у любым парадку, як яму далі ў галаву нявыяўленыя рэчывы. Будзьце асцярожныя.

Гэта крыху філасофскі эпізод, але аўтар лічыць яго неабходным, як арганізму неабходныя амега-кіслоты. Бо апасля значна лягчэй будзе распавядаць аб хмарачосах, пальмах, дзяўчатах, блакітных экспрэсах, белых яхтах і маланошаных смокінгах.

Калі ў мяне пытаюцца, кім я працую, — і дзецям, і дарослым я па-добраму адказваю, што казачнікам. Любая гіпотэза — гэта, па сутнасці, казка, і трэба паверыць, што яна будзе даваць болей за нуль з улікам верагоднасці поспеху і інтарэсу на ўзважаны капітал. Другім пытаннем дзеткі і дарослыя дазнаюцца, над якой казкаю я працую зараз. Але, калі дзетак цікавяць рыцары і цмокі, хто там каго выратаваў і перамог, дарослых — лічбы. Ці шмат там будзе грошай? А якія гарантыі? А як мне можна падключыцца? Кожнаму хочацца азалаціцца.

І, як доктару ў гасцях неахвота адрывацца ад келіха каньяку ды высвятляць, чаму ж у вас баліць спіна, а ў вашага дзядзі запушчаны гемарой, мне неахвота выкладаць кароткі курс партфельнай тэорыі, высвятляць апетыт да рызыкі ды ўжываць макраэканамічную клізму. Таму мне лепей распавесці казку папрасцей.

Ці ведаеце вы пра святы Грааль? Аднойчы Крышна вырашыў наведаць Пандаваў і Драўпадзі, якія жылі ў выгнанні ў лесе. І Крышна прыйшоў не адзін, а з усім сваім воінствам…

Святы Грааль.

Стоп! Стоп! Што гэта? А дзе рыцары і каралі? Што за Зіта і Гіта? Добра, каб залагодзіць вашае еўрацэнтрычнае ўспрыняцце свету… Кельцкі варыянт. Была калісьці за морам на захадзе краіна мёртвых, у якой быў чароўны замак, дзе захоўвалася чароўная чаша, па-старафранцузску — грааль. Толькі чысты думкамі і душою чалавек мог туды трапіць і, выпіўшы з яго, атрымаць усё, чаго яго чыстая душа пажадае.

Пазней кароль Артур і Рыцары круглага стала, якія ў постлацінскай Брытаніі ўвайшлі ў фальклор як сімвал барацьбы брытаў з панаехаўшымі англа-саксамі, сталі часткаю гэтай гісторыі, нібыта яны і шукалі ўсё жыццё той чароўны замак. Потым Рыцары круглага сталі ўжо сталі сімвалам змагання англа-саксаў з панаехаўшымі нарманамі. У сваю чаргу нарманы зафіксавалі гэтую казку ў песнях і аповесцях, зрабілі з яе забаўляльны брэнд для ўсіх на свеце рыцараў і дам. Акрамя таго, яны вырашылі, што гэты сасуд можа быць і сасудам крыві Сына Божага, якую з яго ранаў сабраў святы Іосіф з Рамафы. А здагадлівыя манахі адразу знайшлі магілы легендарных карнуэлскіх герояў, распачаўшы тым самым пошукі Грааля па Еўропе.

Так, узяўшы паганскую традыцыю і дадаўшы да яе хрысціянскі наратыў, людзі стварылі новы выдатны прадукт, які дажыў да часоў Галівуда і тэлеканала History. Кажуць, што прывезены са Святой Зямлі Грааль захоўвалі ў Францыі катары, потым тампліеры… Апасля ён згубіўся, але яго знайшлі і патаемна хавалі… масоны, нацысты, рэптылоіды і ананукі… Карацей, як заўжды, навокал мігранты і крызісы, таемныя знакі і сусветная змова. І толькі Грааль дапаможа вам вырашыць усе на свеце праблемы. Верыце, не?

— Ах, вы зноў пра палітыку, — уздыхнула гаспадыня і ўстала з канапы. — Не, панове, у гэтым выпадку мы з дзеткамі пойдзем.

За ёю гужам пайшлі з пакоя дзеткі. Толькі малодшы вельмі сур’ёзна паглядзеў услед, быццам вельмі хацеў даведацца, ці існуе тая змова.

