31.01.2018 / 14:05

У Ісландыі забаранілі імя Андрэй як неісландскае 13

Ісландыя — адна з тых дэмакратычных краін, якія праводзяць надзвычай жорсткую моўную палітыку для зберажэння нацыянальнай адметнасці.

Папулярнае сярод славянскіх народаў грэцкае імя Андрэй не патрапіла ў спіс імёнаў, якія дазволена даваць дзецям у Ісландыі. Як паведамляе газета MBL, запыт аб яго ўнясенні ў спецыяльны нацыянальны рэестр быў адхілены ісландскім дзяржаўным камітэтам па асабовых імёнах.

Шышкоўшчына па-ісландску

У Ісландыі, насельніцтва якой складае 335 тысяч чалавек, надаюць асаблівую ўвагу захаванню чысціні мовы. Большасць замежных слоў, уключаючы і многія ўласныя імёны, ісландцы лічаць за лепшае не пазычаць наўпрост, а надаваць ім новую форму, адпаведную нормам і правілам іх мовы. У суседняй Расіі калісьці падобныя прапановы агучваў адмірал-мовазнаўца Аляксандр Шышкоў (1754—1841) і яго паслядоўнікі.

Менавіта клопатам аб чысціні мовы тлумачыцца тое, што ў Ісландыі імёны для нованароджаных неабходна выбіраць толькі з зацверджанага дзяржаўным камітэтам спісу, што стварае цяжкасці для замежнікаў, якія пераехалі жыць у Ісландыю. Выключэнні магчымыя толькі ў тым выпадку, калі і бацька, і маці дзіцяці, якое нарадзілася ў краіне, не з'яўляюцца грамадзянамі Ісландыі.

Імя Андрэй было адхілена па той прычыне, што яго канчатак у напісанні Andrej не адпавядае правілам ісландскай мовы. Як гаворыцца ў заяве камітэта, для перадачы адпаведных гукаў у ісландскай варта было выбраць для гэтага імя напісанне Andrei або Andrey. Не выключана, што менавіта ў такім выглядзе яно рана ці позна будзе ўнесена ў рэестр, у якім да гэтага моманту ёсць ужо пяць іншых варыянтаў імя Андрэй, якія выкарыстоўваюцца прадстаўнікамі розных народаў: Андрэан, Андрэас, Андрэ, Андрэс і ўласна ісландскае Андры.

Што ў імені табе маім?

На сённяшні дзень у рэестры парадку 3600 мужчынскіх і жаночых імёнаў, а ў гэтым месяцы ў яго было ўнесена 5 новых. Геймар і Брымтоўр — для хлопчыкаў, Гудна, Іселін і Л'ёуней — для дзяўчынак. Рока і Хоргдаль трапілі ў лік дазволеных у Ісландыі імёнаў, якія можна даваць дзецям абодвух полаў.

Каб новае для Ісландыі імя трапіла ў рэестр, яно павінна адпавядаць цэламу шэрагу крытэраў. Напісанне імя павінна адпавядаць правілам ісландскай фанетыкі і арфаграфіі, акрамя таго, у ім могуць выкарыстоўвацца толькі знакі ісландскага алфавіту, у якім налічваецца 32 літары, але пры гэтым адсутнічаюць лацінскія С, Q, W і Z. Ад новага імя павінны лёгка ўтварацца склонавыя формы (усяго ў ісландскай мове 4 склоны), а акрамя таго, яму павінен быць прысвоены граматычны род, які абавязаны адпавядаць полу дзіцяці, якое атрымлівае імя. Гэтыя правілы маюць асаблівае значэнне, паколькі ў большасці ісландцаў прозвішча замяняе імя па бацьку, так што спрэчнае мужчынскае імя мае шанцы стварыць праблемы двум пакаленням сям'і.

За выкананнем правіл сочаць 6 членаў дзяржаўнага камітэта. Траіх прызначае ісландскае Міністэрства юстыцыі, па адным эксперце прадастаўляюць факультэты філасофіі і права Універсітэта Ісландыі, а яшчэ адзін член камітэта з'яўляецца супрацоўнікам моўнага аддзялення Інстытута ісландскіх даследаванняў. У кожным канкрэтным выпадку яны таксама павінны вырашаць, ці з'яўляецца новае імя мілагучным, ці не выклікае непатрэбных асацыяцый у носьбітаў мовы і ці адпавядае еўрапейскай і ісландскай традыцыі наймення ў цэлым.

Барацьба за імя

У апошнія гады ісландская прэса шмат пісала пра некалькі гучных выпадкаў, калі жыхары краіны спрабавалі змагацца з існуючай сістэмай. Змяніць ісландскі закон аб асабовых імёнах пакуль не ўдаецца, але, напрыклад, у 2013 годзе суд прызнаў права тады 15-гадовай ісландкі насіць мужчынскае імя Блайр. Да гэтага моманту замест імя ў яе ісландскім пашпарце стаяла проста слова «дзяўчынка».

Правы сваіх дзяцей адстаялі таксама бацькі Данкана і Харыет Кэрдзью, чые імёны ісландскія ўлады таксама адмаўляліся прызнаваць і ўпісваць у пашпарты дзяцей. Выратаваў становішча той факт, што ў маці хлопцаў — ісландкі, якая выйшла замуж за брытанца, — было таксама грамадзянства ЗША, што дазволіла прызнаць замежнікамі абаіх бацькоў.

Найбольш вядомы выпадак коміка і былога кіраўніка горада Рэйк'явіка Ёна Гнара, які пры нараджэнні атрымаў імя Ён Гунар Крысцінсан. У 2010 годзе ён дамогся таго, каб яго другое імя было афіцыйна зменена з Гунар на дзіцячую мянушку Гнар, якую ён выкарыстоўваў амаль усё жыццё. Палітык таксама доўга хацеў цалкам пазбавіцца ад імя па бацьку з-за канфлікту з бацькам, але здолеў зрабіць гэта, толькі пераехаўшы жыць у ЗША ў 2015 годзе. Ісландскія ўлады пакуль не прызналі амерыканскі дакумент.

4
тутэйшы / Адказаць
31.01.2018 / 14:11
Они на защите своего этноса, а нашему уже кирдык пришел. С этим и поздравляю всех белоруссов!
21
прывід рагнара / Адказаць
31.01.2018 / 14:11
даёш забарону ў РБ імёнаў Ніл (Ньяль), Алег (Хельгі), Вольга (Хельга)!
3
belariy / Адказаць
31.01.2018 / 14:13
люблю Ісландыю  )))
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру