12.02.2018 / 08:54

Што рабіць, калі на ноўтбук пралілася вадкасць? 15

Частая прычыны паломкі ноўтбукаў — пралітыя на клавіятуру вада, кава, піва. У многіх выпадках заліты ноўт можна адрамантаваць, але поспех залежыць ад наступных дзеянняў яго ўладальніка. «Наша Ніва» склала план дзеянняў, прытрымліваючыся якога вы павялічыце шанцы на тое, што ваша прылада вам яшчэ паслужыць.

1. Найперш выключаем

Гэта — не той выпадак, дзе трэба клапаціцца пра карэктнае завяршэнне працы аперацыйнае сістэмы. Таму першае, што неабходна зрабіць, калі вадкасць ужо аказалася на клавіятуры, — імгненна вымкнуць ноўтбук ад сеткі, а таксама дастаць з корпуса батарэю. Калі ж апошняя ўбудаваная ў корпус, трэба націснуць на кнопку выключэння прылады.

Зрабіць гэтыя дзеянні трэба як мага хутчэй, пакуль вадкасць не дасягнула «жыццёва важных» элементаў і не прывяла да кароткага замыкання.

2. Пасля выдаляем вадкасць

Як толькі ваш ноўтбук адключаны. Для гэтага (таксама як мага хутчэй) перавярніце яго клавіятурай уніз і чакайце, пакуль не сцячэ ўся вада або піва. Рэшткі вільгаці асцярожна прамакніце з дапамогай папяровае сурвэткі. Ні ў якім разе нельга націскаць на кнопкі, каб не даць вадкасці пранікнуць углыб корпуса! 

3. Сушым

Калі з прылады ўжо нічога не цячэ і звонку яна падаецца сухой, можна пакінуць яе на пару дзён у цёплым, але не гарачым, месцы. Для сушэння нельга карыстацца фенам і іншымі награвальнымі прыладамі, бо яны могуць расплавіць некаторыя элементы камп’ютара. Праз два-тры (а лепей — чатыры) дні, калі вы ўпэўненыя, што ўнутры не засталося вільгаці, можна пераходзіць да наступнага пункта.

4. Уключаць ці аддаваць у сэрвісны цэнтр?

Пралітыя на ноўтбук вадкасці можна падзяліць на два віды: неагрэсіўныя і агрэсіўныя. Да першых адносяцца вада, гарбата без цукру. Усе астатнія (кава, піва, сок, газіроўка) звычайна ўтрымліваюць соль і цукар і лічацца агрэсіўнымі, бо паскараюць працэс карозіі элементаў, на якія яны трапілі.

Калі пралітая на клавіятуру вадкасць была неагрэсіўнай, пасля сушэння можаце паспрабаваць уключыць ноўтбук. Калі працуе — ваша шчасце. Але лепш усё ж не шкадаваць грошай і праз тыдзень-другі паказаць ноўтбук спецыялістам ці хаця б зазірнуць усярэдзіну прылады (папярэдне абясточыўшы), каб запэўніць сябе, што нідзе няма іржавых падцёкаў і ненатуральных плямаў. 

У выпадку, калі была пралітая агрэсіўная вадкасць, прыладу лепей аднесці спецыялістам, якія правераць стан унутраных кампанентаў і пачысцяць іх ад бруду, які застаўся ў корпусе. Толькі так можна быць упэўненым, што ў ноўтбуку не будзе адбывацца працэс карозіі. 

5. Галоўны пункт

Безумоўна, усе пералічаныя вышэй пункты будзе карысна трымаць у галаве. Але яшчэ карысней будзе трымаць вадкасці як мага далей ад ноўтбука: не піце побач з ім, не кладзіце яго ў адную торбу з бутэлькамі і тэрмасамі, не карыстайцеся ў ваннай. Толькі гэта можа гарантаваць захаванне вашых грошай, нерваў і часу.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Сэрвіснага цэнтра «Праўша»

Ілья Параскевіч

3
т. Саахов / Адказаць
12.02.2018 / 09:06
Пункт 6. Не кладзіцеся з ноутбукам у ложак. Вы можаце яго раздавіць. Спіце спакойна і яму дайце адпачыць ад Вас.
6
Жорж Пряткін / Адказаць
12.02.2018 / 09:56
Дзякуй за парады! Буду ведаць!
4
Ганка-самагоншчыца / Адказаць
12.02.2018 / 10:51
Я б не дадумалася выключаць ад сеткі. Я б адразу пачала выціраць сурвэткамі і сушыць фенам))) дзякуй)))
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру