Ва Украіне з'явілася «Нацыянальная дружына» — парамілітарная арганізацыя, якая ставіць сваёй мэтай усталяванне «ўкраінскага парадку» і складаецца з былых і дзейных байцоў палка «Азоў», а таксама іншых людзей правых поглядаў. 

«Дружыннікі», фота АР

«Дружыннікі», фота АР

«Нас шмат, мы не баімся ўжываць сілу, каб усталяваць на вуліцах Украінскі парадак», — паведамляецца ў фэйсбуку новай арганізацыі. 

Вось відэа з іх паказальнага шэсця па цэнтры Кіева 28 студзеня: сябры арганізацыі носяць сваю ўніформу, частка з іх — з закрытымі тварамі, апранутыя ва ўсё чорнае. 

Арганізацыя заяўляе, што для іх не з'яўляюцца аўтарытэтамі кіраўнік МУС Украіны Арсэн Авакаў і прэзідэнт Пятро Парашэнка. 

На сайце «Нацыянальнай дружыны» можна пакінуць заяўку на «вырашэнне праблемы». 

«Дружыннікі» ўжо адзначыліся ўварваннем у мясцовую раду Чаркасаў, а таксама бойкай з міліцыяй. 

Адметна, што сярод першых асобаў «Нацыянальнай дружыны» — беларус Сяргей Караткіх, па мянушцы Малюта. 

У Беларусі Малюта скончыў Інстытут дзяржаўнай бяспекі (па ягонай уласнай версіі — толькі 2 курсы), быў звязаны з РНЕ і асабіста са спецназаўцам Ігнатовічам, якому прыпісваюць жорсткае забойства азербайджанскай сям'і ў Мінску, а таксама выкраданне аператара Дзмітрыя Завадскага. 

Частка біяграфіі Малюты зацягнута туманам, да таго моманту, пакуль ён не ўсплыў на вайне ва Украіне. Там Караткіх даслужыўся да начальніка выведкі «Азова» і першым з замежнікаў атрымаў з рук Парашэнкі ўкраінскі пашпарт. Потым купіў сабе самалёт, кватэру ў Кіеве і задэклараваў, што пазычыў іншай асобе паўмільёна даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?