— Так, ужо час напэўна, — зачыніў за імі дзверы гаспадар і падмігнуў нам з доктарам. — А мы з вамі…

Ён узяў тэатральную паўзу і шырокімі крокамі, нібыта мульцяшны злодзей, пайшоў у другі бок пакоя. З шуфлядкі высокага чорнага бара ён дастаў невялікую скрынку і пасля паставіў яе на канапны столік. Скрынка аказалася прыгожым х’юмідорам, знешнія сценкі якога блішчэлі лакіраваным чырвоным дрэвам. Гаспадар раскрыў х’юмідор і паклаў побач нож-гільяціну ды масіўную газавую запальніцу, якія блішчэлі хромам і такім жа лакіраваным дрэвам.

— Монтэ-Крыста, як запавёў нам таварышч Чэ! — усміхнуўся гаспадар. — Частуйцеся, панове.

Мы з доктарам па чарзе падышлі да століка ды ўзялі па цыгары. Потым узяў і гаспадар. Ён пацягнуўся да запальніцы. Я ж дастаў з кішэні трохцалёвыя запалкі.

Оh-оh-оh, un fin connaisseur [добры знаўца — фр.], — цокнуў языком гаспадар.

Калі ўсе распалілі цыгары і пачалі запаўняць пакой тытунёвым водарам, я працягнуў расповед.

Інвестыцыйны бум на артэфакты ў Еўропе ўзначальваў тагачасны Стыў Джобс — кароль Францыі Людовік IX, вядомы як Святы. Ён прысвяціў жыццё змаганню з нявернымі і шмат чаго прывёз з крыжовых паходаў, акрамя ўласна Грааля, тым самым падтрымаўшы легенду. Кожны горад хацеў мець нейкі кавалак ці рэліквію Хрыста ці хіба свайго святога патрона, а следам і кожны багаты ды паспяховы жыхар. Гандляры і крыжакі прывозілі артэфакты з Азіі, а майстры займаліся іх імпартазамяшчэннем на месцы. Два па кошце аднаго — для вас і для вашае жонкі.

Захаваннем Грааля хваліліся Валенсія, Генуя і, вядома, еўрапейская сталіца бізнэсу на рэліквіях — Турын. Валадары Турына, герцагі Савойскія, як цяпер падаецца, былі вельмі ўдалымі серыйнымі прадпрымальнікамі і венчурнымі інвестарамі свайго часу. Хто хадзіў з Рыма на поўнач і наадварот — усе там набывалі нешта. Святое, вечнае, тваё.

Афіцыйны Рым прызнаў артэфакты каштоўнасцю толькі праз шмат пакаленняў, у XVI стагоддзі, калі ўжо пік бізнэсу на іх даўно прайшоў — разумныя і багатыя сталі захапляцца мастацтвам, алхіміяй і Новым Cветам. Артэфакты сталіся часткаю еўрапейскай хрысціянскае традыцыі. Усе звыкліся, што яны існавалі, акрамя пратэстантаў, у склад пратэсту якіх уваходзіў і гэты пункт.

Вера ў артэфакты, рэліквіі і мошчы — гэта не хрысціянская фішка, а агульначалавечая. Так, у кожнай будысцкай сталіцы захоўваецца зуб Буды. Мудры быў чалавек і зубасты. У Маскве ляжыць для пакланення мумія Леніна. Хоць пудзіла, але ён — несмяротны сімвал веры. У кожным артэфакце ёсць пэўная энергія. Напрыклад, можна верыць у сантэрыю, вуду, кімбанду ці яшчэ якую моцную «варажбу», і там вам жрэц вышэйшай катэгорыі, якім па статусе трэба штодня ратаваць свет ад злых духаў, выдасць нейкі артэфакт для абароны. Бо раптам канец свету, а жраца побач не будзе?

Рэліквіі валодаюць дзвюма важкімі якасцямі — рэдкасцю і вялікаю каштоўнасцю для тых, хто падзяляе веру ў тое, што яны сімвалізуюць. Імі можа быць усё што заўгодна. Тут важна, наколькі моцная тая вера і наколькі лёгка фальсіфікуюцца артэфакты. Грааль выдатны тым, што, у адрозненне ад любых мошчаў, падрабіць яго немагчыма, як і знайсці. Ён жа павінен даць вам адказ — таму, у адрозненне ад любога іншага кубка, вы адразу зразумееце, працуе ці не.

