04.02.2018 / 11:05

Беларус стаў найлепшым міжнародным дактарантам у Польшчы 2

Конкурс «Interstudent» праводзіцца ў Польшчы з 2009 года сярод замежнікаў, якія навучаюцца ў польскіх універсітэтах. Кожны год выбіраецца адзін найлепшы студэнт у трох катэгорыях: бакалаўрыят, магістратура і дактарантура. Лепшым дактарантам сёлета стаў гродзенец Уладзімір Леванеўскі, які вывучае эканамічную інфарматыку на факультэце інфарматыкі і электроннай эканомікі Эканамічнага ўніверсітэта ў Познані, піша TUT.BY.

Журы конкурсу ацэньвала актыўнасць намінантаў у студэнцкім жыцці, іх навуковыя даследаванні і вынікі вучобы.

На сайце Эканамічнага ўніверсітэта ў Познані паведамляецца, што Уладзімір Леванеўскі праводзіць навуковыя даследаванні, якія датычацца якасці інфармацыі дадзеных у розных моўных версіях «Вікіпедыі», а таксама інфармацыі, якая змяшчаецца ў семантычнай базе дадзеных DBpedia. Цікавіцца малады чалавек і развіццём крыптавалют.

Ва Уладзіміра больш за 10 навуковых публікацый на польскай і англійскай мовах, больш за 20 рэфератаў, з якімі ён выступаў на польскіх і міжнародных канферэнцыях. У 2017 годзе яго праца стала найлепшай на міжнароднай канферэнцыі ICIST.

Са студзеня гэтага года Уладзімір з’яўляецца старшынёй Савета дактарантаў універсітэта.

Найлепшым замежным студэнтам бакалаўрыяту стала прадстаўніца Казахстана Айгер Балхашбаева, якая навучаецца ва Універсітэце сацыяльнай псіхалогіі і гуманітарных навук у Варшаве. Найлепшым магістрантам стала студэнтка афганскага паходжання з Францыі, якая вучыцца ва Уроцлаве.

Усяго ў Польшчы навучаюцца 72 тысячы замежных студэнтаў з 166 краін свету.

Уладзімір Леванеўскі нарадзіўся 28 студзеня 1986 года ў Гродне. У 2010 годзе скончыў факультэт матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Праз два гады — факультэт права і адміністрацыі ўніверсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані, атрымаў навуковую ступень магістра кіравання. З 2012 года — аспірант (дактарант) на кафедры інфармацыйных сістэм Эканамічнага ўніверсітэта ў Познані

0
Андрусь / Адказаць
04.02.2018 / 16:04
Малайца,годна!
6
sum / Адказаць
04.02.2018 / 19:57
Беларус і пачак пакімонаў.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру