Баскетбалісты «Цмокi-Мiнск» атрымалі другую перамогу запар у другім групавым этапе розыгрышу Кубка ФІБА-Еўропа, паведамляе БелТА. Сёння каманда Аляксандра Круцікава прымала ў Мінску гасцей з венгерскага «Сальнока» і выйграла з лікам 86:61

Перад гэтай перамогай чэмпіёны Беларусі абыгралі на выездзе дацкі клуб «Бакен Бэарз» — 96:75, а раней пацярпелі тры паразы: на сваёй пляцоўцы датчанам — 85:86, у гасцях «Сальноку» — 45:79 і чарнагорскаму «Марнару» — 76:83.

У іншым сённяшнім матчы 5-га тура ў групе К «Марнар» прыме на сваёй арэне «Бакен Бэарз». Становішча каманд зараз такое: «Бакен Бэарз» — 7 ачкоў (4 матчы), «Марнар» — 7 (4), «Цмокi-Мiнск» — 7 (5), «Сальнок» — 6 (5).

Апошні паядынак мінскія «цмокі» правядуць на сваёй пляцоўцы 7 лютага супраць «Марнару». Пасля фінішу другога групавога этапу ў плэй-оф выйдуць па дзве лепшыя каманды з чатырох квартэтаў.

Сустрэчы 1/8 фіналу адбудуцца 7 і 14 сакавіка, чвэрцьфіналы — 21 і 28 сакавіка, паўфіналы — 11 і 18 красавіка. Уладальнік Кубка ФІБА-Еўропа вызначыцца пасля двух вырашальных паядынкаў, якія пройдуць 25 красавіка і 2 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0