Апавяданьне. Пераклала з украінскай Наталка Бабіна.

1947

(па вайне)

Карнілё з шэрым — як зрэб’е — тварам узнік на ганку хаты Шандраў папаўдні. Падперазаны шырокім скураным пасам з выбітай пасярэдзіне зорачкай. Чамусьці бяз шапкі і звычнага вайсковага пляншэту цераз плячо.

Выглядаў, бы птушка, якую раптам злавіў, а потым таксама раптам адпусьціў шуляк.

І

«Слава Ісусу!» — сказаў Карнілё ўсім Шандрам, і толькі старэйшы зь сям’і, бацька Васіль, чамусьці ні да печы ні да рэчы адказаў «Сапраўды ўваскрос!»

Ніхто на яго ані глянуў, ані зьдзівіўся зь яго адказу.

Чацьвёра дзяцей — Варварка, Фядусь, Дунусь і Мікалайчык, — мама Кацярына ды дзед Іван глядзелі не адрываючы вачэй на Карніля так, нібы той зьбіраўся ўзарваць тут, у хаце, бомбу.

Але Карнілё толькі сказаў «Навекі слава», а потым сказаў «Васілю...».

Бацька зірнуў на сваіх сямейнікаў — і іх вымела з хаты, бы бомба ўсё ж сапраўды разарвалася.

— Васілю... — яшчэ раз паўтарыў Карнілё, і абодва селі на лаўку пад жэрдкаю, дзе сушыліся зёлкі, вянкі кукурузы і часнаку ды сьвяточная вопратка.

Двойчы паўторанае Карнілём «Васілю» не веставала нічога добрага.

Карнілё даўно паклаў вока на Шандраву Варварку, але па цяперашніх законах Варварчыны малыя гады яшчэ не дазвалялі ім пабрацца.

Раней яны маглі б узяць царкоўны шлюб, але раз сам панойча служыць цяперашняй сатане, а Карнілё стаў рассыльным у сельрадзе, яны мусілі строга трымацца парадкаў.

Васіль глядзеў зараз на Карніля і разумеў, што, мусіць, спарахнелі яго надзеі на гаспадарлівага зяця.

Зямелька пойдзе да калгасу;

Карніля заарканяць маскалі ды якая пышлівая дзеўка;

а ягоная Варварка будзе сядзець у гэтых пагарбках, дзе з мужчынамі засталіся толькі дзьве хаты і дзе няма ніводнага хлопца, з далоньню, дашком прыкладзенай да ілба і з граблямі ў другой руцэ — выглядаючы з плаю — гэтых пакатых схілаў гор — ці ня прыйдзе яе лёс;

і будзе сівець у дзеўках — пры гаспадарцы і здароўі, зганьбленая перад усім сьветам раптоўным адступленьнем Карніля.

Двое мужчын — што быкі, якія вось-вось маюцца зьбіць рогі адзін аднаму, зноў сталі пасярод хаты, і кожны чагосьці чакаў ад другога.

— Заўтра па вас прыйдуць, Васілю... — вымавіў Карнілё і апусьціў цяжэнны жалезны ланцуг на Васілёвы плечы.

— За што?! — Васіль задыхнуўся; з галавы імгненна выветрыліся згадкі пра Варварчына дзявоцтва.

— За тое, што Шандры, больш ні за што.

— Як так? — Васіль усё яшчэ ня мог нават уздыхнуць глыбока, так сьцяла дух.

— Вось так... — толькі і адказаў Карнілё.

А справа была такая.

У сельраду на заўтра прыйшла разнарядка на дэпартацыю — для ачышчэньня тэрыторыі ад бандфарміраваньняў ды іх пасобнікаў: зь Белага Патоку — дзесяць сямей.

У раён адправілі сьпісы прозьвішчаў.

А Пятро Шандро, той, пра якога кажуць — Кульгавы, адкупіўся. Нават ня ён адкупіўся, а ягоная жонка, якая круціць з загадчыкам заготовительной конторы...

...Але сьпісы пайшлі ўжо ў раён.

А ў таго Пятра Кульгавага — сямёра душ народу ў сям’і. Вось сёньня ад ранку і ламалі галовы ў сельрадзе — кім замяніць Кульгавага... Бо замяніць трэба не на абы-каго — а на Шандра зь сям’ю душамі дамачадцаў.

Нарэшце ўспомнілі пра таго, што ў Рыжах, то бок пра вас, Васілю. Дабірацца сюды, праўда, доўга, паўдня, затое ўсе сем душ. І ўсе Шандры.

