07.02.2018 / 20:35

Колькі медалёў возьме Беларусь на Алімпіядзе? 23

9 лютага ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане стартуюць XXIII Зімовыя Алімпійскія гульні. Ужо ў сёмы раз Беларусь возьме ўдзел у спаборніцтвах у якасці асобнай дзяржавы.

У 1994-м у Ліліхамеры ў скарбонцы нашай каманды было два срэбныя медалі (канькабежац Ігар Жалязоўскі і біятланістка Святлана Парамыгіна). Алімпіяда-1998 прынесла бронзавыя медалі фрыстайлісту Дзмітрыю Дашчынскаму і біятланісту Аляксею Айдараву.

Гульні-2002 у Солт-Лэйк-Сіці запомніліся не толькі бронзай Аляксея Грышына ў фрыстайле, але і бліскучай гульнёй хакеістаў, якія занялі чацвёртае месца. Турын-2006 прынёс Беларусі адно срэбра — у асобе фрыстайліста Дзмітрыя Дашчынскага.

Алімпійскія гульні ў Ванкуверы сталі гістарычнымі для Беларусі. Першы залаты медаль для нашай краіны заваяваў фрыстайліст Аляксей Грышын. Нечаканым срэбрам адзначыўся біятланіст Сяргей Новікаў, а маладая Дар’я Домрачава змагла ўзяць бронзу.

Нарэшце, мінулая Алімпіяда ў Сочы стала самай паспяховай для нашай краіны. Бліскучая Дар’я Домрачава ўзяла аж тры залатыя медалі! Яшчэ па адным кругляшы найвышэйшай пробы ў Мінск прывезлі фрыстайлісты Антон Кушнер і Ала Цупер. А была ж яшчэ бронза ў біятлоне ад Надзеі Скардзіна.

У Пхёнчхан адправілася 33 беларускія спартсмены, якія выступяць у шасці відах спорту. Нашы атлеты будуць прадстаўленыя ў біятлоне, фрыстайле, горных лыжах, канькабежным спорце, лыжных гонках і шорт-трэку.

Букмекерская кантора «Марафон» ацэньвае шанцы беларусаў на заваяванне хаця б аднаго залатога медаля прыкладна 50 на 50.

Калі вы верыце, што беларускі спартсмен падымецца на найвышэйшую прыступку п'едэстала — грошы можна павялічыць у 1.85 разоў (у выпадку поспеху). Адпаведна, каэфіцыент на тое, што зборная Беларусі вернецца дадому без адзiнага залатога медаля, — 1.95.

Пра перспектывы нашых спартсменаў у Паўднёвай Карэі мы паразмаўлялі з алімпійскім аглядальнікам сайта by.tribuna.com Вадзімам Кнырко. Варта адзначыць, што Вадзім дастакова ўпэўнены ў добрых перспектывах беларусаў.

«У мяне ёсць два сцэнары развіцця падзей: 1. Медалі возьмуць тыя, ад каго іх чакаюць, — Домрачава і Кушнер. 2. Стрэліць нехта з невідавочных фаварытаў», — кажа Вадзім.

На думку эксперта, медалёў ад Домрачавай можна чакаць дзе заўгодна: спрынт, пагоня, масстарт. Хіба што сёлета яна не брала ўзнагарод у самай доўгай гонцы — індывідуалцы.

«Па сезоне бачна, што Домрачава на галаву мацнейшая за астатніх атлетак. Калі раней яна часта перамагала выключна праз сваю хуткасць, то цяпер можа браць і тактыкай. Я спадзяюся, што Дар’я можа прынесці Беларусі 1—2 залатыя медалі», — кажа Кнырко.

Някепска ацэньваюцца перспектывы беларусак і ў эстафеце. «Па сутнасці, мы маем траіх высакакласных атлетак: Домрачава, Скардзіна і Крыўко. Усе яны ўжо нават сёлета бралі медалі на этапах Кубка свету. Тонкай з’яўляецца чацвёртая пазіцыя. Паглядзім, на каго зробіць стаўку трэнер: на Пісараву ці больш маладую Алімбекаву».

Сярод іншых фаварытаў Кнырко называе ўкраінак, якія маюць сясцёр Семярэнка і Юлію Джыму, маладых французак, а таксама немак з вельмі моцнай Дальмаер і былой лыжніцай Херман.

Шырокі спіс і канкурэнтак Домрачавай за ўзнагароды ў асобных гонках — гэта і фінка Кайса Макарайнен, і славачка Кузьміна, і ўжо названая немка Дальмаер.

Букмекерская кантора Марафон прапануе наступныя каэфіцыенты на перамогу Дар'і Домрачавай:

6.0 — перамога Дар'і Домрачавай у спрынце (10 лютага)

7.5 — перамога Дар'і Домрачавай у індывідуальнай гонцы (14 лютага)

7.0 — перамога Дар'і Домрачавай у мас-старце (17 лютага)

31.0 — перамога беларускіх біятланістак у эстафеце (22 лютага)

«Што тычыцца прыемных сюрпрызаў, то іх можна чакаць ад канькабежкі Марыны Зуевай. Яна ўжо займала месцы ў топ-6 на этапах Кубка свету. Вядома, Алімпіяда — гэта зусім іншы старт і матывацыя, але пры добрым збегу абставін ад Марыны можна чакаць месца ў першай васьмёрцы на яе кароннай дыстанцыі ў 3000 метраў. Дарэчы, пазаўзець за Зуеву можна будзе ўжо на другі дзень Алімпіяды», — кажа Кнырко.

Марына Зуева. Фота mlyn.by.

Таксама эксперт кажа, што вялікіх поспехаў не чакаюць ад Надзеі Скардзіна, але яна здольная паказаць добры вынік у індывідуальнай гонцы, якую ўжо выйгравала ў гэтым сезоне.

З цікавасцю можна назіраць за ўсёй тройкай фрыстайлістак, якія прадставяць Беларусь: Ганна Гуськова, Аляксандра Раманоўская і Ала Цупер. «Чатыры гады назад таксама ніхто не чакаў нават медалёў, не тое што «золата» ад Цупер. Цяпер сюрпрыз можа паднесці Гуськова, яна мой фаварыт сярод фрыстайлістак».

Прыгожая гісторыя з лыжнікам Сяргеем Далідовічам, які збіраў грошы на ўдзел у Алімпіядзе праз краўндфандынг. Каронная дыстанцыя Сяргея — гэта 50 км. Пройдзе гонка ў перадапошні дзень Гульняў. Пры добрых раскладах беларус можа зачапіцца за дзясятку.

На жаль, не будзе прадстаўлена наша каманда на хакейным турніры. Але хакей заўсёды лічыцца самым прэстыжным спаборніцтвам Алімпіяды. Каго можна лічыць фаварытам гэтага турніра? Вадзім Кнырко ўпэўнены, што найперш «зборную спартсменаў Расіі» і Швецыі.

«У Расіі робіцца вельмі вялікая стаўка, каб нарэшце перамагчы ў Алімпіядзе, можна сказаць, што кінутыя ўсе сілы. Цікава будзе зірнуць на мінулых пераможцаў Алімпіяды з Канады, якія будуць прадстаўленыя гульцамі не з НХЛ, а з еўрапейскіх чэмпіянатаў. Нядаўна канадцы праводзілі спарынг з беларусамі, дзе перамаглі ўсяго толькі 2:0. На маю думку, канадцы могуць аступіцца нават у чвэрцьфінале».

Аналітыкі букмекерскай канторы «Марафон» таксама лічаць зборную спартсменаў Расіі галоўным фаварытам хакейнага турніру (мужчыны). Перамога зборнай Расіі ацэньваецца каэфіцыентам 2 роўна. Для параўнання, каэфіцыент на перамогу шведаў — 5.0. Такі ж каэфіцыент і на канадцаў.

Алімпіяда скончыцца 25 лютага, агулам на ёй будзе разыграна 102 камплекты медалёў.

Тэкст падрыхтаваны пры падтрымцы букмекерскай канторы «Марафон».

Зміцер Панкавец

2
Юрась Беларус / Адказаць
07.02.2018 / 18:24
Дзве.
3
Mihal / Адказаць
07.02.2018 / 18:46
Верым! Можам! Пераможам! 
2
1000% / Адказаць
07.02.2018 / 19:27
Достанутся все медали, которые не возьмут нецентральноевропейские страны.
Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру