У снежні актывісты ініцыятывы Legalize Belarus выйшлі на вуліцы сталіцы «калядаваць». Але замест традыцыйнай зоркі на жэрдкі ўзнялі малюнак канопляў. За няўзгодненую акцыю сёння судзілі чатырох удзельнікаў шэсця, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

25 снежня ўдзельнікі ініцыятывы правялі «канапляныя Каляды»: шэсце за рэформу артыкула 328 Крымінальнага кодэкса, якім прадугледжана адказнасць за абарот наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. Па іх дадзеных, на вуліцы выйшлі каля 15 чалавек.

На актывістаў склалі пратаколы па арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Там пазначана, што ўдзельнікі «выказвалі стаўленне да легалізацыі марыхуаны ў Беларусі» з дапамогай пікету.

Працэсы над актывістамі праходзяць сёння ў судзе Цэнтральнага раёна, кажуць праваабаронцы. У выніку Пётр Маркелаў аштрафаваны на 30 базавых велічынь (735 рублёў), Юлія Швабовіч і Станіслаў Шашок - кожны на 10 (245 рублёў). У адносінах да яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі рашэнне яшчэ не прынятае

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0