Доктар, што дагэтуль увесь час навісаў над крэслам, вырашыў падысці да акна. Гаспадар яго папярэдзіў:

— Толькі прашу вас, не адчыняйце акно! Там замятуха такая, што ну яе да д’ябла!

— Так, — пагадзіўся доктар, не выпускаючы цыгары. — Мяце, далібог!

— Кажуць, што такой зімы не было з часоў пакойнага генералісімуса, — уставіў я.

— Але, — гаспадар набраў паветра, быццам хацеў распавесці палітычны анекдот. Аднак замест гэтага сказаў: — Вы працягвайце, калі ласка. Калі ўжо з’явяцца тыя грошы?

З грашамі якраз ўсё проста. Яны ўзніклі як мера вагі зерня ў Міжрэччы. Першыя транзакцыі замацоўваліся на гліне, на якой жа ўзнікла і першая пісьменнасць якраз для замацоўвання звестак аб тым, колькі ж ёсць таго зерня. Як бачым, усё пачалося з базы дадзеных і транзакцый. Багі далі магчымасць мець добрыя ўраджаі, людзі пачалі гэта фіксаваць. Яны ж далі нам сістэму ў 60 лічбаў, на якой заснаваная ўся астраномія, геаметрыя і ўласна вымярэнне часу.

Дык праблема з глінаю была ў тым, што яна была недаўгавечнаю. Таму знайшлі выйсце ў больш трывалых матэрыялах, для апрацоўкі якіх не трэба было складаных тэхналогій, — у пластычных мяккіх металах. Гэта абумовіла наступныя пяць тысяч гадоў гісторыі. І ўласна металічны стандарт грошай, і дзяржава — як трэці, як рэгулятар транзакцыі паміж эканамічнымі агентамі.

І грошы, і бог — гэта сацыяльныя з’явы. Яны існуюць толькі ў адносінах людзей. Грошы — у спажывецкіх пытаннях, багі — у этычных. Таму, спусціўшыся з гор, варвары-жывёлаводы, у якіх яшчэ не было складаных эканамічных зносін, успрынялі шумерскую канцэпцыю, як змаглі яе зразумець. Золата для іх было тоесна ўладзе над людзьмі, а ўлада тоесная магутнасці багоў. Бо ўсялякая ўлада ад бога. І яны пачалі верыць у залатое цяля.

Сам фізічны аб’ект падмяняў ім увесь той складаны шлях адкрыццяў, эксперыментаў і спрэчак, якім папярэднікі прыйшлі да карыстання золатам. Артэфакт умацоўваў веру, быў токенам таго, што бог даў ім магчымасць правіць гэтым краем і жыццёвы дабрабыт іх стаў значна лепшым. Усё новыя і новыя людзі, якія праходзілі праз Міжрэчча, успрымалі залаты стандарт ужо як факт, як догму. І разносілі яе далей па Еўразіі. Адпаведна, плямёны, пакуль не ўступалі ў кантакт з тымі людзьмі, нават не ўцямлівалі, што золата — гэта грошы. Але лёгка пераймалі гэтую канцэпцыю, бачачы, як лепшае матэрыяльны дабрабыт ад стандартызацыі гандлю.

Пры гэтым грошы з іншых металаў і з паперы з’явіліся ўжо праз тысячагоддзі, калі тоеснасць золата разарваць было амаль немагчыма. Бо дзяржавы, якія ўводзілі альтэрнатыўныя стандарты ў сябе, не маглі, зразумела, навязаць іх іншым народам, ад таго раней ці пазней гэта адбівалася на балансе іх замежнага гандлю. Праз тое тыя ж лаціняне і кітайцы даведаліся аб інфляцыі.

Толькі ў ХХ стагоддзі, калі з’явіліся тэхналагічныя магчымасці фіксаваць транзакцыі без страхаў згубіць інфармацыю аб іх, а значыць, і фальшаваць, золата перастала быць натуральнымі грашыма. Грошы сталіся той самаю абстракцыяй, як тыя гліняныя фігуркі казлоў і баранаў у старажытных халдзеяў. Нулямі і адзінкамі ў банкаўскіх базах звестак. Таварныя грошы засталіся толькі ў закрытых грамадствах, імі ёсць цыгарэты ва ўсіх турмах свету.

