30.01.2018 / 17:47

У Егіпце знайшлі шкілет дзесяціметровага тытаназаўра 6

Знаходка зробленая ў аазісе Харга, што ў правінцыі Новая Даліна ў цэнтры Лівійскае пустыні, паведамляецца ў часопісе Nature Ecology and Evolution.

Палеантолагі падчас раскопак

Рэшткі велізарнае жывёлы, якая жыла ў гэтым раёне больш за 75 мільёнаў год таму, археолагі знайшлі яшчэ ў снежні 2013 года. Чатыры гады палеантолагі з універсітэта Эль-Мансура прысвяцілі іх вывучэнню, і толькі цяпер вынікі даследавання апублікавалі ў навуковым часопісе Nature Ecology and Evolution.

Дыназаўр, названы ў гонар універсітэта Мансуразаўрам, важыў 5,5 тон, меў доўгую шыю і хвост, перасоўваўся на чатырох лапах і быў траваедным, як і ўсе тытаназаўры, да якіх ён адносіцца.

Даследнікі адзначаюць, што шкілет Мансуразаўра з'яўляецца адным з найбольш поўных з усіх выяўленых у Афрыцы: добра захаваўся чэрап, ніжняя сківіца, шыя і хрыбетнік, а таксама канечнасці.

Рэканструкцыя шкілета

Паводле ацэнак навукоўцаў, гэты від дыназаўраў не падобны на іншых асобін, якія засялялі ў той перыяд тэрыторыю сучаснай Афрыкі: рэшткі ідэнтычныя заўраподам (яшчараногім дыназаўрам) крэйдавага перыяду, парэшткі якіх раней знаходзілі ў Еўропе і Азіі. Гэта дазваляе выказаць здагадку, што жывёлы не эвалюцыянавалі адасоблена, а мігравалі па кантынентах, у тым ліку паміж Паўночнай Афрыкай і Паўднёвай Еўропай.

Мансуразаўр, хутчэй за ўсё, жыў на ўзбярэжжы старажытнага акіяна, які размяшчаўся акурат там, дзе зараз пустыня. Таму гэтая знаходка таксама дазваляе ўдакладніць геаграфію крэйдавага перыяду, адзначаюць даследчыкі.

nn.by

2
Žvir / Адказаць
30.01.2018 / 18:24
Ciapier jasna, navošta ehipcianie budavali piramidy ! Bo im bylo ad kaho ū ich chavacca !!!
0
М. I. / Адказаць
30.01.2018 / 20:40
Змей Гарыныч
2
NavuchencaBK / Адказаць
30.01.2018 / 23:53
Незразумела, ў Эгіпце ці "ў аазісе Харга, што ў правінцыі Новая Даліна ў цэнтры Лівійскае пустыні"?
Лівійская ў Эгіпце?
І пустыня ці пустэча?
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру