Гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч Зміцер Дрозд у год 210-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча выдае ўнікальную кнігу.

Гэта вынік некалькіх год працы ў архівах. У кнігу ўвайшлі свежыя знаходкі, якія прыўздымаюць заслону таямніцы з біяграфіі класіка нашай літаратуры і звязваюць яе з вялікімі падзеямі айчыннай і еўрапейскай гісторыі.

Гэта займальнае чытво для ўсіх, каму цікавыя сюжэты літаратурныя, гістарычныя, дэтэктыўныя, крымінальныя, меладраматычныя…

Кнігу (і не толькі яе!) можна атрымаць, далучыўшыся да краўдфандынгавай кампаніі на платформе Taklaka.by.

«Гэта сёмая мая кніга - і ўсе папярэднія выходзілі за асабістыя грошы аўтара, — кажа Змицер Дрозд. — Але тады аўтар працаваў на працы, а кнігі пісаў у вольны час. Праца ў архіве — гэта 8—10 гадзін кожны дзень, потым апрацоўка выпісак, напісанне артыкулаў. Цалкам немагчыма працаваць у архіве і зарабляць яшчэ недзе…

Кніга «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча» фактычна гатовая, ужо выйшаў сігнальны асобнік. Справа за малым: праверка і друк. Наклад будзе залежаць ад сабраных сродкаў, сам аўтар за свае грошы зможа выдаць толькі 50 асобнікаў.

Усё пачалося з выяўлення раней невядомага факту, што Вінцэнт ужо ў 1835 годзе трапіў у Мінскі турэмны замак… Я задаўся пытаннем: а наколькі поўна даследаваныя дакументы і ці ўсё знойдзена? Я вывучыў усё, што было напісана пра нашага класіка, і ўбачыў, што многія кнігі і артыкулы пра яго — гэта, хутчэй, літаратура, чым гісторыя літаратуры. А дакументаў аб ранніх гадах самага Марцінкевіча, тым больш, яго бацькоў, блізкіх — не было наогул.

Для мяне было цікавым больш шырокае пытанне — тое, што я назваў «цяжарам канчатковай вывучанасці». Гэта калі даследчыкі, упэўненыя, што «ўсё ўжо знойдзена», нават не браліся за новыя пошукі біяграфіі і не ўдакладнялі факты такіх зорак, як мой герой, якія ўжо трапілі ў энцыклапедыі і падручнікі. З часам прыйшоў азарт — практычна кожны паход у архіў прыносіў новыя дакументы. Атрымалася адказаць на многія пытанні і абвергнуць шматлікія аксіёмы.

Дзясяткі фактаў з біяграфіі «самага вядомага беларускага класіка» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якія ўжо трапілі ў падручнікі і энцыклапедыі, з'яўляюцца памылковымі. Нават само прозвішча «Дунін-Марцінкевіч» было прыдумано самім Вінцэнтам у 1835 годзе і ніколі да гэтага не выкарыстоўвалася ні ім, ні яго блізкімі.

Ці быў ён з беднай сям'і? Ці выкрадаў 14-гадовую нявесту? Як яго пахавалі пры жыцці? Ці быў ён сіратой, і калі памерлі яго бацька і маці? Як звязана яго жыццё са Слонімам, Слуцкам, Глускам?.. Ці быў Мітрапаліт усіх каталіцкіх цэркваў у Расеі яго дзядзькам? Як яго сям'я апынулася ў Панюшкавічах? Як пляменнік Марцінкевіча выратаваў ад смерці Адама Міцкевіча? Як ствараліся адначасова самыя дакументальныя і самыя фантастычныя творы мастацтва і навукі — дваранскія радаводы? Калі за што Марцінкевіч трапіў у турму ў першы раз? І ці быў ён там другі раз? А таксама дзясяткі іншых адказаў — у кнізе «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0