Гісторыя адбылася яшчэ ўлетку 2017 года: 20-гадовы хлопец без правоў катаўся на матацыкле. У яго не было шлема — гэта прыцягнула ўвагу даішнікаў. Але хлопец вырашыў не спыніцца, а ўцячы. Пачалася пагоня. У выніку матацыкліст збіў 13-гадовую дзяўчынку, якая перабягала дарогу побач з пешаходным пераходам.
Далей пачалася тыповая для Альшан гісторыя. На вуліцы сабраўся натоўп мясцовых жыхароў, якія патрабавалі не затрымліваць аднавяскоўца, — маўляў, ДТЗ адбылося, бо яго матацыкл нібыта штурхнулі машынай даішнікі.
«Вяскоўцы сваімі дзеяннямі перашкаджалі працы міліцыянтаў. У адказ на законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі пакінуць месца здарэння 42-гадовы мужчына ўжыў да іх гвалт», — паведамляе пракуратура Брэсцкай вобласці.
У выніку даішнікі закрыліся ў машыне і не выходзілі, паведамляў падрабязнасці tut.by. А яшчэ чацвёра мясцовых (дваім з іх не было яшчэ 18 гадоў) пачалі біць па міліцэйскім аўто. На месца тэрмінова прыехаў нават міліцэйскі начальнік са Століна.
Гісторыя скончылася тым, што дзяўчынку шпіталізавалі, з парушальнікам разабраліся. А «абаронцаў» цяпер будуць судзіць.
Мужчыну, які пачаў канфлікт, затрымалі. Цяпер будуць судзіць за гвалт у дачыненні да міліцыі (а гэта — да 6 гадоў пазбаўлення волі).
Шкоду, нанесеную аўтамабілю ДАІ, ацанілі на 1100 рублёў. Тых, хто яе нанёс, вінавацяць у злосным хуліганстве. Паўналетнія абвінавачаныя пад вартай, непаўналетнія на волі, пад падпіскай.
Адказнасць за злоснае хуліганства — таксама да 6 гадоў зняволення.
Дарэчы, сам матацыкліст-бяспраўнік, які збіў дзяўчынку, быў пакараны «хатняй хіміяй».