За колькі дзён да парлямэнцкіх выбараў у Беларусі польскі часопіс «Polityka» надрукаваў артыкул пра пакаленьне маладых беларусаў, расчараваных у апазыцыі.

Аўтарка артыкулу «Дваццацігадовыя канфармісты» Катажына Квяткоўская, вядомая па працы над кнігай пра студэнтаў-каліноўцаў «Кастусёў дзёньнік», паспрабавала адшукаць прычыну падкрэсьленай апалітычнасьці большасьці беларускай моладзі.

Яна робіць экскурс у найноўшую гісторыю Беларусі – ад развалу СССР і набыцьця нашай краінай незалежнасьці, да нашых дзён.

Прорва паміж дваццацігадовымі, якія не мелі шанцу пабачыць дэмакратаў на піку іх моцы (вулічныя акцыі 1996-га году), і апазыцыяй пашыраецца. Ня выратаваў сытуацыю і Аляксандар Мілінкевіч, які на ўздыме вясны 2006 году на кароткі час падарыў моладзі надзею на перамены. Паводле К. Квяткоўскай, Мілінкевіч урэшце вярнуўся да «звыклай моўна-сьцягава-айчыннай формулы», бо «трэ было нешта казаць».

Сёньняшнія дваццацігадовыя беларусы ўнікаюць палітыкі, піша «Polityka». Яны купляюць аўто, падарожнічаюць па замежжы і ня лічаць рэжым такім дрэнным, як гэта бачыцца апазыцыі. Тым больш, што ў адрозьненьне ад апошняй, улада дэманструе здольнасьць да прыняцьця нечаканых рашэньняў. Як, напрыклад, вывад зь ценю забароненых гуртоў.

Аўтарка рэзюмуе: старая апазыцыя перагарэла, праспала свае шанцы і няздольная ўспрымаць канструктыўную крытыку на свой адрас. Патрэбная новая формула – нешта большае, чым сьцяг і мова. Час рамантыкаў незваротна мінуў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?