Кіраўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец прапанаваў перайменаваць сталічную вуліцу Фрунзе ў вуліцу Быкава. Аднак у Мінгарвыканкаме TUT.BY растлумачылі, што сёння аб перайменаванні гаворка не ідзе, але вуліца Быкава ў Мінску ўсё ж такі можа з'явіцца.
Сталічныя чыноўнікі паведамілі, што да іх паступае шмат зваротаў з прапановай перайменаваць якую-небудзь з мінскіх вуліц у вуліцу Быкава ці назваць у гонар класіка беларускай літаратуры новую магістраль.
Пры гэтым у Мінгарвыканкаме звяртаюць увагу на закон «Аб назвах геаграфічных аб'ектаў»:
— У законе выразна напісана, што такое перайменаванне неабходна ўзгадняць з людзьмі, якія пражываюць на гэтай вуліцы. Гэта вельмі вялікая праблема, людзям трэба пераафармляць усе дакументы. У тым ліку таму камісія па перайменаванні і Мінскі гарадскі савет дэпутатаў не падтрымлівае такія ініцыятывы. Сёння аб перайменаванні гаворка не ідзе.
Зрэшты, ва ўпраўленні падкрэсліваюць, што імёны выдатных дзеячаў беларускай культуры і гісторыі можна прысвоіць новым вуліцам.