Але ж дзяржава працягнула быць гарантам і рэгулятарам гэтае абстракцыі. Гэтак жа, як інстытуты Рыма гарантавалі стандарт жыцця імперыі, які быў значна лепшы за альтэрнатывы.

Як тое бывае з новымі ідэямі, біткойн з’явіўся падчас крызісу.

Калі вера ў існуючую сістэму на мінімумах, калі імперыі развальваюцца, бедныя самнамбуламі навокал шукаюць лепшае долі, а багатыя хаваюцца ў сваіх палацах за трыма коламі аховы, баючыся, што плебс будзе патрабаваць іх крыві.

Асноўнаю навацыяй была размеркаваная база звестак, праўдзівасць якой запяспечваецца згодаю ўдзельнікаў. Увесь ланцужок транзакцый захоўваецца. Бліскучасць ідэі ў тым, што яе можна карыстаць для абсалютна розных мэтаў. Ад лічбавага пашпарта да дэмакратычных выбараў, ад усялякіх рэестраў маёмасці да пацведжання згоды на сэкс. Карацей, паўсюль, дзе вам патрэбна фіксіраваць пэўныя статусы, каб запяспечыць іх сапраўднасць і бяспеку, але не хочацца давяраць уласна звесткі нейкаму трэцяму агенту. Эстонія пачала выкарыстоўваць гэтую канцэпцыю для сваёй электроннай дзяржавы: для зямельнага фонду, судоў, медыцынскіх картак і рэцэптаў. Банкі пачалі шукаць магчымасць паменшыць выдаткі на ганлёвыя аперацыі. Страхавыя кампаніі, тэлекамунікацыйныя, юрыдычныя…

Але першапачатковай мэтаю аўтара біткойна былі менавіта грошы. Тут сышлося ўсё: і недавер да традыцыйных інстытутаў, і дэцэнтралізацыя сродкамі інтэрнэту, і «новая парадыгма». У тыя гады самым папулярным словам было disruption [перабой, падрыў, прабой — анг.]. Узнікалі стартапы, якія «падрывалі» рынак за рынкам, штодня вынаходзілі кола ды ровар. А што можа быць большай амбіцыяй, чым падарваць банкі і грошы? Гэты выток сусветнага зла і прычына мінулага крызісу.

Калі вы бачыце, як банкі атрымліваюць дзяржаўныя трыльёны, а вашыя бацькі губляюць працу. Калі вы працуеце за чалавека-гадзіны, а ваш сусед па офісе — мільянер, таму што ўладкаваўся сюды на год раней ды атрымаў апцыён. Калі на вас ціснуць узоры з медыя і суседскі «Поршэ»… Таму з апантаных стартапераў, інтэрнэт-утапістаў, крыпта-анархістаў, «залатых жукоў» і аматараў тэорый змоваў склалася армія евангелістаў, якія сталі разносіць чароўнае слова аб біткойне па прасторах інтэрнэту астатняе публіцы. На свеце існуе больш за 4 тысячы рэлігій. І ўвесь час узнікаюць новыя.

Гэтак жа, як хрысціянства вырасла на цесных вуліцах рымскіх гарадоў, там, дзе больш не было ні эліна, ні юдэя. Дзе ўсе сталі часткаю імперыі, зліліся ў адзіным арганізме, хрыбтом якога былі рымскія інстытуты, а крывёю — гандлевыя ланцугі Міжземнамор’я і грошы. Зусім як цяпер, у нашым адзіным глабалісцкім свеце. І людзям, якім не пасавала тая рэчаіснасць, прапанавалі выратаванне ў іншым, больш справядлівым свеце. Сімбіёз тагачаснае грэчаскае думкі, егіпецкага культу мёртвых, папулярнага сярод легіянераў культу Мітры-сонца, юдэйскага канона ды ўласна вучэння ад вучняў Хрыста, арыгінальных евангелістаў і стартапераў. Гэты стартап ахапіў мільёны жыхароў і ў часы цяжкага крызісу стаў галоўнаю вераю імперыі, калі адзін спрытны імператар сумясціў з ім культ сваёй улады. А потым і стрыжнем еўрапейскае цывілізацыі на тысячу з гакам гадоў.

І няхай вучэнне Хрыста было аб сур’ёзных рэчах, рэкламнаю фішкаю былі яго цуды, бо як інакш аддзяліць яго ад тысяч тагачасных філосафаў. Ён можа зрабіць віно, хадзіць па вадзе, памерці і зноў явіцца перад вучнямі жывым — як інакш прадаць вучэнне аб любові да блізкага цёмнаму непісьменнаму чалавеку, які ў заезджага гандляра набывае асліную мачу ў якасці сродку ад усіх хваробаў? І сын яго будзе набываць, і сын сына. Чым менш людзі бачылі дзейнасць імперскіх інстытутаў, тым больш ім патрэбны быў просты адказ на складаныя пытанні. Асабліва калі навокал бардак, крызіс і тысячы чужаземных бежанцаў.

Гэтак і біткойн даваў просты адказ на складаныя пытанні. Спачатку быў код. А потым быў HODL. Трымай біткоін — стары свет ляснецца, новы будзе жыць. У іх з’явіўся ўласны дагмат, і нават свой Ісус (Роджэр Вер), якога яны ледзь не ўкрыжавалі, калі ён вырашыў змяніць праект на адгалінаванне — BitcoinCash. Адпаведна, з’явілася першая ў свеце вера ў тое, што прадукт чалавечага розуму — камп’ютарны код — можа быць выратаваннем. Рэлігія 2.0.

HODL з’явіўся, як і ўсё ў эпоху інтэрнэту, як жарт. Чалавек напісаў, чаму ён трымае (англійскае hold) біткоін. Аднак памыліўся з парадкам літар, бо, па легендзе, быў не вельмі цвярозы. Так з’явіўся крыптавалютны «амінь», які потым пачалі расшыфроўваць як hold on your dear life (анг.: трымай усё свае дарагое жыццё). Адпаведна, недавер перанялі з прадажнага слэнгу — FUD (англійскае fear, uncertainty, doubt — страх, нявызначанасць, сумнеў). А ўсіх «няверных» абазвалі «безманетнымі» (англійскае nocoiners).

Аднак грошы — гэта вельмі прагматычны інструмент, прылада для падліку, як і нашыя пальцы. Каб пазбегнуць двайных выдаткаў, каб адзін аднаго не падмануў — патрэбны трэці. У гэтым сэнсе аўтар біткойна меў рацыю, калі прапанаваў трэцяга змяніць на адкрыты для ўсіх карыстальнікаў запіс. Якраз матэматыка падвяла яго: працэс стварэння новых грошай аказаўся занадта цяжкі і дарагі, а транзакцый сістэма падтрымлівае настолькі мала, што яе не хопіць на сучасны горад. Хіба на старажытны Ур. Каб сістэма працавала — выдаткі на яе раслі, а практычнасць не змянялася.

Але ананімнасць і прастата інструмента вабіла сотні прагнучых багацця. З таго замест няўдалага плацежнага сродку ён стаў «лічбавым золатам». Тысячы новых людзей спусціліся з гор і пачалі верыць у тоеснасць кода, лічбавае манеты і магчымасці раю на Зямлі. З намі код. HODL!

Мардэхай В.

5
Ясь Язьмін / Адказаць
04.02.2018 / 16:25
Я думаў, столькі пустых словаў намарынавала тутняя Хамса. Не, ізноў Мардэхай! Але, відаць, падсілкаваўшыся Хамсою з галавой.
1
хамса ниразунеделанная в томатном соусе / Адказаць
04.02.2018 / 16:41
фігець.. не мяне з Мардэхаем параўноўваюць, а яго са мной) ого)
Ясь, уся справа, відаць у тым, што Рэд. плоціць за колькасць знакаў і сімвалаў)
2
хамса ниразунеделанная в томатном соусе / Адказаць
04.02.2018 / 16:47
Ясь), смяецеся.. не ведаю, што такое крыптавалюта ды і проста валюта.. кажу ж - грошы не цікавяць мяне.. што - паверыць не можаце, што такое бывае?)) Мардэхай моцны ў эканоміцы ў нас.. а я наадварот у ёй нічога не разумею.. муж кажа, што прасцей за эканоміку нічога няма.. ну можа быць.. проста кажу - нецікава мне)
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру