2 лютага каталікі адзначаюць Грамніцы (15 лютага іх святкуюць праваслаўныя). Царкоўная назва «Сустрэча Госпада нашага Ісуса Хрыста» — «Стрэчанне».

На Грамніцы ў цэрквах свецяць свечкі, і яны аберагалі хаты ад перуна.

Народная мудрасць кажа: «Грамніцы — палавіна зіміцы, маразоў палавіцы», ад сёння сонца павяртае на вясну.

Народныя прыкметы такія: «Як на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы, дык на Юр’я [23 красавіка, у праваслаўных 6 мая] вол наесца травіцы» (калі сёння адліга, то і вясна будзе ранняй), «Як на Грымніцы адліга, з ураджаю будзе хвіга» (калі сёння адліга, то вясна ранняя, а яна не спрыяе добраму ўраджаю, бо рана высыхае зямля).

Цікава, што год таму 2 лютага ў Беларусі адлігі акурат не было, і ў выніку вясна, апроч пары дзён у пачатку сакавіку, была вельмі позняй. У пачатку мая сыпаў яшчэ снег, а пацяплела толькі ў другой дэкадзе месяца.

У ЗША і Канадзе сёння — Дзень сурка.

У Амерыцы лічыцца, што вясна будзе ранняй, калі сурок Філ са штата Пенсільванія вылезе з нары і не спалохаецца свайго ценю, інакш вясны прыйдзецца чакаць яшчэ шэсць тыдняў.

У гэты дзень па тэлеканалах паказваюць фільм «Дзень сурка» з Білам Мюрэем. Сёлета фільму спаўняецца 25 гадоў!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0