У найбліжэйшай будучыні ў Польшчы будзе прыняты новы закон. Тых, хто публічна ўзгадае аб удзеле палякаў у знішчэнні яўрэяў будуць штрафаваць і саджаць у турмы, тых, хто будзе адмаўляць злачынствы «бандэраўцаў», — таксама.

У выніку афіцыйны Ізраіль абураецца, афіцыйная Украіна крыўдзіцца. Беларусь, як звычайна, маўчыць.

Што адбылося?

26 студзеня ніжняя палата польскага парламента прыняла папраўкі да закона аб Інстытуце нацыянальнай памяці. Цяпер за словы аб датычнасці палякаў да Халакосту прадугледжваецца жорсткае пакаранне: да 3 гадоў турмы. Падчас Другой сусветнай на тэрыторыі Польшчы месціліся шэсць буйных нацысцкіх канцлагераў (Асвенцім, Майданэк, Трэблінка і іншыя), але новы законапраект забараняе выраз «польскія лагеры смерці» — маўляў, стваралі іх немцы, а не палякі.

Акрамя таго, забаронена адмаўляць злачынствы украінскіх нацыяналістаў супраць палякаў (напрыклад, Валынскую разню, якую польскі ўрад прызнаў генацыдам). За парушэнне — таксама штрафы ці да 3 гадоў зняволення.

Пазбаўленыя адказнасці будуць толькі навукоўцы і дзеячы культуры. На замежнікаў, дарэчы, дзеянне закону таксама распаўсюджваецца.

Канчаткова закон пакуль не прыняты. Яго яшчэ мусіць разгледзець сенат, а пасля падпісаць прэзідэнт.

Прынцыповая пазіцыя Інстытута нацыянальнай памяці

Нейкі законапраект падобнага кшталту выспяваў даўно. У 1998 годзе ў Польшчы быў створаны Інстытут нацыянальнай памяці — гісторыка-архіўная ўстанова, якая мусіла займацца расследаваннем злачынстваў супраць польскага народа. З гэтага часу палякі пачалі асабліва пільна сачыць за сумеснымі ўзгадкамі палякаў і нацыстаў.

Напрыклад, слова «польскі» ў дачыненні да лагераў смерці даўно турбавала гісторыкаў. У 2008 годзе Інстытут увогуле заклікаў перарабіць мемарыяльныя дошкі ахвярам нацыстаў. На думку яго спецыялістаў, варта пісаць на іх не проста «ахвярам нацысцкага рэжыму», а менавіта «нямецкага нацысцкага рэжыму».

Таксама палякі дамагліся, каб ЮНЕСКА змяніла афіцыйную назву канцлагера Аўшвіц з «канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц» на «Аўшвіц-Біркенаў. Канцэнтрацыйны лагер нацысцкай Германіі (1940-1945)».

Палякі прымусілі адказаць за словы нават Барака Абаму. У 2012 годзе той у сваёй прамове ўзгадаў «польскі лагер смерці» падчас пасмяротнага ўзнагароджання Яна Карскага Прэзідэнцкім медалём свабоды. Адразу паляцелі скаргі: ад польскага МЗС і старшыні Аб'яднання Касцюшкі. У выніку прадстаўнік адміністрацыі Абамы растлумачыў, што прэзідэнт абмовіўся і меў на ўвазе нацысцкія лагеры смерці ў акупаванай Польшчы.

Акрамя таго, амаль кожная кніга польска-амерыканскага гісторыка Яна Гроса, прысвечаная ўдзелу палякаў у Халакосце, выклікала гучную палеміку і размовы аб турэмным пакаранні для аўтара за «прыпісванне палякам адказнасці за нацысцкія злачынствы».

Пратэст супраць публікацый Яна Гроса

Пратэст супраць публікацый Яна Гроса

Папярэдні раз скандал здарыўся ў 2016 годзе. Грос, пісьменнік і выкладчык у Прынстане, пісаў пра знішчэнне яўрэяў у Ядвабне і сцвярджаў, што забівалі іх палякі, а не немцы. Анджэй Дуда нават пагражаў забраць у Гроса Ордэн заслуг перад Польшчай, які гісторык атрымаў яшчэ ў 1996 годзе.

І гэта — толькі некалькі прыкладаў.

