13.02.2018 / 12:10

Лябедзька: Мне не выдаюць даведку для правоў, бо некалі я страціў прытомнасць пры падазроных абставінах 26

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька патлумачыў «Нашай Ніве», чаму не можа атрымаць новае пасведчанне кіроўцы.

Нагадаем, што нядаўна яго затрымалі даішнікі і пакаралі за язду без правоў — Лябедзька сцвярджае, што неабходныя дакументы яму не выдаюць з надуманых прычын.

«Я вяду актыўны лад жыцця: футбол, бег, ровар. Пазалетась у маі я ехаў на ровары недалёк ад Плошчы дзяржаўнага сцяга, праехаў каля купкі амапаўцаў і людзей у цывільным ды страціў прытомнасць. Памятаю, калі ачуняў, што вакол мяне мітусіліся людзі, але гэта былі не амапаўцы. У нармальны стан я прыйшоў у хуткай дапамозе. Яны сказалі, што адпусціць адразу мяне не могуць, таму адвезлі на абследаванне. Там я прайшоў тамаграфію: ніякіх адхіленняў не зафіксавана, усё ў норме. Гэта за 55 год майго жыцця быў першы выпадак, калі я страціў прытомнасць. Я спытаў у дактароў, ці магчыма такое, што нешта распылілі ў паветры, што мяне адключыла? Яны кажуць, што ўсё магчыма, але гэтага ўжо не зафіксаваць», — расказаў Лябедзька. 

Потым ён забыў пра гэты выпадак, пакуль не паўстала пытанне абнаўляць пасведчанне.

«Я паехаў у паліклініку, прайшоў усіх дактароў, а калі трэба было атрымаць даведку, раптам узніклі праблемы: «у вас там быў эпізод, калі страцілі прытомнасць». І што? Ёсць выпіска з бальніцы за той дзень, што ў мяне ўсё ў норме. Але мне сказалі, каб яшчэ раз прайшоў абследаванне. І я прайшоў — на самай дакладнай апаратуры, якая пацвердзіла, што ўсё добра. Але камісія з трох чалавек вырашыла, што не можа мне даць даведку ў сувязі з той стратай прытомнасці», — падсумаваў Лябедзька.

Ён настойвае, што ўсё гэта — правакацыі спецслужбаў супраць яго. 

«Дактары ў кулуарах казалі, што не яны прымаюць рашэнне ў маёй сітуацыі», — дадаў палітык. 

Варта адзначыць, што акурат у маі 2016 года ў раёне Плошчы дзяржаўнага сцяга адбылося здарэнне: мінскія амапаўцы сталі сведкам таго, як у раварыста нібыта здарыўся эпілептычны прыпадак, з рота ў яго пайшла пена. 

«Праваахоўнікі аказалі мужчыну першую дапамогу: расціснулі сківіцу і ўтрымлівалі язык, каб аднавіць дыханне. Праз некалькі хвілін на месца здарэння прыбыла брыгада хуткай дапамогі, якая канстатавала прыступ эпілепсіі. Медыкі адзначылі, што каб не сваечасовая дапамога міліцыянераў, то пацярпелага можна было б і не выратаваць», — цытуе БЕЛТА прэс-службу мінскага ГУУС.

30
крытычны погляд / Адказаць
13.02.2018 / 12:22
Я б на месцы Лябедзькі ўстрымаўся ад кіраваннем аўто, калі ў яго такія прыпадкі здараюцца, а то ў Менску адзін такі безадказны кіроўца страціўшы прытомнасць падчас руху збіў на смерць дзвух дзяўчын. А ў вогуле ... я быў лепшага меркавання ад ім, не сур'ёзны чалавек.
4
змагар / Адказаць
13.02.2018 / 12:23
Такія адхіленьні добра дыягнастуе цілт-тэст. У Беларусі пра яго ведаюць адзінкі дактароў.
17
! / Адказаць
13.02.2018 / 12:26
крытычны погляд,далучаюся.  
Паказаць усе каментары/ 26 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру