ТАСС

ТАСС

Пасажырскі самалёт Ан-148 «Саратаўскіх авіяліній» вылецеў з Масквы ў Орск у Арэнбургскай вобласці. На борце знаходзіліся 65 пасажыраў і шэсць членаў экіпажа. Праз некалькі хвілін пасля ўзлёту самалёт знік з экранаў радараў. Загінуў 71 чалавек.

Абломкі самалёта знайшлі ў Раменскім раёне Падмаскоўя.

Вядома, што Ан-148 вылецеў з аэрапорта Дамадзедава ў 14:21 па маскоўскім часе. Праз усяго некалькі хвілін экіпаж перастаў выходзіць на сувязь з дыспетчарам.

Не вядома, ці паведамляў пілот Ан-148 аб няспраўнасці. «Газета.Ru» са спасылкай на ананімную крыніцу сцвярджала, што пілот паспеў паведаміць гэтыя дадзеныя авіядыспетчару і нібыта павінен быў аварыйна пасадзіць самалёт у Жукоўскім. Аднак прэс-служба аэрапорта Жукоўскі паведамілі, што яго дыспетчары такіх запытаў не атрымлівалі.

Неўзабаве пасля крушэння СМІ звярнулі ўвагу на дзіўныя дадзеныя палёту Ан-148, якія зафіксаваў сайт Flightradar.

Спачатку самалёт набраў вышыню ў 1800 метраў і ляцеў з хуткасцю 600 кіламетраў у гадзіну. Але потым раптам спачатку знізіўся да вышыні 1500 метраў, затым зноў падняўся да 1800 метраў, пасля чаго, мяркуючы па ўсім, пачаў падаць. На адзнацы ў 900 метраў ён знік з экранаў радараў.

Напачатку крыніцы Інтэрфакса паведамілі, што Ан-148 нібыта сутыкнуўся з верталётам «Пошты Расіі», але ў кампаніі гэта назвалі памылкай.

«Рухавікі Ан-148 працавалі аж да сутыкнення з зямлёй, разбурэнне судна адбылося ад удару аб зямлю», — адзначыў суразмоўца РБК.

На месцы была знойдзена варонка глыбінёй 2,5 метра, дадала крыніца. Паводле яе слоў, «агляд рухавіка і элементаў механізацыі крыла дазваляе зрабіць выснову, што самалёт не разбурыўся ў паветры».

Следчыя разглядаюць усе магчымыя версіі авіякатастрофы, паведаміў раней Следчы камітэт. Крыніца РБК, знаёмая з ходам расследавання, удакладніла, што таксама разглядаецца версія тэракту.

«Гэтая версія наўрад ці будзе прыярытэтнай, бо эксперты-выбухатэхнікі, якія правялі экспрэс-аналіз часткі абломкаў самалёта не знайшлі на іх мікрачасцінкі выбуховага рэчыва», — адзначыла крыніца.

Сярод пасажыраў Ан-148 былі дзеці, а таксама трое замежнікаў. У Расіі абвешчаны дзень жалобы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0