Акрамя таго, Інстытут нацыянальнай памяці вычышчае з сучаснай Польшчы не толькі «нацысцкі» след, але і камуністычны. Інстытут выступае за дэмантаж савецкіх помнікаў, перайменаванне вуліц, названых імёнамі камуністаў. Менавіта Інстытут апублікаваў сведчанні пра тое, што Лех Валенса супрацоўнічаў са спецслужбамі пад псеўданімам «Болек».

Спроба перайменаваць вуліцу імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім — таксама ініцыятыва Інстытута нацыянальнай памяці.

«Бясспрэчна, у Тарашкевіча ёсьць заслугі перад беларускай мовай. Але гэта не адмяняе ягоную камуністычную дзейнасць», — казаў прадстаўнік Інстытуту гісторык Мацей Коркуць у інтэрв’ю «Радыё Свабода».

Кансерватары на маршы

У польскай уладзе апошнія гады руляць кансерватары — партыя «Права і Справядлівасць», якая абапіраецца на традыцыйныя і нацыянальныя каштоўнасці і каталіцкую царкву. У 2015 годзе пост прэзідэнта заняў Анджэй Дуда, прэм’ер-міністра, які фарміраваў урад, — Беата Шыдло. Абодва — сябры «Права і Справядлівасці». У партыі і сённяшні прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Анджэй Дуда.

Анджэй Дуда.

Калі верыць вулічным апытанням, папулярнасць «Права і Справядлівасці» трымаецца на добрым узроўні — каля 38% у 2017 годзе. І гэта нягледзячы на пратэсты супраць судовай рэформы, закона аб абортах.

Менавіта «ПіС» і рэфармавала Інстытут нацыянальнай памяці, плануючы зрабіць яго «больш паважанай установай». У выніку і так невялікая дыстанцыя паміж уладамі і арганізацыяй яшчэ скарачаецца. Цяпер кіраўніка Інстытута прызначае сойм. А ў мінулым годзе польскі МЗС падпісаў з Інстытутам пагадненне аб супрацоўніцтве, каб «распаўсюджваць веды пра гісторыю і дасягненні Польшчы».

Дарэчы, закон пра злачынствы украінскіх нацыяналістаў даўно ўжо прасоўвалі таксама правыя — папулярная сярод моладзі партыя «Кукіз-15», якую ўзначальвае рок-музыка Павал Кукіз.

Што кажуць у свеце і ў Беларусі

Вельмі жорстка на апошнія навіны з Польшчы адрэагаваў Ізраіль. У ізраільскім МЗС заклікалі Польшчу змяніць закон перад яго разглядам у сенаце.

«Ніякі закон не можа змяніць гістарычную праўду», — адзначылі ў МЗС.

«Я катэгарычна супраць. Нельга змяніць гісторыю. Нельга адмаўляць халакост», — сказаў прэм’ер Ізраіля Біньямін Нетаньяху і дадаў, што даручыў паслу Ізраіля сустрэцца з польскім прэм'ерам Маравецкім, каб выказаць пратэст з нагоды законапраекта.

Адрэагавалі і украінцы, іх МЗС назваў польскі законапраект «аднабокім трактаваннем гістарычных падзей».

Беларускі МЗС ніяк не адрэагаваў на законатворчую ініцыятыву суседзяў.

«Прыняцце законаў — суверэннае права кожнай краіны, мы не каментуем гэта», — паведаміў «Нашай Ніве» прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

Праўда, паўгода таму беларускі МЗС адгукаўся на польскі закон аб зносе помнікаў савецкім салдатам, назваўшы «вайну з помнікамі» перапісваннем гісторыі.

«Мы каментавалі факт дэмантажу помнікаў, а не законапраект», — растлумачыў Дзмітрый Мірончык.

Так што ў Беларусі пакуль абураюцца толькі прыватныя асобы.

«Што ж, паспрабую больш у Польшчу без крайняй неабходнасці не ездзіць, як перастаў ездзіць у Літву пасля лінчавання Ванагайтэ. Турма за факты — такая «Еўропа» мне не патрэбна. Няхай складаюць сваю альтэрнатыўную гісторыю без мяне…», — выказаўся ў фэйсбуку заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер.

***

29 студзеня прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пракаментаваў законапраект і рэакцыю на яго. Дуда паабяцаў, што дакумент будзе пільна прааналізаваны і, магчыма, перагледжаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?