І яшчэ што: Карнілё тут ня быў, Васілю нічога не казаў. А вы сабе думайце, што рабіць. А як не — зьбірайце манаткі ды закопвайце ў акопе за пасавіскам. Як калісьці вернецеся назад у Рыжы — адкапаеце. Ну, а калі не — хай лепш яны гніюць у зямлі, чым сатана разьбірае людзкое дабро. Як ужо хочаце знаць, Васілю, я толькі праз сваю маму не іду да лесу, бо таксама вывезуць у Сібір, а маме дні лічаныя засталіся і без таго... Дый думаю такі браць вашу Варварку...

— А хто прыходзіць забіраць на высылку? — спытаўся Васіль Шандро, гледзячы сабе пад ногі.

— Двох-трох з МГБ і адзін зь сельрады са сьпісам і пратаколам... У Сіруку засталося толькі дзьве гаспадаркі з шаснаццаці хат, Васілю!

— А то я ня ведаю... а то мне самому пуп рэзалі не ў Сіруку... А цяперака бяжы, Карнілё, у сяло, бо як здагадаюцца, што ты тут быў, то ўжо нічога не дапаможа. А калі ўдасца, то прыходзь заўтра зь імі... — сказаў Шандро і абхапіў галаву рукамі.

Сядзеў так добрую гадзіну, а потым гукнуў:

— Дзеці, хадзіце сюды! Будзем раіцца. Бо няма калі...

ІІ

Дунусь сядзеў на буку з досьвітку.

З бука ў адзін бок была бачная ўся іх сядзіба, гражда — вялізная Шандрова гаспадарка, абнесеная плотам з моцнага часанага дрэва з высокаю разьблёнай брамаю, вялікая гуцульская хата, з дрэва, з высокім дахам, з аздобленым разьбой ганкам, у другі бок — ляжаў плай, ляжала дарога ў горы, адкуль мелі паказацца заготовители чалавечых душ, у гэты дзень — іхніх, Шандравых. А далей — як вокам ахапіць — вяршыні бязьлюдных гор у сьвежай ранішняй смузе. І няма ім канца-краю.

Як толькі Дунусь запрыкмеціць хоць нязначны рух на дарозе, ён мусіць загаўкаць лісіцаю;

як толькі чалавек які-небудзь пакажацца на дарозе — хлопец павінен узьняць гармідар на ўвесь хутар:

стракатаць сарокаю;

трубіць аленем;

брахаць сабакам

і кукарэкаць пеўнем.

З досьвітку і дагэтуль паўсюль было ціха і бязьлюдна — і Дунусь перавёў погляд з дарогі на двор.

Двор быў мірны, амаль сонны — але яму стала страшна, аж моташна:

тата сядзеў на прызьбе пад хатаю і не выпускаў з рота люлькі;

дзед Іван сядзеў поруч, абапіраючыся на трэмбіту;

брат Фядусь прымацоўваў на кросны абчасаныя дошкі;

сястрыца Варварка скубла засечаных курэй;

і толькі маленькі Мікалайчык, трымаючыся аберуч за галаву, хістаўся, бы п’яны ці дурнаваты, у расчыненай наўсьцяж браме.

Жарабец Дунуся, Апрышак, нэрвова стрыг вушамі каля Мікалайчыка, а мама Кацярына — апранутая, як да вянчаньня, — у вышытай, як выпісанай, чорным крыжыкам кашулі, у кептары, завіўшы — як маладзіца — найпрыгажэйшую — велікодную — хустку, несла праз двор драўлянае вядро — конаўку — з вадою.

У гэтай карціне, што адкрылася Дунусю з буку, было нешта такое ненатуральнае і фальшывае, што хлопец аж застагнаў, ведаючы, што мае быць далей.

Але, тым ня менш, ясна сьвяціла сонейка.

Але, тым не менш, мякка жаўцела пад сонейкам сухая трава, і яе скублі авечкі ды ягняты.

Але двое коней гулялі пад елкаю на пасавіску.

Але карова лізала бычка каля карыта з вадою.

І хлопец у лістоце бука ірвануў сябе за валасы: гэта ён, Дунусь, ці, можа, ужо ня ён? Ён. І яшчэ нічога ня скончылася, усё яшчэ толькі мае адбыцца.

Трэба было ўсё ж адправіць малога Мікалайчыка ў Сірук да дзядзькі Ануфрыя — хто яго ведае, як тут усё павернецца.

Але тата сказаў «не!» — і Дунусь добра вычысьціў акоп на зарослай лесам аж па самую вяршыню гары, які застаўся яшчэ ад аўстрыйскай вайны, выслаў дно тоўстым слоем ігліцы і схаваў там для малога трохі ежы, а замест вады могуць быць чарніцы — гара засеяная імі, як зоркамі.

Тата доўга наказваў Мікалайчыку, што ён мае рабіць, калі з боку дарогі загаўкае лісіца; малы нібыта разумеў, ківаў галавою, гледзячы ў зямлю, але ў Дунуся чамусьці халадзела ў грудзёх ад аднаго ўяўленьня, як Мікалайчык, прыпадаючы на карацейшую правую ножку, намагаецца дабегчы да схованкі хутчэй, чым Дунусь учыніць з буку гармідар, а тады і сам папляцецца са сьвежаструганымі жэрдкамі ў браму.

...Ужо недзе пад палудзень у плаю загайдаліся ляшчыны і вецер данёс людзкія галасы, і Дунусь, сьпяшаючыся, і таму ня вельмі ўдала, зацяўкаў лісіцаю. Хлопец яшчэ раз зірнуў на двор.

Мікалайчык усё стаяў у браме. Тата і дзед перахрысьцілі маму, і яна бегма пабегла ў хату. Там адразу параскрываліся ўсе вокны і пачуўся Варварчын плач і енкі.

Далёка ўнізе з арэшніку выходзілі на дарогу трое людзей, і Дунусь, сасьлізнуўшы з дрэва, затрубіў аленем і забрахаў сабакам. Але сакатаць сарокаю і кукарэкаць пеўнем, як было дамоўлена, не прыйшлося: на двары цяжка затрэмбітала трэмбіта — і хутар адразу ж азваўся спалохана.

Ля курніка кудахталі куры;

на пасавіску іржаў конь;

з-пад хлява мыкаў бычок;

заліваўся адчайным брэхам сабака.

Дунусь нёс дадому смалістыя жэрдкі, і яны дрыжалі ў руках: малы Мікалайчык, замест таго, каб бегчы ў схованку, як скамянеў у браме; ніхто, здавалася, у гэты момант ужо ня памятаў пра дзіцяня з кароткай ножкай.

— Мікалайка, братачка, — папрасіў яго Дунусь у самае вушка, — бяжы на гару і рабі, як сказалі татка... бяжы, бо хутка будзе позна... бяжы, я пачакаю тут, пакуль схаваесься.

— Дуну... — малы ўскінуў вялікія, поўныя сьлёз вочы на Дунуся. — Я застануся з вамі... ня бойся... я буду толькі плакаць, а больш нічога... скажаш мамцы, каб не баяліся.

Дунусь ня меў сілы азірнуцца, каб паглядзець, як далёка іхнія заготовители. Зайшоў у двор разам зь Мікалайчыкам і, хрысьцячыся, упаў на калені перад дзедам Іванам, які выдзімаў з трэмбіты такую чорную і глыбокую тугу, што камяні маглі б загаварыць, а сэрцы акамянець — і так дробна-дробна трэсьліся старэчыя рукі, нібы падпіралі целам трэмбіты ці то толькі сядзібу, ці то наогул усе-ўсенькія навакольныя горы.

Дзед стаяў пасярод падворку, зьвяртаючыся плачам трэмбіты на чатыры стараны, як бы клічучы на дапамогу ўвесь белы сьвет, які цяпер ня мог азвацца нічыім жывым голасам, акрамя іржаньня каня ды кудахтаньня курэй.

Дзед быў стары і белы, як ранішні туман.

Вецер разьвейваў яго доўгія непакрытыя валасы, і тонкая дарожка ад сьлязы хавалася ў белых вусах.

— ...Мамка наша саладзенькая... — галасіла Варварка праз адчыненыя вокны хаты, а паміж яе плачам роўна ліўся Псалтыр — «дзіўныя справы твае, Госпадзе...» — тонкім галаском Фядуся.

Двое чужых людзей у вайсковай форме і са зброяй, а зь імі Карнілё зь сельрады стаялі ў варотах.

Дунусь зьбіваў насілкі з прынесеных жэрдак.

Дзед Іван, у апошні раз цяжка загаласіўшы трэмбітаю, ішоў, пахілены, да прызбы.

Мікалайчык, абхваціўшы галаву, як дурнаваты ці п’яны, зноў хістаўся ля ганку.

Тата Васіль выводзіў са стайні асядланага каня, але, заўважыўшы людзей у браме, спыніўся перад імі, нізка пакланіўся і сказаў:

— Я толькі што зьбіраўся паслаць хлопца ў сяло да панойча ды і ў сельраду...

Двое ў вайсковым чухалі патыліцы.

Карнілё пераводзіў вочы з Шандра?\ на вайсковых, з вайсковых на Шандра, нібы хацеў нешта сказаць.

А татка Васіль гаварыў, няўцямна, як мармытаў:

— Жонка сёньня памерла, сканчалася, нябога. Дамавіну толькі што зрабілі. Родзічам трэба наказаць. Дзяцей малых пакінула... бедная мая галава. Людзей — анікога. Хто да цела прыйдзе ў такую далячынь? Хай Бог бароніць, такога задала мне на галаву клопату...

Дзед зноў выдзімаў журбу з трэмбіты на прызьбе.

Варварка прычытала над целам.

Фядусь чытаў Псалтыр.

Дунусь ладзіў на стале посуд для памінак.

Мікалайчык хістаўся, не адпускаючы галавы.

— Э-э-э... тут такая справа... — пачаў старэйшы з вайсковых.

Шандро схіліў галаву.

— Ого-о-о, гэта ня справа, пане-таварыш, гэта гора горкае, гэта сьлёзы крывавыя, што я буду рабіць без сваёй гаспадыні з дробнымі дзеткамі і старым татам у гэтых скалах, хіба самому памерці застаецца... дзеўка ў хаце нявыданая. О-о-ох, чорная згрызота... — Шандро выцер сьлязу.

— Хм... — кашлянуў другі вайсковец і паглядзеў на Карніля.

Той закашляўся таксама.

— Несвоечасова памерла ваша жонка, Шандро, несвоечасова, — нарэшце вымавіў вайсковец.

— Ой, дарагі чалавеча, — уздыхнуў Васіль, — сьмерць прыходзіць ад Бога, таму яна заўсёды своечасова. Але прашу, хадзем, памянуць душу нябожчыца, па звычаю. Можа, зойдзеце ў хату?

Старэйшы вайсковец пільна зірнуў у твар Васіля.

— Па тутэйшым звычаі спачатку моўчкі ідуць да нябожчыка, а ўжо потым — памянуць. Хм...

— Бачыце, дарагія людзі, такое закалацілася ў гэтым сьвеце, што хутка забудзеш, як цябе завуць і дзе табе пуп рэзалі. Так што і звычаі перайначваюцца патроху.

Прышлыя адышлі троху ў бок і пра нешта ціха загаварылі між сабою — здаецца, раіліся, што рабіць.

Бацька Васіль зайшоў у хату, а за ім прасьлізнулі і Дунусь зь Мікалайчыкам.

Дзед зноў узяўся за трэмбіту.

— Мамка нашая салодзенькая, радасьць нашая ўсьцешная... Нашто нас асірацілі, у бядзе, нястачы пакінулі... — усхліпвала Варварка, то прыпадаючы да матчынага цела, то абстаўляючы нефарбаваную труну валошкамі і рознымі зёлкамі, такімі шматлікімі, што, падавалася, яны хутка зусім закрыюць нябожчыцу, пакінуўшы адкрытым толькі твар, што бялеў пад пышнымі складкамі прыгожай хусткі.

На лаве пад вакном патрэсквалі сьвечы ў місках з пшаніцаю.

Фядусь галосна чытаў Псалтыр.

Бацька Васіль чамусьці мітусіўся, гойсаў па хаце, то папраўляючы незапаленую сьвечку ў руках нябожчыцы, то капу на вечку дамавіны.

— Нядобры гэта знак, Васілю... — сказаў дзед Іван, увайшоўшы ў пакой і праходзячы перад вайскоўцамі і Карнілём. — Бачыш, правы бок твару зачырванеўся. Нядобры... На хуткага нябожчыка, ой-ёй, Божа міласэрны...

Карнілё кінуў у труну дробныя капейкі і голасна прачытаў «Ойча наш».

Быў момант, калі гаварылі ўсе разам: Варварка прычытала, Фядусь чытаў Псалтыр, а Карнілё — «Ойча наш».

У хаце жмукалі авадні ды мухі.

Знадворку іржаў конь.

Патрэсквалі ды гасьлі сьвечкі.

Пахла ладанам.

