«Я рады, што займаўся навукай, што прынёс шмат карысці чалавецтву»: апошняе інтэрв'ю Барыса Кіта
Сёння не стала найстарэйшага беларуса свету Барыса Кіта. Ён адышоў у 108-гадовым веку. Прыгадаем гутарку, якую запісала з ім па тэлефоне на 107-годдзе журналістка «Народнай волі» Раіса Унукава.

«Яшчэ жыву!» —- пачуўся і шчаслівы, радасны смех. Рады, што можна паразмаўляць, ды яшчэ і па-беларуску. Ягоная сяброўка Тамара цяжка хварэе і цяпер рэдка прыходзіць, а рускамоўная Ірына, валанцёр, якая прыходзіла да яго амаль кожны дзень, пасля цяжкай аперацыі знаходзіцца ў санаторыі. Барыс Уладзіміравіч не можа хадзіць, а ў інвалідным вазку не шмат парухаешся. Таму ён увесь час сядзіць у маленькім пакойчыку, у чатырох сценах…
«Ну, якія ў вас навіны?»
— «Аніякіх. Праўда, днямі Амерыка (Кіт мае амерыканскае грамадзянства) турбавалася, ці жывы яшчэ, бо я атрымліваю амерыканскую пенсію. Дык вось, трэба будзе цяпер даказваць, што жыву. — смяецца.
Барыс Кіт паскардзіўся, што апошнім часам у яго кепскі настрой:
»Кепскі… Вельмі кепскі… У маёй сяброўкі Тамары вялікія непрыемнасці: днямі яе здароўе значна пагоршылася… Яна ўжо даўно хварэе на рак, але раней заўсёды часта прыходзіла да мяне. А цяпер… Цяпер не выходзіць ужо з хаты. Праз нейкі месяц ёй будзе ўжо 80. Дый Ірына, сястра міласэрнасці, якая была ў мяне амаль штодня, цяпер знаходзіцца на рэабілітацыі пасля перанесенай нядаўна аперацыі… І ад малодшага сына, які там, у Амерыцы, няма ніякай весткі. Што з ім? Дзе ён? Усё гэта не дае мне спакою. І я зараз страшэнна змучаны…»
— Чым вы заняты?
— Заняты думкамі, — адказвае ён. — Сяджу вось у вазку ці ляжу ў ложку і ўспамінаю сваё жыццё… Думаю пра тое, што зрабіў шмат дабра і для навукі, і для людзей. Успомнілася сёння, як я быў старшынёй першага сходу — гістарычнага сходу ў Вашынгтоне, на якім адбылося паяднанне СССР і Амерыкі ў ракетнай галіне. Гэта была першая двухбаковая сустрэча. 1960 год. У Амерыку прыехала група савецкіх акадэмікаў і міністраў. Паколькі я добра ведаў рускую мову і меў на той час вялікі вопыт у ракетнай справе, мяне і прызначылі кіраўніком гэтай групы. Успамінаю, што на гэтай сустрэчы не было ніякай палітыкі — толькі навука. Атмасфера была надзвычай дружалюбная… І я вельмі ганаруся, што распачаў гэтую справу, якая працягваецца і па сённяшні дзень. А вынікам тых перамоў стаў запуск у 1972 годзе савецка-амерыканскай сістэмы «Саюз—Апалон».
Я рады, што большую частку жыцця займаўся навукай, што прынёс шмат карысці чалавецтву… Я даследаваў неверагодна цікавыя рэчы ў галіне астранаўтыкі. Асабліва ганаруся тым, што ўдзельнічаў у распрацоўцы вадкага вадароду, які стаў асноўным ракетным палівам, дзякуючы чаму зрабілася магчымым падарожжа на Месяц… На працягу 25 гадоў я працаваў у галіне касмічных даследаванняў у Амерыцы, напісаў першы ў гісторыі касманаўтыкі падручнік па паліве для ракетных сістэм, які быў станоўча ацэнены ва ўсім свеце. І я быў заўсёдным дэлегатам усіх міжнародных кангрэсаў па астранаўтыцы, дзе выступаў з дакладамі і паведамленнямі.

***
Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 у Пецярбургу.
Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудскай гімназіі. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. З 1933 г. выкладаў матэматыку ў Беларускай гімназіі ў Вільні, а ў 1939 г. стаў яе дырэктарам. У 1940 г. заняў пасаду акруговага інспектара Баранавіцкай навучальнай акругі, арганізаваў пачатковыя і сярэднія школы ў Баранавіцкім, Слонімскім, Валожынскім і Ваўкавыскім раёнах. Аднавіў Беларускую гімназію ў Навагрудку.
У часы гітлераўскай акупацыі быў дырэктарам школы ў Лебедзеве, гімназіі ў Паставах і гандлёвай школы ў Маладзечне, навучанне ў гімназіях ратавала моладзь ад вывазу ў Германію. Многія вучні былі удзячныя яму за настаўніцкую дзейнасць. Нейкі час быў у нямецкай турме, выжыў.
Улетку 1944 г. выехаў у Германію, у 1947 г. прыехаў у ЗША. Адзін са стваральнікаў беларускага асяродка ў Саўт-Рыверы. Кіт разам з Франакам Шаўроўскім, Лангінай і Уладзімірам Брылеўскім, Міхасём Сенькам запрашалі беларусаў з Нямеччыны ў Саўт-Рывер, шукалі ім жыллё, працу. Такім чынам паўстаў беларускі асяродак з царквой, які паспяхова дажыў да нашага часу.
У 1950 г. Кіт пераехаў у Лос-Анджэлас, дзе таксама спрычыніўся да арганізацыі беларускага жыцця.
З сярэдзіны 1960-х удзельнічаў у касмічных праектах, у выніку чаго пакінуў грамадскую дзейнасць.
З’яўляецца акадэмікам Сусветнай акадэміі астранаўтыкі (Парыж), членам Амерыканскага астранаўтычнага таварыства.
-
Яна прыняла іслам, а ён палюбіў дранікі. У Магілёве пабраліся шлюбам беларуска і пакістанец
-
У Гомелі жанчыну выселілі з інтэрната проста на вуліцу. Яна маці двух дзяцей, але гэта ў залік не пайшло
-
Пайшоў у банкруцтва рэстаран, які належаў сям'і Зінгмана. Даўгоў больш чым на мільён даляраў, а маёмасці на 389 рублёў
Каментары