Якое гэта было сэрца! У шнарах ад інфарктаў, арытмічнае ад хваробы, такое жывое і такое ранімае…

Я пазнаёміўся з Уладзімерам Плешчанкам у 1990 годзе, падчас працы ў Віцебскім гарадзкім клюбе выбаршчыкаў «За дэмакратычныя выбары», тады ён ужо быў сябрам Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Потым была супольная праца ў радзе «Выбар», якой ён кіраваў. Сёньня я пакуль ня маю права паведаміць пра ўсе тыя справы, што ён рабіў — не прыйшоў яшчэ час. Але магу пацьвердзіць, што ў самых сьмелых акцыях ён страхаваў легендарнага Мірона.

Уладзімера Плешчанку таксама з поўным правам можна назваць чалавекам-легендай: самы першы «беларускі Майдан», заснавальнікам якога ён быў, пачынаўся ў Віцебску — у цэнтры гораду, ля «сіняга дому». І ў сьцюжу, і ў сьпякоту мінакам здалёк была відаць постаць Уладзімера Плешчанкі. Так было шмат гадоў, і за некалькі дзён да сьмерці ён ізноў стаяў на сваім ганаровым месцы. Хто б мог падумаць, што гэта быў апошні раз...

Сёньня, калі яго ўжо няма з намі, я яшчэ больш цьвёрда ўсьведамляю, на што аказаўся здатны гэты беларускі Герой у змаганьні за Волю і Незалежнасьць роднай краіны, — ён ахвяраваў сабой, аддаўшы змаганьню самае галоўнае і каштоўнае, што ў яго было — сваё сэрца.

Барыс Хамайда, Віцебск

Дадаткова: З.Пазьняк: «Змаганьне Плешчанкі было найбольш блізкім да мэтаду Гандзі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0