Малы Мікалайчык, кульгаючы мацней, чым звычайна, на правую нагу, стаў з другога боку дамавіны, насупроць Варваркі, і раптам упаў на маміны рукі, ускрыкнуў не сваім голасам:

— Ёй, мамка... Уставайце, мамка... Дзеці па вас плачуць... Мікалайчык ваш плача, навошта вы кінулі Мікалайчыка, мамка... вазьміце яго з сабой... — ды й ссунуўся на падлогу.

Васіль кінуўся да сына і схапіў яго на рукі:

— Мікалайчыку, сынку, будзе, будзе... Не пужай людзей, хлопчыку мой, Мікалайчыку...

Карнілё адліваў дзіця вадой.

Дзед Іван дудзеў і дудзеў у трэмбіту знадворку.

Варварка жагналася, галосна прыгаворваючы: «Госпадзе, прабач нас, грэшных, памілуй нас, грэшных...»

Фядусь выправаджваў вайсковых з хаты, а Дунусь накрываў на стол на двары.

— ...Скажу вам, Шандро, што своечасова памерла ваша жонка Марыя, — востра глянуў на гаспадара старшы вайсковы.

— Кацярына... — паправіў яго Шандро.

— Хай будзе Кацярына... Зямля ёй пяром... — чалавек у вайсковай форме нёс да рота ножку смажанай курыцы. — Бо мусіла б зараз зьбірацца ў далёкую дарогу з вамі.

— Ой, у далёкую, далёкую дарогу сабралася мая Кацярына... У далёкую, пане-таварыш... Толькі на гэты раз безь мяне.

— Хм. Маеце шчасьце на сьмерць, Шандро. Кажыце малітву за сьмерць, якая ўратавала ўсіх вас, — утрушчыўся ў размову напарнік старшага, заядаючы чарку гарачымі галубцамі. — А я яшчэ і не каштаваў тут у вас у гарах гарэлкі на пахаваньні. Добра кажаце, Шандро, што звычаі мяняюцца.

Карнілё ня еў і ня піў, толькі перастаўляў талеркі і бубніў сабе пад нос «ня думаў я, ня думаў...». Ці, можа, гаварыў што іншае, але пра гэта не дазнаемся, бо паражнелі пляшкі і гарнцы. Маўчала трэмбіта і маўчаў Фядусь, пакінуўшы Псалтыр. Толькі чамусьці іржалі коні і рыкала на пасавіску быдла. Сакаталі сарокі і грымеў ланцугом сабака.

Пасярод падворку Дунусь гладзіў малога Мікалайчыка па галоўцы і шаптаў яму штосьці на самае вушка.

Варвара раз-пораз хрыпела ў расчыненае вакно нейкія жалобныя словы, аднак, акрамя Карніля, яе ўжо ніхто ня слухаў.

Тата Васіль ішоў за трыма мужчынамі аж да ворыва за пасавіскам, так, нібы праводзіў гасьцей зь вясельля, а не з памінак.

ІІІ

Дунусь пайшоў зноў да буку неахвотна, нага за нагу, бо быў упэўнены: няма патрэбы лезьці зноў наверх — ніхто з заготовителей і не падумае вяртацца назад да Шандраў.

Але тата сказалі.

Дунусь толькі пасьпеў уладкавацца на галіне, як зноў застагнала з двара трэмбіта — і хлопец ледзь не зваліўся з дрэва.

А калі сьляпы і аглухшы ад страху ён стаў на ганку вялікай прыгожай хаты, дзе мама ўжо мела ўстаць з труны, то зь цяжкасьцю пазнаў тату Васіля: перакрыўлены з твару, той ірваў на сабе валасы. Малы Мікалайчык, мамін улюбёнец, хукаў і дзьмухаў на маміны рукі і голасам, падобны на той, якім сычыць параненая гадзюка, прасіў: «Уставайце, мамка, уставайце...»

Дунусь таксама прыпаў далонямі да матуліных рук, складзеных на жываце.

Яны былі ўжо халодныя.

Ліпень, 1996, Растокі на Букавіне.

Пераклала Наталка Бабіна

* * *

Марыя Маціёс — украінская пісьменьніца, аўтарка кніг «Життя коротке», «Нація», «Фуршет від Марії Матіос», «Бульварний роман», «Солодка Даруся», «Щоденник страченої», «Містер і місіс Ю. в країні укрів», «Майже ніколи не навпаки», «Москалиця», уладальніца шматлікіх літаратурных прэмій. Яе творы перакладаліся на ангельскую, кітайскую, японскую, расейскую і іншыя мовы сьвету. Па-беларуску друкуецца ўпершыню. Апавяданьне апублікавана з ласкавай згоды аўтаркі.

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0