26-гадовы хлопец, які падазраецца ў здзяйсненні нападаў на жанчын з нажом, затрыманы 3 лютага каля другой гадзіны ночы аператыўнымі супрацоўнікамі ГУУС Мінгарвыканкама, паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі.
Мужчына нападаў на жанчын у мікрараёне Серабранка. Пагражаючы нажом, спрабаваў згвалціць ахвяру, а таксама забраць яе рэчы. У студзені ў лясным масіве на вуліцы Якубава была згвалтаваная 18-гадовая дзяўчына, а ў дачыненні да яшчэ дзвюх жанчын спробы нападу не былі даведзены да канца: перашкодзілі людзі, што праходзілі міма.
Падазраваны быў затрыманы на вуліцы Малініна. У маладога чалавека быў знойдзены кухонны нож.
Знаходзячыся ў раённым упраўленні, малады чалавек прызнаўся ў злачынстве і раскаяўся. Супрацоўнікам міліцыі ён патлумачыў, што здзяйсняў злачынствы дзеля сэксуальнага задавальнення і матэрыяльнага ўзбагачэння. Для таго, каб увесці супрацоўнікаў міліцыі ў зман, зламыснік пераапранаўся ў розную вопратку, а бачныя татуіроўкі хаваў пад адзеннем.
Затрыманаму 26 гадоў, раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад вайсковай службы, афіцыйна нідзе працаўладкаваны не быў, часам падпрацоўваў на аўтамыйцы.